ЮНЭСКО дапаможа Украіне падлічыць страты культурнай спадчыны


Расейская агрэсія ва Украіне знішчае не толькі аб’екты інфраструктуры ці звычайныя жылыя будынкі. Цярпіць і культурная спадчына краіны. Падлічыць такія страты і падрыхтавацца да пасляваеннага аднаўлення Украіне дапамогуць у ЮНЭСКО.

ЮНЭСКО стварае публічную базу знішчаных расейцамі культурных абʼектаў ва Украіне. Дзеля гэтага арганізацыя набывае спадарожнікавыя фотаздымкі ў кампаніі «Мэксар» і ў канцэрну «Эйрбас». Эксперты супастаўляюць гэтыя здымкі са зробленымі да вайны, аналізуюць ступень стратаў і час, калі аб’ект пацярпеў. Гэтая інфармацыя заносіцца ў базу дадзеных, а на карце адзначаюцца адпаведныя месцы.

«На сёння трактаваць гэтыя пашкоджанні як наўмысныя мы ў большасці выпадкаў не можам, але безумоўна, ёсць выпадкі, калі абʼекты культуры рабіліся непасрэднаю мэтаю ўдараў. Мы маем прынамсі два музеі, што былі мэтава зруйнаваныя, – музей Рыгора Скаварады на Харкаўшчыне і краязнаўчы музей у Іванкаве. Сусветна вядомая і трагічная сітуацыя з Марыупальскім драматычным тэатрам, куды адмыслова скінулі авіябомбу. Гэта дакладна не выпадковыя траплянні», – кажа намесніца міністра культуры і і інфармацыйнай палітыкі Кацярына Чуева.

Адмыслоўцы ЮНЭСКО ўжо зафіксавалі ўрон, нанесены 207 абʼектам ва Украіне. Сярод іх рэлігійныя пабудовы, музеі, помнікі, бібліятэкі і будынкі, што маюць гістарычную або мастацкую каштоўнасць.

Пацярпелі такія знакавыя для ўкраінскай культуры і гісторыі абʼекты, як Святагорская лаўра, Харкаўскі мастацкі музей і музей украінскіх старажытнасцяў у Чарнігаве. Цалкам знішчаны краязнаўчы музей у паселішчы Іванкаве на Кіеўшчыне, дзе захоўваліся творы мастачкі Марыі Прымачэнкі. На шчасце, паўтара дзясятка твораў удалося выратаваць з агню.

«Украіна з часоў другой сусветнай вайны не сутыкалася з такім маштабам небяспекі для культурнай спадчыны. Маштабы рэальных стратаў культурнай спадчыны мы зможам ацаніць толькі пасля заканчэння вайны. Сектар культуры пакуль ацэньвае свае страты прыкладна ў паўмільярды долараў, але гэта толькі першапачатковыя і вельмі прыблізныя разлікі», – кажа Кацярына Чуева.

Найбольш пацярпелі аб’екты на ўсходзе Украіны і ў ваколіцах Кіева. У Данецкай вобласці налічылі 59 пашкоджаных аб’ектаў, у Харкаўскай – 51, у Кіеўскай – 30, і ў Луганскай вобласці – 25.

Раней міністр культуры і інфармацыйнай палітыкі Украіны Аляксандр Ткачэнка звярнуўся па дапамогу ў ЮНЭСКО дзеля захавання экспазіцыяў украінскіх музеяў.

«Нам важная не заўтра, а сёння і тут міжнародная салідарнасць і падтрыманне ў трох кірунках. Гэта ідэалагічнае падтрыманне і санкцыі супраць расейскай культуры, гэта дапамога ў захаванні ўкраінскай культуры. І трэцяе – гэта прасоўванне ўкраінскай культуры», – заявіў Аляксандр Ткачэнка.

Агулам, паводле звестак украінскага Міністэрства культуры, з пачатку вайны расейскімі абстрэламі былі пашкоджаныя больш чым паўтысячы аб’ектаў культурнай спадчыны і інфраструктуры. І гэтыя лічбы ўвесь час растуць.

На тэрыторыі Украіны месцяцца сем абʼектаў Сусветнай спадчыны ЮНЭСКО. Ніводзін з іх пакуль не пацярпеў.

Аляксандр Баразенка, «Белсат»