У Беларусі рыхтуюць новы наступ на Украіну?


Беларусь можа рыхтавацца да прыёму воінскіх эшалонаў з Расеі. Да такой высновы прыйшоў тэлеграм-канал «Сообщество железнодорожников Беларуси». Паводле іх звестак, у нашай краіне праводзіцца цэлы комплекс захадаў у правяранні чыгуначнай інфраструктуры.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Мерапрыемствы, якія зараз праводзяць на беларускай чыгунцы, ужо мелі месца ў нашай краіне летась у лістападзе. Беларусь тады рыхтавалася да прыёму ваенных эшалонаў з Расеі. Вызначаліся месцы выгрузкі ваеннай тэхнікі і выдзяляліся дадатковыя манеўровыя лакаматывы. Скончылася мінулагодняя падрыхтоўка поўнамаштабным наступам Расеі ва Украіну ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Чаго чакаць цяпер?

«На гэты раз адрозніваецца ўсё тым, што акрамя ўсіх гэтых мерапрыемстваў, дадаткова прапрацоўваецца пытанне аховы перагонаў, падчас руху воінскіх эшалонаў. Таксама работнікам пастаянна пагражаюць», – кажа прадстаўнік «Рабочага Руху» Аляксандр Сакалоў.

З працаўнікоў бяруць падпіскі аб неразгалошванні інфармацыі. Крыніцы «Белсату», якіх мы не называем з прычынаў бяспекі, паведамляюць, што прыватнаму бізнесу беларуская чыгунка не дае вагоны для транспартаванне грузаў. З аказаннем паслугі арэнды ёсць затрымкі. Яны складаюць 2-3 тыдні. Як раней у сваім тэлеграм-канале Мікалай Халезін сцвярджаў, што вагоны вылучаюць толькі пад патрэбы Мінабароны.

Усе гэта пачало адбывацца на фоне сустрэчы Аляксандра Лукашэнка з Уладзімірам Пуціным.

«Адзіная магчымасць для Пуціна зараз і для яго генералаў – гэта адкрыць новы фронт праз Беларусь. Я б казаў не пра Кіеў, таму што тут вельмі цяжка ім будзе неяк наступаць. Усё ж магчыма гэта будзе зноў Сумская вобласць. Хаця тут будуць праблемы з лагістыкай. Самы верагодны ўчастак – гэта Захад. Заходняя Беларусь з мэтай фармавання тамака групоўкі і ўдар, як раз на Заходнюю Украіну», – мяркуе дырэктар New Geopolitics Research Network Міхась Самусь.

Такой жа думкі прытрымліваецца і ўкраінскі журналіст, палітычны эксперт і добраахвотнік ЗСУ Кірыл Сазонаў. У сваім тэлеграм-канале калега падзяліўся звесткамі ўкраінскай выведкі, датычна колькасці ўзброеных сілаў Расеі, якія прыбудуць у бліжэйшы час у Беларусь. Дадзеныя вынікаюць з ведамасцяў на харчаванне прыкамандзірованага саставу.

«Было разлічана кармленне прыкамандзіраванага складу на 36 тысяч чалавек. Потым на 38 000. Потым на 41 000. Зараз па ведамасці ў Беларусі гатовы карміць прыкамандзіраваны асабовы склад у колькасці 170 000 чалавек!», – распавядае Кірыл Сазонаў.

На думку Міхаіла Самуся, Пуціну вельмі важна пасварыць беларусаў і ўкраінцаў:

«Мне здаецца, што ён як КДБэшнік Пуцін хацеў бы вельмі моцна стварыць перадумовы да ўкраінска-беларускага канфлікту. Каб беларусы і ўкраінцы пачалі адзін аднаго ненавідзець. Таму што яму вельмі не падабаецца, што паміж беларусамі і ўкраінцамі да гэтага часу няма ніякіх канфліктаў. І ніякіх праблем».

Што ў дадзеным выпадку могуць зрабіць беларускія вайскоўцы і дэмакратычная супольнасць, каб не дапусціць катастрофы?

«Што тычыцца дзеянняў і беларускага войска, і беларускага грамадства, і беларускай дэмакратычнай супольнасці, то я думаю, што ад іх дзеянняў цяпер мала што залежыць. Яны не могуць сёння рэальна ўплываць на развіццё гэтай сітуацыі», – мяркуе палітолаг Валерый Карбалевіч.

Ці могуць прапанаваць у гэтай сітуацыі развязанне дэмакратычныя сілы Беларусі? Прынамсі сёння атрымаць каментары ў нас не атрымалася.

Мінулы раз беларускія салдаты расейцаў сустракалі хлебам і соллю. Ці будзе гэтак жа цяпер?

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»