У Бруселі завяршыўся саміт Еўразвязу


Еўрапейская рада заклікала да поўнага і эфектыўнага выканання санкцыяў, а таксама да далейшых захадаў, каб супрацьдзеяць іх абыходу, у тым ліку праз трэція краіны. На саміце, што завяршыўся ў Бруселі, прынялі пастановы ў пытаннях Украіны, Блізкага Усходу, бяспекі ды абароны.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мы ацэньваем, што цягам наступнага дзесяцігоддзя спатрэбяцца каля пяцісот мільярдаў еўраў дадатковых інвестыцыяў у абарону. Мы ўжо стварылі набор інструментаў для абароны. Але агулам трэба болей», – заявіла старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен.

Важнай тэмай саміту сталі гібрыдныя пагрозы, што ствараюць для Еўропы Пуцін і Лукашэнка. Гэта і дэзынфармацыя, і кібератакі, і рэгулярныя агрэсіўныя спробы мігрантаў нелегальна перайсці межы Еўразвязу.

«Міграцыя – гэта нашае выпрабаванне. Мы мусім зрабіць крокі і дасягнуць пагаднення адносна міграцыйнага пакту, мусім развіць больш канкрэтных ініцыятываў у кааперацыі з іншымі краінамі ў сферы міграцыі. Мы ведаем, што неабходна працаваць разам, каб пераадолець гэты выклік», – кажа старшыня Еўрапейскай рады Шарль Мішэль.

Яшчэ адная пастанова рады, датычная лукашэнкаўскага рэжыму, – ухваленне чатырнаццатага пакету санкцыяў супраць Расеі і пагадненне наконт далейшых абмежавальных захадаў супраць Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Заля Еўрапарламента. Брусель, Бельгія. 21 чэрвеня 2022 года. Фота Аліса Ганчар/ Белсат

«Новыя санкцыі супраць Беларусі фактычна адлюстроўваюць некаторыя з найбольш важных санкцыйных пастановаў супраць Расеі, выкліканых высокім узроўнем інтэграцыі і супрацы паміж двума рэжымамі на палітычным, эканамічным і гандлёвым узроўнях. Каб перадухіліць любую форму абыходу нашых санкцыяў, скіраваных супраць Расеі, нам трэба рэалізаваць гэткія захады і супраць рэжыму Лукашэнкі ды ягонай эканомікі», – перакананы прадстаўнік Еўракамісіі ў пытаннях замежнай палітыкі і бяспекі Пэтэр Стана.

У чатырнаццаты пакет санкцыяў, прыняты ў панядзелак, з беларускіх фігурантаў трапілі дзяржаўны сакратар саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў, холдынг «БелОМА» і персанальна яго генеральны дырэктар Аляксандр Мароз, а таксама Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і яго першы сакратар Аляксандр Лук’янаў.

Нямеччына і Францыя дамагліся змякчэнняў у чатырнаццатым пакеце. Напрыклад, не ўдалося цалкам забараніць экспарт з Еўразвязу транспартавых сродкаў. Абмежаванні датычаць толькі той тэхнікі, якую можна выкарыстаць у вайсковых мэтах.

«Дзяржавы-чальцы грунтуюцца на сваіх інтарэсах і сваіх ацэнках таго, наколькі санкцыі нанясуць шкоду аб’екту санкцыяў і наколькі моцна яны нанясуць шкоду нашай уласнай эканоміцы. Эканамічныя інтарэсы – яны вызначаюць, наколькі далёка мы хочам зайсці. Тут кожная краіна мае права прымаць тыя пастановы, што найбольш адпавядаюць яе нацыянальным інтарэсам», – тлумачыць Пэтэр Стана.

Што праўда, новыя абмежавальныя захады за суўдзел Беларусі ў вайне ва Украіне, якія закрануць гандаль, паслугі, транспарт і барацьбу з абыходам санкцыяў, паводле крыніцаў «Белсату» ў кулуарах Еўракамісіі, плануюць ухваліць ужо найбліжэйшымі днямі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»