Офіс Святланы Ціханоўскай разам з Bypol заклікаюць Інтэрпол прыпыніць адказы на запыты з боку беларускага рэжыму


2011 год, аэрапорт Варшавы. Былы кандыдат на прэзідэнцтва Алесь Міхалевіч прапускае свой самалёт у Лондан і едзе ў варшаўскую пракуратуру. Яго затрымалі па лініі Інтэрполу па запыце беларускага рэжыму.

«Калі ты нядаўна сядзеў у беларускай турме і ў адносінах да цябе ўжываліся катаванні, з табою жорстка абыходзіліся, то любыя краты, любое памяшканне, яно выклікае такі флеш-бэк-сіндром, калі ўзгадваеш, як гэта ўсё было непрыемна«, – кажа адвакат, кандыдат на прэзідэнцтва-2010 Алесь Міхалевіч.

Мінула дзесяць гадоў. Па лініі Інтэрполу на запыт уладаў Беларусі затрымалі беларускага актывіста Макарыя Малахоўскага. Як і ў выпадку Алеся Міхалевіча, яго для высвятлення абставінаў пратрымалі некалькі гадзін у варшаўскай пракуратуры, пасля адпусцілі. Каб такіх выпадкаў, калі праз Інтэрпол беларускі рэжым пераследуе свае палітычныя мэты, было менш, Офіс Святланы Ціханоўскай ды ініцыятыва былых сілавікоў «Bypol» прапанавалі міжнароднай арганізацыі часова прыпыніць выкананне запытаў з Беларусі.

«Гаворкі пра выключэнне Беларусі з Інтэрполу ўвогуле не ідзе. Па-першае, гэта нікому не патрэбна і можа справакаваць наступствы, якія будуць незваротнымі. Таму мы кажам пра часовае прыпыненне. Як мінімум пра прыпыненне запытаў Беларусі аб беларускіх грамадзянах», – тлумачыць былы следчы, маёр юстыцыі «Bypol» Ігар Лобан.

«Усё гэта можа ствараць пэўную рызыку для людзей, якія падарожнічаюць у межах Еўрапейскага Звязу ці за межамі Еўрапейскага Звязу, і ў прынцыпе злоўжыванне гэтым механізмам недапушчальнае. Артыкул № 3 у канстытуцыі Інтэрполу гаворыць пра тое, што катэгарычна забаронена выкарыстоўваць механізмы Інтэрполу для таго, каб пераследаваць палітычных апанентаў», – лічыць кіраўнік Офісу Святланы Ціханоўскай Валер Кавалеўскі.

Прадстаўнік Інтэрполу ў Беларусі Дзмітрый Мядзведзеў пра трэці артыкул канстытуцыі напэўна ведаў. Але гэта не перашкодзіла яму кансультаваць сілавікоў Лукашэнкі, як лепей зрабіць запыт, каб палітычна матываваная справа выглядала крымінальнай. Гэтае відэа нядаўна з’явілася дзякуючы ўсё таму ж «Bypol».

Шанцы на тое, што Інтэрпол пойдзе насустрач беларускім дэмакратычным сілам і спыніць супрацу з рэжымам, ёсць, лічыць Алесь Міхалевіч. І прыводзіць прыклад з уласнай практыкі.

«Дзякуючы нашаму бюро было прынятае рашэнне Інтэрполам, што Расея не мае права падаваць у Інтэрпол людзей за злачынствы, здзейсненыя на тэрыторыі Крыму. Таму што Крым у адпаведнасці з міжнародным правам з’яўляецца тэрыторыяй Украіны», – кажа Алесь Міхалевіч.

Пакуль жа для палітычных уцекачоў з Беларусі ў гэтай справе навіны наступныя: апошнім часам па запыце беларускага рэжыму заходнія краіны нікога ня выдалі. А калі ў чалавека статус міжнароднай аховы або палітычнага ўцекача – Інтэрпол на запыт пра яго нават і не адкажа.

Надзея Бельская, «Белсат»