Ціханоўская ў ААН


Міжнародная ўвага да сітуацыі ў Беларусі па-ранейшаму застаецца на самым высокім узроўні. Спецпрадстаўнік Святланы Ціханоўскай па выбарах Аляксандр Шлык выправіўся ў Бухарэст, дзе возьме ўдзел у штогадовай канферэнцыі і паседжанні Генеральнай Асамблеі Асацыяцыі арганізатараў выбараў краін Еўропы. Тым часам сама лідарка дэмакратычнай Беларусі выступіла ў Арганізацыі аб’яднаных нацыяў. Тэму працягне Валеры Руселік.

«Рэжым Лукашэнкі стаў пагрозаю рэгіянальнай і міжнароднай бяспецы, і гэты тэрор павінен быць спынены». З гэткім заклікам перад удзельнікамі пасяджэння 48-ай сесіі Рады Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у справе правоў чалавека выступіла Святлана Ціханоўская.

«Было затрымана больш за 40 000 мірных дэманстрантаў, сярод іх больш за 580 журналістаў. Сёння амаль 700 прызнаных палітвязняў, тысячы па-ранейшаму за кратамі і прынамсі 10 былі забітыя», – праінфармавала лідарка дэмакратычнай Беларусі ўдзельнікаў сесіі.

Святлана Ціханоўская заклікала падтрымаць адмысловы мандат вярхоўнага камісара ААН у справе правоў чалавека для вывучэння парушэнняў такіх правоў у Беларусі і прыцягнення да адказнасці вінаватых. А таксама запрапанавала ўлучыць беларускае пытанне ў парадак Рады Бяспекі ААН і разгледзець яго ў Трэцім камітэце Генеральнай асамблеі.

«Прапрацоўваецца ўнясенне краінавай рэзалюцыі па Беларусі, якая дасць ацэнку таму, што адбываецца ў Беларусі. І гэта стане гэткім глабальным апытаннем, што іншыя дзяржавы думаюць пра сітуацыю ў Беларусі», – раскрывае дэталі кіраўнік кабінету Святланы Ціханоўскай Валер Кавалеўскі.

Выступ Ціханоўскай у ААН адбыўся на фоне марных заклікаў кіраўніка МЗС Беларусі Уладзіміра Макея не даваць слова альтэрнатыўным прадстаўнікам краіны.

«Разглядаем гэтыя дзеянні як спробу надаць няўрадавым арганізацыям (якія, дарэчы, створаныя і выкармленыя пры падтрыманні асобных зацікаўленых краінаў) статус, ідэнтычны суверэннай дзяржаве – удзельніцы ААН. Гэта катэгарычна непрымальна», – заявіў з трыбуны ААН Макей напярэдадні.

Тым часам наконт таго, што насамрэч непрымальна, меркаванні афіцыйнага Менску і міжнароднай супольнасці істотна разыходзяцца, падкрэслівае кіраўнік кабінету Святланы Ціханоўскай Валер Кавалеўскі. Гэта і захоп самалёта «Ryanair» дзеля арышту журналіста Рамана Пратасевіча, і штучна створаны крызіс з нелегальнаю міграцыяй на мяжы з краінамі Еўразвязу, і рэпрэсіі супраць мірных беларускіх грамадзянаў, якія ўсцяж трываюць.

«Мы таксама вельмі часта чуем ад заходніх палітыкаў, экспертаў, кіраўнікоў дзяржаваў, што Лукашэнка фактычна стаў тэрарыстам, а тое, што ён робіць, фактычна кваліфікуецца як тэрарыстычная дзейнасць. Гэта ўсё становіцца сумаю фактараў, якія могуць прывесці да прызнання яго міжнародным тэрарыстам», – упэўнены Кавалеўскі.

Тым часам колькасць гэткіх фактараў толькі большае. Гэтак, група беларускіх блогераў апублікавала чарговае расследаванне злачынстваў рэжыму Лукашэнкі супраць мірных грамадзянаў. Аўтары цвердзяць, што здолелі выкрыць удзельнікаў катаванняў людзей у Фрунзенскім РУУС Менску 12 жніўня летась – у тым ліку тых злачынцаў, што хавалі свае твары пад маскамі.

Валера Руселік, Белсат