Інтэграцыя: «рашучы крок» ці чарговы пшык?


Заходнім суседзям прыгразіў зброяй усходняга, амаль як сваёй. Падчас сустрэчы з генпракурорам Расеі Ігарам Красновым Лукашэнка абвінаваціў Польшчу ў павелічэнні войска ля беларускай мяжы. А значыць – ля мяжы саюзнай дзяржавы, заявіў ён.

«Мы яшчэ пачакаем некаторы час, папярэдзім, а потым у нас ёсць што пасунуць бліжэй да межаў. У нас і тым больш у Расейскай Федэрацыі», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У дачыненнях жа паміж Беларуссю і Расеяй, паводле Лукашэнкі, 4-га лістапада адбудзецца, «рашучы крок у інтэграцыі». На гэты дзень прызначанае паседжанне Найвышэйшай дзяржаўнай рады так званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Заяўлялася, што падчас яго падпішуць 28 саюзных праграмаў паглыблення інтэграцыі.

«Па факту 28 дарожных мапаў – гэта будзе пачатак увядзення агульнасаюзных, а гэта значыць фактычна расейскіх інструментаў, інстытутаў для эканамічнага, фінансавага і прававога кантролю і пашырэння ўплываў Расеі ў Беларусі», – лічыць палітолаг Павел Усаў.

Паводле прэс-сакратара прэзідэнта Расеі, Уладзімір Пуцін возьме ўдзел у пасяджэнні праз відэасувязь.

«Калі мерапрыемства пройдзе ў рэжыме канферэнцсувязі, то ніякіх дакументаў падпісана не будзе ў гэтым фармаце. Мне падаецца, падпісваць дакументы, седзячы ў розных кабінетах у розных краінах, не вельмі правільна будзе. Гэта цікавы момант, бо планавалася, відаць, што ў вочным фармаце мерапрыемства пройдзе», – кажа палітолаг Дзмітрый Балкунец.

Адметна, што за два тыдні да запланаванага падпісання гэтак званых саюзных праграмаў, беларуская і расейская прапаганда абмяняліся вострымі выпадамі. А ў Расеі адбыўся зліў вынікаў даследавання Усерасейскага цэнтру вывучэння грамадскай думкі. З яго вынікае, што толькі чвэрць апытаных беларусаў падтрымаюць аб’яднанне дзвюх краінаў, а больш за палову – выступілі за адстаўку Лукашэнкі.

«Апошняя хваля крытыкі ўзаемнай хутчэй звязаная з тым, што напярэдадні сустрэчы Расея хоча стварыць дадатковы ціск на Лукашэнку, падштурхнуўшы яго быць дамоваздольным і лаяльным да таго, што прапануе Расея», – лічыць палітолаг Андрэй Ягораў.

«Асабліва пасля такіх непрыемных інфармацыйных укідаў з боку афіцыйных СМІ беларускіх пра ботакснага палітыка, які хаваецца ў бункерах, то фактычна гэта ўжо пытанне годнасці палітычнай і годнасці чалавечай паказаць, хто тут гаспадар», – падкрэслівае Павел Усаў.

На думку Дзмітрыя Балкунца, мэта правакацыяў Лукашэнкі ў бок Масквы – сарваць падпісанне пагадненняў і пры гэтым перакласці віну на Расею.

«Але пры гэтым яго галоўная задача цяпер не дарожная карта, а выбіць з Масквы грошы. Вядома, што нават па санкцыях, што ўвозяцца ў дачыненні Беларусі, Лукашэнка рахункі ў Маскву возіць. Гэтым займаецца прэм’ер Раман Галоўчанка, які накіроўвае ў расейскі ўрад каштарысы з просьбай кампенсаваць усе страты, якія Беларусь нясе праз санкцыі. Летам яны прывозілі рахунак на суму прыкладна чатыры з паловаю мільярды долараў. Атрымалі нуль», – кажа Дзмітрый Балкунец.

Да таго ж, як сёння заявіў віцэ-прэмʼер Беларусі Юрый Назараў, расейскія кампаніі хочуць падняць для Беларусі кошты на нафту. Прычына – заходнія санкцыі, праз якія рызыка пры супрацы з беларускімі нафтаперапрацоўчымі прадпрыемствамі значна вырастае.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»