Межы закрыюць усе адразу за пару гадзінаў


Краіны Балтыі і Польшча падрыхтавалі ўсё, каб зачыніць усе памежныя пераходы з Беларуссю на працягу пары гадзінаў, калі раптам адбудзецца крытычны інцыдэнт на мяжы з кімсьці з іх. Міністры ўнутраных справаў выпрацавалі адмысловы механізм рэакцыі і дакладныя крытэры, каб запусціць поўную блакаду Беларусі. Дэмакратычныя сілы і Офіс Святланы Ціханоўскай заяўляюць, што робяць усё, каб пасажырскі рух праз мяжу не спыняўся максімальна доўга. Але ўжо ёсць небяспечныя інцыдэнты гвалту з боку памежнікаў Лукашэнкі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Мы знаходзімся ў польскім Міністэрстве ўнутраных справаў і адміністрацыі, дзе міністр Мар’юш Каміньскі сёння прымаў сваіх калегаў з Літвы, Латвіі і Эстоніі. Міністры чатырох краінаў прынялі сумесны механізм рэагавання на пагрозы з боку Беларусі – на дзеянні рэжыму Лукашэнкі або непадкантрольных яму баевікоў на беларускай мяжы. Добрая навіна: сёння межы не зачыняюць. А кепская навіна ў тым, што калі будзе інцыдэнт, на поўнае закрыццё мяжы і для транспарту, і для пасажыраў спатрэбіцца ўсяго пара гадзінаў.

Фактычна чатыры краіны агучылі ўльтыматум для Лукашэнкі. Краіны Балтыі і Польшча патрабуюць, каб мігрантаў не выкарыстоўвалі для нелегальнага прарыву мяжы, а бяспечна вярнулі дадому, і каб Групу Вагнэра прыбралі з рэгіёну.

«У Беларусі знаходзяцца некалькі тысячаў дэмаралізаваных наймітаў, абвінавачаных у ваенных злачынствах. Частка з іх – крымінальнікі, што выйшлі з расейскіх турмаў узамен за ўдзел у вайне ва Украіне», – заявіў міністр унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы.

Марʼюш Каміньскі асобна падкрэсліў, што Група Вагнэра мае невядомы афіцыйны статус. І невядома, хто будзе несці адказнасць за іх дзеянні. Таму суседзі дзейнічаюць на апярэджанне.

«Мы дамовіліся, што калі адбудзецца крытычны  інцыдэнт на мяжы адной з нашых краінаў, мы будзем дзейнічаць рашуча. Вось яго канкрэтныя крытэры: масавае нелегальнае перасячэнне мяжы або ўжыванне зброі», – патлумачыла міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце.

Ад перастрэлкі на мяжы зусім блізка. Як паведаміла нам прэс-сакратар Памежнай аховы Польшчы, сілавікі Лукашэнкі зноўку здзяйсняюць правакацыі, нават не пераапранаючы формы.

«Уначы каля 23-й гадзіны 27-га жніўня на ўчастку памежнай службы каля мясцовасці Мельнік патруль беларускіх памежнікаў на службовым аўтамабілі і ў форме закідаў камянямі польскіх памежнікаў і вайскоўцаў. На шчасце, ніхто не пацярпеў, службовыя аўтамабілі не былі пашкоджаныя», – распавяла «Белсату» прэс-сакратар Памежнай аховы Польшчы Анна Міхальска.

У Берасцейскай памежнай службе, што ахоўвае той рэгіён, адмаўляюць факт здарэння, як і ў папярэдніх падобных выпадках. Але наступным разам, калі раптам дойдзе да страляніны, нашыя суседзі могуць усе разам зачыніць межы і для кітайскіх фураў, і для пасажырскіх аўтобусаў.

«Мяркую, гэта добры сігнал для Менску, для Лукашэнкі, што мы не будзем цягнуць з прыняццем рашэнняў», – падкрэсліў міністр унутраных справаў Латвіі Марыс Кучынскіс.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларуская мяжа.
Фота: onliner.by

Абʼяднаны пераходны кабінет настойвае, што пасажырскі рух мусіць працягвацца як мага даўжэй, каб не пацярпелі праціўнікі Лукашэнкі.

«Мы кантактавалі з прадстаўнікамі МУС усіх чатырох дзяржаваў: Літвы, Латвіі, Польшчы і Эстоніі(яна мяжуе з Расеяй). Мы звярнуліся да іх таксама пісьмова, як АПК. Нашая пазіцыя пачутая», – заявіў у панядзелак намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка.

Сёння ў Варшаве міністры ўзгадалі беларускіх палітвязняў і паабяцалі зрабіць усё магчымае, каб не пацярпелі беларусы – ахвяры рэпрэсіяў.

«Мы ў кантакце з беларускай апазіцыяй і Святланай Ціханоўскай, і выпрацоўваем такія механізмы і каналы, каб кожны, каму пагражаюць рэпрэсіі ў Беларусі, у сітуацыі закрыцця ўсіх памежных пераходаў мог бяспечна трапіць у нашыя краіны», – падкрэсліў міністр унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Марʼюш Каміньскі.

Як паведамілі міністры, краіны Балтыі і Польшча абмяркоўваюць магчымасць ужываць гэты механізм супраць правакацыяў і адносна Расеі, нават разам з Фінляндыяй і Нарвегіяй.

Ёсць і навіна пра магчымую дээскалацыю. Выведка міністэрства абароны Вялікай Брытаніі паведаміла, што Масква хутчэй за ўсё адмяніла вучэнні «Захад-2023», што мусілі прайсці ў Беларусі і Расеі гэтым вераснем.

Пагроза поўнага закрыцця межаў Беларусі з краінамі Еўразвязу застаецца адной з найважнейшых тэмаў для «Белсату». І мы працягваем сачыць за падзеямі ды інфармаваць нашых гледачоў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»