Чарговы антырэкорд «луканомікі»


Колькасць занятых у эканоміцы Беларусі імкліва скарачаецца. І гэта ўжо тэндэнцыя. Эксперты называюць дзве асноўныя прычыны: дэмаграфія – багата хто выходзіць на пенсію, і эміграцыя.

«Хтосьці з’язджае вымушана, бо яго ці ягоных блізкіх палітычна пераследуюць, а хтосьці зʼязджае, таму што баіцца мабілізацыі, калі мы кажам пра маладых мужчынаў. Ну і ўвогуле, людзі могуць зʼязджаць, бо не бачаць асаблівых перспектываў у Беларусі. Ці проста не хочуць жыць у краіне пад санкцыямі, дзе эканоміка не расце, прадпрыемствы закрываюцца, а з цэнамі ў крамах заўсёды нейкая свістапляска», – кажа аналітык «BISS» Вадзім Мажэйка.

Паводле Белстату, сёлета ў студзені занятых у эканоміцы, то бок фактычна падаткаплатнікаў, налічылі 4 мільёны 245 тысяч. У верасні – 4 мільёны 194 тысячы асобаў. Атрымліваецца, за дзевяць месяцаў бюджэт страціў больш за пяцьдзясят тысяч падаткаплатнікаў. А са жніўня да верасня – сем тысяч, цэлыя Бешанковічы ці Верхнядзвінск.

«Калі ты працуеш, ты мусіш хоць купляць нейкую цывільную вопратку, несці выдаткі, звязаныя з транспартам і гэтак далей. А калі ты не працуеш, можаш мець нейкі гародзік ля дому і штосьці вырошчваць, і будзе лепей. Асноўнае, што людзі не хочуць працаваць за тыя капейкі», – каментуе эканаміст Віталь Алейнік.

Не занятых у эканоміцы асобаў улады аўтаматычна заносяць у спіс гэтак званых дармаедаў. З іх спаганяюць камунальную плату напоўніцу.

«Цяпер колькасць так званых дармаедаў сапраўды можа вырасці. Гэта, на мой погляд, звязана хутчэй з тым, што значна пагоршыліся ўмовы працы індывідуальных прадпрымальнікаў, і шмат хто будзе закрываць ІП і фармальна будзе лічыцца дармаедам», – мяркуе Вадзім Мажэйка.

Пры чым, калі раней тыя, хто зʼехаў за мяжу, дармаедамі не лічыліся, з сёлетняга сакавіка лічацца. Апроч тых, хто выехаў у краіны Еўразійскага эканамічнага саюзу. Да таго ж, ад снежня рэжым плануе зноў пашырыць свой «чорны спіс». Паводле Вадзіма Мажэйкі, шмат хто з новых «дармаедаў» менавіта эміграваў, таму наўрад ці выпадае чакаць новых пратэстаў, падобных да тых, што былі ў 2017 годзе.

Ва ўмовах, калі падаткаплатнікаў усё менш, рэжым спрабуе зацыраваць дзірку ў бюджэце добра знаёмым яму чынам: штрафаваць грамадзянаў. Гэтак званыя лісты шчасця сталі атрымоўваць аўтаўладальнікі, якія не прайшлі тэхагляду, а налічваць іх пачалі відэакамеры на дарогах. Да таго ж, падатковая актыўна шукае тых, чые выдаткі, на яе думку, перавышаюць даходы. За дзевяць сёлетніх месяцаў падаткавікі сабралі з такіх грамадзянаў штрафаў на сямнаццаць з паловаю мільёнаў рублёў.

«Гэта адзін з інструментаў, каб паспрабаваць неяк паўплываць на сітуацыю, але зразумела, што гэта вельмі часовы інструмент. Ён можа быць скарыстаны толькі ў якасці нейкага пераходніка», – кажа Віталь Алейнік.

Не дапамогуць уратаваць эканоміку і паборы з гэтак званых дармаедаў, якія выехалі за мяжу. Бо сумы, што яны заплацяць за камунальныя паслугі – непараўнальна меншыя, чым падаткі, якія б гэтыя людзі далі, калі б засталіся занятымі ў беларускай эканоміцы.

Алесь Яшчанка, «Белсат»