«Замест статусу мабілізаванага – добраахвотнік». Як у Расеі падманваюць падчас мабілізацыі


Шматдзетнаму бацьку з Сыктыўкару Сяргею Біскупу позву прынеслі ў здымную кватэру, дзе яны жывуць з жонкаю і траімі дзецьмі. Летась пасля пажару яны засталіся без даху над галавой. Сяргей адзін забяспечвае сям‘ю, пасля працы будуе новы дом.

Сяргей Біскуп распавядае: «Усім казаў загадзя, вось як абвясцілі частковую мабілізацыю, што адсоткаў восемдзесят, што мяне паклічуць – у мяне і прыпісны ліст быў, і служыў я раней. І ваенкам мне патлумачыў: ты ж разумееш, куды ты едзеш. Табе трэба ўзяць з сабой заплечнік, вазьмі паесці на трое содняў – карміць цябе не будуць. Ну, ты ж разумееш, маўляў, гэта для войска ў парадку рэчаў».

Сяргей звольніўся з працы і прыйшоў у ваенкамат з рэчамі. І тут са здзіўленнем пабачыў, што яго спрабуюць падмануць.

«Я пачаў разбірацца, чытаць дакументы, і выявілася, што я мушу падпісацца пад добраахвотным удзелам у вайсковай аперацыі. Я ім кажу: у якім сэнсе добраахвотны? А яны: не перажывай, проста вось тут падпішы, усё будзе нармальна, і цяпер вось паедзеш, усё будзе як належыць», – кажа Сяргей.

Нічога падпісваць Сяргей не стаў, бо справядліва змеркаваў, што статусы мабілізаванага і добраахвотніка адрозніваюцца: «Ну нічога, яна мне кажа, будзе яшчэ адна хваля мабілізацыі – і мы ўсё роўна цябе вычапім, вырвем, забяром».

Актывіста Андрэя Кічава затрымалі падчас антываеннага мітынгу, дзе ён працаваў як карэспандэнт незалежнага СМІ. Позву чалавек у вайсковай форме яму ўручыў проста ў аўтазаку. На пытанне, як жа яго могуць адправіць на вайну, калі ён вучыцца ў тэхнікуме і ў войску не служыў, афіцэр заявіў, што з гэтай праблемай ваенкамат разбярэцца.

«Супрацоўнікі паліцыі, хутчэй за ўсё, вызначылі, што я застаўся адзіным журналістам у Архангельску, які ходзіць на ўсе антываенныя акцыі пратэсту і іншыя мерапрыемствы, скіраваныя супраць дзейнай улады. І яны захацелі мяне проста прыбраць. Ім было нявыгадна, каб я вярнуўся нават праз год з тэрміновай службы, і таму яны прыдумалі адправіць мяне адразу ж на вайну. На сваім досведзе я пераканаўся, што супрацоўнікі могуць цалкам абыходзіць закон і мабілізаваць нават тых, хто паводле закону мабілізаваны быць не можа», – кажа Андрэй.

Пасля адлічэння з тэхнікуму Андрэй мусіў пакінуць Расею. Усяго, паводле розных ацэнак, пасля пачатку так званай частковай мабілізацыі Расею пакінулі ад двухсот да сямісот тысяч асобаў. Агульная колькасць эмігрантаў, якія з’ехалі пасля таго, як Уладзімір Пуцін развязаў вайну супраць Украіны, вышэйшая за мільён. Большасць з іх у агляднай будучыні не збіраецца вяртацца на Радзіму.

Уладзіслаў Корсак, Марк Падбярэзін, «Белсат»