З якімі сістэмнымі выклікамі сутыкнулася беларуская адукацыя?


З Беларусі за два гады з’ехалі, паводле розных падлікаў, ад некалькіх соцень тысячаў да мільёна чалавек. Такія лічбы прагучалі на канферэнцыі «Развіццё альтэрнатыўнай беларускай сістэмы адукацыі ў сучасных умовах», якая прайшла ў Варшаве. Сярод тых, хто пакінуў Беларусь, і школьнікі. У новых краінах яны сутыкаюцца з цяжкасцямі адаптацыі ды немагчымасцю вывучаць у школах родную мову, культуру, гісторыю.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мы, беларусы, павінны самі арганізоўвацца, – лічыць прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння Аліна Коўшык. – Не чакаць, пакуль хтосьці гэта вырашыць за нас, самаарганізоўвацца. Можа быць падтрымка самакіравання мясцовага. Але скласціся на настаўніка, на нейкія матэрыялы навучальныя, я думаю, гэта пад сілу бацькам, якія хочуць, каб іх дзеці навучаліся на беларускай мове».

Станоўчыя прыклады такой самаарганізацыі ёсць. У Беларускай школе ў Варшаве цяпер навучаюцца блізу двухсот вучняў з розных краінаў свету. Дзеці займаюцца пераважна онлайн. Школа выступае як беларускі дадатак да абавязковага адукацыйнага працэсу.

«Вывучаем прадметы беларускага кампанента. Гэта тое, чаго няма ў іншай краіне. Скажам, беларуская мова і літаратура, гісторыя Беларусі, геаграфія Беларусі. Сусветная і айчынная мастацкая культура і некаторыя іншыя. Гэта спатрэбіцца дзецям, калі яны некалі вернуцца ў Беларусь», – мяркуе кіраўнік беларускай школы ў Варшаве Алесь Лозка.

А ў Беластоку бацькі-беларусы накіравалі зварот мясцовым уладам. Просяць дазволіць дзецям наведваць беларускамоўныя заняткі. Да развязання гэтага пытання далучыўся Абʼяднаны пераходны кабінет.

«У Беластоку ёсць праблема, што дзеці з нацыянальнай меншасці, якія маюць магчымасць навучацца на беларускай мове, не хочуць гэтага рабіць. А тыя дзеці бацькоў, якія прыехалі з Беларусі, хацелі б навучацца беларускай мове. Але гэтага няма ў заканадаўстве», – кажа спадарыня Коўшык.

Акрамя вучняў Беларусь пакінула вялікая колькасць настаўнікаў. Шмат хто хацеў бы застацца ў прафесіі. Варыянт пераадольвання праблемы – стварэнне асацыяцыі выкладчыкаў і навукоўцаў. Адным з праектаў, на думку старшыні асацыяцыі Паўла Церашковіча, стане адукацыйны кірмаш:

«Мы плануем стварыць віртуальную прастору – адукацыйны кірмаш, у якім усе ініцыятывы, якія ёсць, былі б сабраныя ў адным месцы. Змаглі б сустрэцца і працадаўцы – яны ёсць, і настаўнікі, прафесары, навукоўцы, дзеці, студэнты і бацькі».

На сайце Руху беларускай салідарнасці размешчаная форма для пытанняў і прапановаў аб працы новай асацыяцыі. Яе стваральнікі чакаюць дапамогі ад усіх, хто зацікаўлены ў развіцці беларускага адукацыйнага працэсу.

Ян Федаровіч, «Белсат»