Сфармаваць бізнес-дыяспару, каб дапамагчы беларусам


Аб’яднаць беларускіх бізнесоўцаў у эміграцыі так, каб яны заставаліся беларускімі. У Кіеве прайшоў форум «Бізнес-Беларусь: Teach. Assist. Protect», арганізаваны Асацыяцыяй беларускага бізнесу за мяжой ABBA.

«Мы бачым адток самай мабільнай часткі насельніцтва, часткі бізнесу. Гэта перадусім айцішнікі. І проста актыўнага насельніцтва, такіх, як прадпрымальнікі», – сцвердзіў адзін са спікераў Леў Львоўскі, аналітык Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC.

Спыненне выдачы рэгістрацыі ІП у Беларусі сведчыць пра тое, што рэжым будзе ставіцца больш жорстка да прыватнае ініцыятывы, мяркуе суарганізатар канферэнцыі Мікалай Пракофʼеў. За апошні год тыя, хто ўтрымлівае ўладу, распачалі наступ на бізнесоўцаў – гэта і бессэнсоўныя праверкі, і закрыццё, і нават рэйдарскі захоп, зазначае суразмоўца:

«21 vek, Юркас… Спосабаў рэпрэсіяў вельмі шмат. Як мінімум гэта тое, што ніводзін бізнесовец не застаецца ўбаку – як мінімум таму, што ён плаціць падаткі на ўтрыманне таго ладу, які цяпер існуе. Каля 40–45 адсоткаў дзяржаўнага бюджэту фармуецца ад падаткаў з малога і сярэдняга бізнесу».

Задушэнне прыватнай ініцыятывы мае акурат прывесці да змяншэння колькасці падаткаў, а гэта паўплывае і на дабрабыт працаўнікоў бюджэтнае сферы. Але рэжымам кіруе іншая, больш кароткачасовая матывацыя, тлумачыць Леў Львоўскі:

«Важнейшае тое, што ёсць тут і цяпер, чым тое, што будзе праз некалькі гадоў. Акрамя таго, ёсць раздражненне прыватным бізнесам – ён менш залежыць ад улады.

На гэтым могуць выйграць іншыя краіны – тыя, якія дадуць беларускім бізнесоўцам да сябе прыехаць і створаць умовы дзеля рэалізацыі патэнцыялу.

«У Польшчы са жніўня колькасць прадпрыемстваў, арганізаваных беларусамі, павялічылася на 25–30 адсоткаў. То бок, уся колькасць за ўсю гісторыю павялічылася на 25–30 адсоткаў. І гэта пры тым, што ўмоваў для бізнесу няма», – звяртае ўвагу Мікалай Пракофʼеў.

Пакуль жа паспяховыя прыклады пераезду маюць толькі тыя, хто паспеў вывезці з Беларусі свой капітал. Задача ж абʼяднання АВВА – каб беларускія бізнесоўцы за мяжою дапамагалі адно аднаму і фармавалі моцную бізнес-дыяспару. На думку Мікалая Пракофʼева, беларускі бізнес ва Украіне і іншых еўрапейскіх краінах суседках зможа дапамагаць станаўленню новага беларускага грамадства.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»