Адхіленні падчас пандэміі: карупцыя, падробка сертыфікатаў, натоўпы на вуліцах


Пацыенты з ковідам у некаторых мясцовасцях займаюць усе аддзяленні лякарняў, калідоры, сталовыя. Але для бацькі падпалкоўніка берасцейскай міліцыі Андрэя Бараноўскага і ягонай сяброўкі знайшлася асобная палата. Дастаткова было дамовіцца з галоўным лекарам мясцовай гарадской лякарні Андрэем Вялічкам. ByPol апублікаваў тэлефонныя размовы згаданых асобаў. Якія адхіленні пад час пандэміі назіраем у Беларусі, Украіне і Расеі?

Кропельніцы, кіслародныя пункты, а для найцяжэйшых хворых – апараты ШВЛ. У Берасцейскай цэнтральнай гарадской лякарні, як і паўсюль, цеснавата, таму прымаюць пацыентаў з рэальнаю пагрозаю жыццю. З выключэннямі.

– Заўтра ранкам яны прыедуць тады ў прыёмнае аддзяленне. А двухмясцовая палата якая будзе? Знойдзем ці не? – пытаецца супрацоўнік ГУБАЗіК Андрэй Бараноўскі ў галоўнага лекара БЦГБ.

Андрэй Вялічка адказвае:

– Ранкам паглядзім. Калі не будзе, то недзе праз пару дзён ужо вырашым гэтае пытанне.

Гэтак міліцыянт вырашае пытанне ў абыход медычных пратаколаў. Апроч размовы з лекарам, злітыя тэлефанаванні бацьку Андрэя Бараноўскага. Ранкам наступнага дня для яго ды ягонай сужыцелькі ў лякарні знайшлася асобная палата з неабходным абсталяваннем.

– Ну што, у кардыялогіі палата № 19, 9 паверх, – інфармуе бацька.

– Адзін ці вас удваіх палажылі? Палата двухмясцовая? – пытаецца «блатны» сынок.

– Так.

– Ну, ляжыце. Калі будуць назначэнні вам – «капайцеся». Тэмпературу маеш цяпер?

– Не, цяпер нібы няма.

Інструкцыя кажа абавязкова пакідаць у шпіталі залежных ад кіслароду, старых з паражэннем лёгкіх ці высокаю тэмператураю. Што здараецца па-за інструкцыяй, ананімна распавёў лекар Менскай медычнай установы:

«Калі пацыент занадта скандальны або ёсць загад галоўнага лекара тыпу «абавязкова пакласці пацыента, бо ягоны сын, тата, маці або сястра – вельмі паважаныя людзі» – мусім пакласці гэтага чалавека ў камфортныя ўмовы, таму што ім страшна», – канстатаваў лекар.

Пасля асноўнай працы ён кансультуе беларусаў праз платформу «еЗдароў’е» Фонду медычнай салідарнасці Беларусі. Мае да трох прыёмаў за ноч.

Парады беларусам, якія не могуць трапіць ці баяцца ісці на прыём у часе пандэміі, калегі даюць і ўдзень. Гэта 6–12 кансультацыяў у выпадку лекаркі, якая назвала сябе ня самай хуткай.

Наведнікаў платформы заахвочваюць прышчапляцца ад ковіду, калі не для сябе, то каб абараніць блізкіх і падтрымаць медыкаў. Падобны заклік чуем ад дактароў ва Украіне.

«Мы стаміліся ад гэтай пандэміі. Мы хочам быць простымі лекарамі. Я, напрыклад, кардыёлаг і хачу быць кардыёлагам, а не ковідыёлагам. Я хачу спаць па начох, а не адказваць на тэлефанаванні перапужаных пацыентаў. Хачу каб мая сямʼя жыла ў бяспецы. Хачу не баяцца прынесці інфекцыю дамоў сваім дзецям», – эмацыйна заявіла Таццяна Міхайлеўская – галоўная лекарка інфекцыйнага аддзялення Кіеўскай лякарні № 3.

Hавiны
Кіеў ідзе на каранцін з 1 лістапада
2021.10.28 17:09

Гэткі крык душы кардыёлаг скіравала таксама да асобаў, якія разгарнулі прыбытковы падчас пандэміі бізнес – падрабляюць Ковід-сертыфікаты. У адным з такіх «кабінетаў» за некалькі хвілінаў выраблялі дакумент, які падчас локдаўну, што настане ў Кіеве 1-га лістапада, можа адчыняць уладальніку дзверы ў пэўныя грамадскія месцы, пры тым што ў крыві ўладальніка – ніякага імунітэту.

Намеснік міністра ўнутраных справаў Украіны Яўген Енін прызнаў: «У апошнія дні злачынцы разгарнулі сваю дзейнасць ледзь не ў прамысловых маштабах».

Такія наступствы недаверу да вакцынацыі, які, аднак, паступова мяняе трэнд ва Украіне, а таксама ў Расеі, якая на пачатку месяца ідзе на ковідныя вакацыі. Магчыма, грамадзяне прыслухаюцца і застануцца ўдома. Але, як паказвае відэа з цэнтру Масквы, яшчэ не сёння.

Юлія Цяльпук, «Белсат»