Канстытуцыя для сваіх


Праект галоўнага закона краіны будуць дапрацоўваць яшчэ месяц – распарадзіўся Лукашэнка на паседжанні Канстытуцыйнай камісіі ў Менску. Там жа Лукашэнка пазначыў і галоўную задачу новай беларускай Канстытуцыі.

«Мы зараз створым Канстытуцыю роўных магчымасцяў, ва ўсіх правы там і іншае… як у народзе кажуць: бла-бла-бла…Мы вернемся да таго, што было. Мы пасля мінулага года разумеем, што іх дапусціць да ўлады нельга, таму што гэта не толькі нас ліквідуюць – знішчаць краіну. Таму новая Канстытуцыя павінна ўлічваць гэтыя нюансы», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Іх – гэта апанентаў Лукашэнкі. Праект новай Канстытуцыі ў руках Лукашэнка трымаў некалькі разоў і кожны раз адпраўляў на дапрацоўку. Адну з версіяў будучага галоўнага закона краіны ў ліпені ў інтэрнэце апублікаваў адзін з чальцоў Канстытуцыйнай камісіі. Згодна з гэтым неафіцыйным праектам, прэзідэнтам у Беларусі можна будзе стаць не больш за два разы, толькі пасля 40 гадоў, а зняць кіраўніка краіны зможа Усебеларускі народны сход.

Над стварэннем новай Канстытуцыі ўрадавая камісія працуе амаль год. Тым не менш у прапанаваным праекце няма адказаў на пытанні: як будуць дзейнічаць органы ўлады, як будуць працаваць яго дэкрэты, фармавацца Усебеларускі народны сход і ў чым будзе заключацца роля ўпаўнаважанага па правах чалавека.

«Гэта дзіўны праект, які да сённяшняга дня ніхто не бачыў у вочы. Ёсць некаторыя неафіцыйныя версіі, якія з’яўляюцца ў інтэрнэт-прасторы, але, на самай справе, дакументу з грыфам «для людзей» мы не бачылі да цяперашняга часу. А нам кажуць, што вось-вось ужо будзе рэферэндум» – сцвярджае дарадца Святланы Ціханоўскай Анатоль Лябедзька.

Шэраг палітолагаў цвердзіць, што Лукашэнку канстытуцыйны рэферэндум не патрэбны. Хутчэй гэта патрабаванне Крамля. Па-першае: каб уніфікаваць беларускае і расейскае заканадаўства ў рамках «саюзнай» інтэграцыі, сутнасць якой таксама яшчэ нікому з простых грамадзянаў не зразумелая, па-другое: каб вярнуць легітымнасць Лукашэнкі. Дарэчы, ідэя стварэння новай Канстытуцыі зʼявілася летась у кастрычніку, калі ў Беларусі адбываліся масавыя пратэсты.

«Гэта такі наіўны погляд. Рэферэндум не верне Аляксандру Лукашэнку легітымнасць – гэта значыць, давер грамадзян. І ў выступах, якія прагучалі, вы заўважце: хто мэтавая група Лукашэнкі? Гэта не 2/3 грамадзян Беларусі. Ён звяртаецца да тых, хто сядзіць у зале (да тых, хто распрацоўваў гэты праект, прапануе нейкія змены). І кажа: «Так, ёсць у нас яшчэ іншая група грамадзян – яны лічаць, што нам наогул не трэба ўносіць ніякіх зменаў». Гэта значыць, аб большасці людзей прамовы наогул не ідзе – яны за бортам гэтага канстытуцыйнага працэсу» – кажа Анатоль Лябедзька.

Што ж да сённяшняга паседжання, кіраўнік Канстытуцыйнай камісіі Пётр Міклашэвіч заявіў, што на ім між іншага абмяркоўвалі пытанне аб адмене смяротнага пакарання ў Беларусі. Але камісія вырашыла, што цяпер гэта рабіць немэтазгодна.

Міхаіл Прановіч «Белсат»