Беларусы ва Украіне звярнуліся да Зяленскага наконт праблемаў з легалізацыяй і перасячэннем мяжы


Беларусы Украіны звяртаюцца па дапамогу да Уладзіміра Зяленскага. На сайце ўкраінскага прэзідэнта з’явілася адмысловая петыцыя – яе падпісанты просяць «зняць штучныя перашкоды і празмерную бюракратыю» ў пытаннях уезду ва Украіну, іміграцыі ды атрымання і падаўжэння беларусамі дазволу на часовае пражыванне.

Для таго, каб Уладзімір Зяленскі разгледзеў зварот, петыцыя мусіць сабраць 25 тысяч подпісаў. Якой дапамогі патрабуюць беларусы Украіны і як можна палепшыць іхную сітуацыю?

Беларусы, якія з 24 лютага стала сутыкаюцца з праблемамі з легальным перабываннем ва Украіне, пастанавілі звярнуцца да Уладзіміра Зяленскага. На сайце ўкраінскага прэзідэнта з’явілася петыцыя, падпісанты якой просяць «вызначыць прававы статус сяброў Украіны – беларусаў».

«Мы не просім дадатковых прэферэнцыяў, не ствараем ніякіх праблемаў, заўсёды гатовыя да супрацы з уладамі, спрыяем аднаўленню і станаўленню незалежнай, дэмакратычнай і моцнай краіны, адзінае, чаго просім, – не перашкаджаць нам заставацца на тэрыторыі і ўзаемадзейнічаць з дзяржавай і грамадзянамі Украіны, не атаясамліваючы ўсіх беларусаў з цяперашнімі нелегітымнымі ўладамі нашай краіны».

Аўтары петыцыі звяртаюць увагу на тое, што большасці беларусаў адмаўляюць ва ўездзе на тэрыторыю Украіны, падаўжэнні відаў на жыхарства ці дазволаў на іміграцыю. Да таго ж у грамадзянаў Беларусі з дазволам на часовае пражыванне заблакаваныя асабістыя і карпаратыўныя рахункі ўва ўсіх украінскіх банках.

«Юрыдычна ўсё працуе, усе працэдуры ёсць, у любой інстанцыі скажуць, што няма ніякіх праблемаў, – кажа датычны да стварэння петыцыі Мікіта Пастухоў. – Праблемы пачынаюцца на месцах: тое, што прапісана ў законе, не працуе на гэты момант, і няма аб’ектыўнага матываванага адказу, чаму гэта не працуе».

Валанцёрка Пелагія Корсакава, якая ў свой час пераехала ва Украіну праз пагрозу пераследу ў Беларусі, меркавала працягнуць свой від на жыхарства з прычыны замужжа з украінцам. Але ў ЗАГСЕ ў іх нават не прынялі заявы, маўляў, беларуску не распішуць. А ў міграцыйнай службе сказалі, што і ейная валанцёрская дзейнасць не падстава працягваць дакумент. Праз беларускую нацыянальнасць, кажа дзяўчына, праблемаў ва Украіне – маса.

«Беларускі пашпарт – гэта як кляймо, на жаль. Першая праблема – тое, што мяне выгналі з майго дому. Мой другі дом, Украіна, мяне таксама выганяе. Праблемы ёсць у перамяшчэнні па самой Украіне, ёсць праблемы з легалізацыяй, то бок табе не працягваюць дакументаў. Ёсць праблемы з працаўладкаваннем, арэндаю жытла, таксама з камунікацыяй. Многія ўкраінцы, калі чуюць, што ты беларуска, не вельмі добра да гэтага ставяцца», – адзначае актывістка.

Дасюль, калі ў беларусаў узнікаюць праблемы з легалізацыяй ва Украіне, іхныя інтарэсы даводзіцца адстойваць пунктава. Паводле Прадстаўніцтва Святланы Ціханоўскай у Кіеве, гэта вымагае шмат высілкаў.

Сябра Абʼяднанага пераходнага кабінету Валер Кавалеўскі спадзяецца на працяг дыялогу з украінскай уладаю:

«Тут мы разлічваем на тое, што ўсё ж такі даможамся таго моманту, той увагі да беларусаў, калі падобныя змены, неабходныя для нас, будуць прынятыя на заканадаўчым узроўні».

Падпісанты петыцыі акурат заклікаюць, каб датычна беларусаў існавала агульнае рашэнне, якое б прыбрала штучныя перашкоды для іхнага легальнага перабывання ва Украіне. Каб Уладзімір Зяленскі разгледзеў зварот, ён павінен набраць 25 тысяч подпісаў.

Аналітыка
Не зламаныя дыскрымінацыяй. Як пачуваюцца беларусы ў эміграцыі пасля пачатку вайны
2022.08.26 18:58

«Белсат»