Чорная ноч у гісторыі Беларусі


Адна з самых трагічных датаў беларускай гісторыі. У ноч на 30-га кастрычніка 1937-га года расстралялі больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Сёлета імпрэзы да Ночы паэтаў пройдуць прынамсі ў 20-ці краінах свету.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Тэатральны перформанс, прэзентацыя кнігі і літаратурныя чытанні. У 76-ую гадавіну самай чорнай ночы ў гісторыі Беларусі ў Вільні адбылася імпрэза – ушанаванне памяці беларускіх літаратараў, ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

Адна з удзельніц імпрэзы чытае:

Ну, а я малады – мне весела

Разагнацца ў мяцежную даль.

Мне жыццё –

Сусветнае свята,

Мне прапоны – большы разгон.

Я цяпер без багацця багаты

На зары квітнеючых дзён.

Аўтар гэтага вершу – на той момант 20-цігадовы Алесь Дудар – яшчэ не ведае, што праз 12 гадоў яго арыштуюць, а затым расстраляюць, абвінаваціўшы ў шпіянажы ды антысавецкай дзейнасці. Выбітны паэт стаўся адным з прынамсі 108-мі прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі – грамадскіх дзеячаў, навукоўцаў і літаратараў, – якіх пакаралі смерцю ў сутарэннях менскай турмы НКВД у 1937-м на загад тагачаснага кіраўніцтва СССР. Найстарэйшаму з ахвяраў было 47 гадоў, наймаладзейшаму – 25.

«Гэта адкінула ў пэўным сэнсе развіццё беларускай культуры, мастацтва, паўстанне нацыянальнай самасвядомасці, таму што гэта былі людзі, якія дбалі пра беларушчыну», – мяркуе арт- і медыяменеджар Аляксандр Чахоўскі.

Савецкія ўлады паклапаціліся і пра знішчэнне інтэлектуальнай беларускай спадчыны. Гэтак, супрацоўнікі НКУС спалілі тысячы старонак рукапісаў рэпрэсаваных аўтараў, выдалілі з бібліятэчных фондаў ці «пахавалі» у спецархівах іхныя кнігі.

«Былі расстраляныя як носьбіты беларускай мовы, так і творы беларускія. Такім чынам была расстраляныя і спаленая беларуская культура, беларуская мова, беларуская гісторыя», – кажа арганізатарка экскурсіяў у Курапаты, стваральніца віртуальнага музею савецкіх рэпрэсіяў у Беларусі Валерыя Чарнаморцава.

Расстрэл у ноч на 30-га кастрычніка стаўся самаю маштабнай акцыяй знішчэння беларускай інтэлігенцыі. Агулам хваля рэпрэсіяў доўжылася фактычна 10 гадоў: з 1929-га да 1938-га. Яна закранула прыблізна 500 тысяч беларусаў: тых, каго не расстралялі, высылалі за межы Беларусі, у тым ліку ў папраўча-працоўныя лагеры.

«Дагэтуль мы маем зачыненыя архівы КДБ, дагэтуль не была праведзеная палітыка люстрацыі і не былі рэабілітаваныя ўсе людзі, якія панеслі страты з прычыны сталінскіх рэпрэсіяў. Я перакананая, што ўсё людзі, сваякі якіх загінулі, дагэтуль нясуць страшную памяць пра рэпрэсіі і кожнаму вельмі важна, каб свет пабачыў праўду пра гэтыя падзеі», – мяркуе прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння Аліна Коўшык.

Дзясяткі гадоў ва ўрочышчы Курапаты – месцы пахавання ахвяраў сталінізму – ладзілі Ноч паэтаў: людзі ўшаноўвалі памяць забітых паэтаў, чыталі іхныя вершы. За выключэннем першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча, у імпрэзах ніколі не бралі ўдзелу ўлады, не быў там і Аляксандр Лукашэнка.

«Ён лічыць сябе савецкім чалавекам і ганарыцца толькі светлым бокам Савецкага Саюзу. І не жадае ўзгадваць плямы, што пакінула ў гісторыі Беларусі савецкая ўлада», – кажа прадстаўнік Інстытуту публічнай гісторыі Ігар Станкевіч.

За апошні год у Курапатах, а таксама іншых месцах пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў здзейснілі шэраг актаў вандалізму. Невядомыя двойчы апаганілі помнік расстралянаму ў 1937-ым гісторыку і акадэміку Вацлаву Ластоўскаму. У Віцебску вандалы знішчылі мемарыяльныя шыльды і ўказальнікі ямінаў-могілак – мясцовая міліцыя не знайшла падставаў для працягу расследавання і адмовілася шукаць вінаватых.

Наста Печанькова, «Белсат»