З Беларусі ізноў ляцяць ракеты па Украіне


Сама меней 25 ракетаў сёння раніцаю былі выпушчаныя па Украіне з тэрыторыі Беларусі. Запускі былі зафіксаваныя з аэрадрому ў Зябраўцы Гомельскай вобласці. Тым часам кіраўнік данецкіх сепаратыстаў Дзяніс Пушылін напярэдадні сустрэўся з кіраўніцтвам Берасцейскай вобласці. Пра што сведчыць гэты візіт, які адбыўся акурат у Дзень прыняцця дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пяць ракетаў упалі ў Вышгарадскім раёне на поўначы Кіеўскай вобласці, дзве збітыя ўкраінскімі СПА, яшчэ больш за дзясятак прыляцелі ў Чарнігаўскую вобласць.

«Я зараз не буду казаць дзе, з меркаванняў бяспекі, інфармацыя аб ахвярах і разбурэннях удакладняецца. Як толькі будзе больш зразумела, абавязкова пра гэта раскажам», – паведаміў кіраўнік Чарнігаўскай абласной адміністрацыя Вячаслаў Чавус.

Маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» у інтэрвале з 5:23 да 6:29 раніцы зафіксавала пуск прыкладна 25 ракетаў у бок Украіны з аэрадрому Зябраўка ў Гомельскай вобласці. На гэтым аэрадроме заўважаныя каля 10 комплексаў С-300 і С-400, а таксама некалькі «Іскандэраў».

«З тэрыторыі Беларусі ранішнія абстрэлы былі па Чарнігаўшчыне і Кіеўшчыне, па Чарнігаўшчыне большая частка ракетаў упала ў лес – не вельмі зразумелая мэта. Па астатніх спрацавала СПА. Па Кіеўшчыне частка ракетаў прыляцела, частка прыляцела ў Васількоўскі раён», – расказывае кіраўнік праграм бяспецы Цэнтру глабалістыкі «Стратэгія ХXІ» Паўло Лакійчук.

Вайсковыя эксперты перакананыя: з аэрадрому ў Зябраўцы стралялі расейцы.

«Я думаю, загад адназначна аддае Расейская Федэрацыя, але Лукашэнку паведамляюць, яму папярэдне паведамляюць аб тым, што будуць праведзеныя ракетныя пускі з тэрыторыі Беларусі. Канкрэтных баявых задачаў і мэтаў на тэрыторыі Украіны яму не дакладваюць, але сам факт, што абстрэл будзе зроблены, яму, вядома, дакладваюць, бо ён гаспадар гэтай тэрыторыі», – падкрэсліў вайсковы эксперт Аляксандр Алесін.

Тым часам зрабілася вядома, што напярэдадні кіраўнік самаабвешчанай ДНР Дзяніс Пушылін наведаў Берасцейскую вобласць. Разам з сакратаром партыі «Единая Россия» Андрэем Турчаком і расейскім амбасадарам у Беларусі Барысам Грызловым яны ўсклалі вянкі да мемарыялу ў Берасцейскай крэпасці. Пазней Пушылін сустрэўся з кіраўніцтвам Берасцейскай вобласці. Афіцыйныя беларускія медыі аб візіце прамаўчалі. Візіт быў абразлівым для незалежнасці Беларусі, перакананы палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Юрый Дракахруст:

«Атрымалась сімвалічная дэманстрацыя таго, што беларускі суверэнітэт яшчэ зменшыўся. Адна выява страты суверэнітэту – гэта тое, што ляцяць ракеты, якія яны самі запускаюць як бы са сваёй зямлі, са сваёй тэрыторыі, а навошта беларусаў тут пытацца».

Візіт галавы сепаратыстаў адбыўся 27 ліпеня. У гэты дзень была прынятая Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. А ранішнія абстрэлы супалі з Днём украінскай дзяржаўнасці, які Украіна адзначае ўпершыню. Магчыма, гэтак чарговы раз Крэмль хоча паказаць, што не прызнае незалежнасці Украіны і Беларусі.

Антон Каменскі, «Белсат»