Ілан Маск усё ж такі купіў Twitter


«Птушка на волі» – такое паведамленне пакінуў І́лан Маск пасля таго, як набыў Twitter за сорак чатыры мільярды долараў. Напярэдадні заснавальнік «SpaceX» апублікаваў на сваёй старонцы відэа, дзе прынёс у штаб-кватэру сацыяльнай сеткі ракавіну.

Перш за ўсё Маск звольніў кіраўніцтва Twitter. Мільярдэр абвінаваціў топ-менеджараў у тым, што яны ўвялі яго ў зман наконт колькасці спам-акаўнтаў на платформе.

«Такім чынам, Twitter, які належыць Маску, магчыма, прывядзе да яшчэ большага хаосу. Працаўнікі ўжо занепакоеныя масавымі звальненнямі ў кампаніі, і гэта сур’ёзны клопат. Тое, дзе адбываюцца цяпер скарачэнні, можа даць нам найбольш праўдзівае ўяўленне наконт намераў Маска адносна Twitter», – кажа галоўны аналітык «Insider Intelligence» Джэзмін Энбэрг.

Паводле звестак «Reuters», І́лан Маск збіраецца скараціць сем з паловай тысяч асобаў. Але, здаецца, гэта не самыя сурʼёзныя крокі, якія мільярдэр ажыццявіць на сваёй новай пасадзе. Паводле інфармацыі газеты «The New York Times», Маск плануе скасаваць забарону на выкарыстанне Twitter былому прэзідэнту ЗША Доналду Трампу. Сорак пяты прэзідэнт Злучаных Штатаў быў заблакаваны на платформе пасля адмовы прызнаць паразу на выбарах у 2020 годзе і штурму ягонымі прыхільнікамі Капітолію.

«Цяпер Маск неймаверна гучна заявіў, што ён хоча аслабіць абмежаванні на мадэрацыю кантэнту, устаноўленыя Twitter. Але ён не сказаў дакладна, як ён мае гэта зрабіць. Хутчэй за ўсё, ён сутыкнецца з мноствам тых жа праблемаў, з якімі сутыкалася кіраўніцтва Twitter, а гэта азначае, што ягонае бачанне свабоды слова мусіць адпавядаць законам краінаў, дзе працуе Twitter», – кажа Джэзмін Энбэрг.

На днях, калі казалі, што Маск вось-вось купіць сацыяльную сетку, да мільярдэра звярнулася галоўная рэдактарка тэлеканалу «RT» і прапагандыстка Маргарыта Сіманьян: «Ілан, паколькі вы ўсе за свабоду слова, магчыма, разблакуеце ўліковыя запісы RT і «Sputnik» і таксама зніміце ценявы бан з майго?»

Характэрна, што купля Twitter адбылася напярэдадні выбараў у Кангрэс ЗША, што маюць прайсці восьмага лістапада. Сацыёлагі сцвярджаюць, што Дэмакратычная партыя можа страціць кантроль у заканадаўчым органе краіны. Эксперты асцерагаюцца, што тады падтрыманне Украіны Злучанымі Штатамі моцна скароціцца.

У сваю чаргу, сёлета ў траўні Маск абрынуўся з крытыкай на Байдэна і дэмакратаў і заявіў, што будзе галасаваць за Рэспубліканскую партыю. Каментуючы ж набыццё сацыяльнай сеткі, мільярдэр сказаў, што, цытата, «зрабіў гэта, каб паспрабаваць дапамагчы чалавецтву», якое ён любіць.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»