Беларускія суды працягваюць прызнаваць інфармацыйныя тэлеграм-каналы экстрэмісцкімі


Штодзень спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў расце, сёння яго папоўнілі яшчэ 8 тэлеграм-каналаў і чатаў.

Учора Жалезнадарожны суд Гомля прызнаў сайт і сацыяльныя сеткі «Белсату» гэтаксама экстрэмісцкімі. Нашага прадстаўніка не запрасілі на судовае паседжанне і пакуль нам не прыйшло ніякага афіцыйнага дакументу, таму каментаваць нешта цяжка. Але мы вырашылі даведацца пра досвед тых, каго экстрэмістамі прызналі раней.

Тэлеграм-канал МУС Беларусі апублікаваў толькі частку судовага выраку. Згодна з ёй экстрэмісцкім прызнаецца сайт «Белсату» і нашыя сацыяльныя сеткі ў «Тэлеграме», «Фэйсбуку», Укантакце» і «Інстаграме». Ці называюцца ў выраку нейкія іншыя платформы, напрыклад, Youtube-канал «Белсату» – невядома. Заяўнікам у прызнанні «Белсату» экстрэмісцкім стандартна выступіў ГУБАЗіК.

«У любым выпадку, пастанова суда яшчэ не ўвайшла ў дзеянне, ёсць 10 дзён на абскарджанне. Адзінае, што і абскардзіць нам няма чаго – гэтай пастановы на руках у «Белсату» няма, яна была апублікаваная толькі ў тэлеграм-канале прэс-сакратаркі МУС. Вось вам яшчэ адзін прыклад таго, што ў краіне абсалютны прававы дэфолт», – пракаментаваў кіраўнік аддзелу інфармацыі «Белсату» Ігар Кулей.

Аўтары Youtube-каналу «Рудабельская паказуха» жывуць са статусам «экстрэмістаў» ужо цэлы тыдзень. Усё было паводле той жа схемы, што і з «Белсатам»: зацікаўлены бок даведаўся пост-фактум, ініцыятарам выступіў ГУБАЗіК, прычыны прызнання рэсурсу экстрэмісцкім засталіся невядомыя.

«Насамрэч мы нават не спрабавалі даведацца, бо мы разумеем, што ўся краіна – экстрэмісты. Адно толькі здзіўленне было ў нас – а чаму так позна? Мы неяк адчувалі, што мы большыя экстрэмісты», – кажа адна з аўтараў Youtube-каналу «Рудабельская паказуха» Вольга Павук.

Самі блогеры ў прызнанні іхнага каналу экстрэмісцкім убачылі чарговую інфанагоду. Новы статус ацанілі не толькі падпісчыкі, але й чыноўнікі. Апошнія сталі больш ахвотна размаўляць з Вольгаю і Андрэем Павукамі. І тым не менш, невялікі адток падпісантаў з каналу адбыўся.

«Я сама для сябе абрала глядзець не на колькасць падпісчыкаў, а на тое, як змяняецца колькасць праглядаў. Бо ты не абавязкова павінен быць падпісаны на канал для таго, каб карыстацца інфармацыяй з яго. І нашыя рэйтынгі не ўпалі, усё добра. І мы з разуменнем ставімся да таго, што людзі павінны адпісацца – гэта нармальна», – падводзіць вынік Вольга Павук.

Пагроза стаць экстрэмісцкім рэсурсам напаткала і партал TUT.BY з усімі яго сацыяльнымі сеткамі. Спроба прадстаўнікоў парталу абскардзіць адпаведную пастанову камісіі была беспаспяховай.

«У асноўным гэта матэрыялы онлайн, калі памятаеце, са жніўня 2020 года ў нас былі онлайны штодзённыя, то бок гэта падборка ўсіх навінаў, яны і ляглі ў аснову гэтай экспертызы камісіі», – каментуе менеджарка zerkalo.io Аляксандра Пушкіна.

Разбіральніцтва ў справе TUT.BY пакуль прыпыненае. Але партал так ці інакш недасяжны.

«Адна з цытатаў, што «Тут.бай» праводзіў уласную рэдакцыйную палітыку. Напэўна, усе медыі праводзяць уласную рэдпалітыку, але гэта цяпер адна з прычынаў, паводле якой матэрыялы TUT.BY хочуць прызнаць экстрэмісцкімі», – узгадвае Аляксандра Пушкіна.

На думку юрыста Беларускай асацыяцыі журналістаў Алега Агеева, прызнаваць экстрэмісцкім цэлы рэсурс за некалькі спрэчных публікацыяў – парушэнне стандартаў свабоды выказвання.

«Адбылося тое, што ў адпаведнасці з беларускім нацыянальным заканадаўствам улады прынялі нейкае рашэнне, але яно супярэчыць тым прававым нормам, якімі рэгулюецца права на свабоду выказвання і права на распаўсюд інфармацыі», – каментуе Алег Агееў.

У Беларусі любы чалавек можа быць прыцягнуты за распаўсюд інфармацыі, прызнанай экстрэмісцкай. Нават старыя рэпосты беларускае заканадаўства палічыць парушэннем, бо пабачыць іх можна і цяпер, калі судовае рашэнне ўжо прынятае. Паводле адміністрацыйнага артыкулу 19.11, за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў прадугледжанае пакаранне ў выглядзе штрафу, грамадскіх працаў або арышту.

«Зразумела, што ўлады не будуць прыцягваць да адказнасці ўсіх, хто распаўсюджваў гэта, але, як ва ўсіх неправавых краінах, зараз пачнуцца чарговыя паляванні на тых, хто не падабаецца ўладам», – мяркуе Алег Агееў.

Спраўдзіць рэсурсы, прызнаныя ў Беларусі экстрэмісцкімі, можна ў раздзеле «Дакументы» на сайце Міністэрства інфармацыі. Дарэчы, «Белсату» у адпаведным спісе яшчэ няма. Адпісвацца ці не адпісвацца ад тых, каго прызналі экстрэмісцкім – пытанне, якое кожны вызначае для сябе сам. Але чытаць і праглядаць такія рэсурсы беларускім заканадаўствам усё яшчэ не забаронена.

Ірына Карніенка, «Белсат»