Што дазволяць сілавікам змены ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс?


Сілавікі атрымалі дазвол блакаваць грошы ў электронных гаманцах, а таксама электронныя пошты і нумары тэлефонаў. Нібыта ў межах барацьбы з кіберзлачыннасцю. Акрамя таго, у Крымінальна-працэсуальны кодэкс унесеныя змены адносна дасудовага вядзення. Ці на карысць людзям гэтыя змены?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Палата прадстаўнікоў ухваліла ў першым чытанні шэраг зменаў у Крымінальна-працэсуальны кодэкс. Істотным выглядае пашырэнне паўнамоцтваў дзяржаўных органаў на стадыі дасудовага вядзення, а таксама – размежаванне кампетэнцыяў паміж кіраўнікамі органаў пракуратуры. Аднак ёсць нюанс.

«Нават калі аптымізацыя паміж раздзеламі – гэта ўсё махіна рэпрэсіяў, таму нават, калі выглядаюць нейкія моманты разумна, ад іх будзе павялічвацца хуткасць рэпрэсіяў», – кажа юрысконсульт тэхналагічнага аддзелу ў «Rymarz Zdort Maruta», доктар Яраслаў Кот.

Істотныя змены датычаць IT-сферы. Сілавікам цяпер можна ўчыняць лічбавы ператрус без прысутнасці ўласніка тэхнікі, накладаць арышт на электронныя грошы. На думку Яраслава Ката, мэта гэтых зменаў – не столькі прывесці заканадаўства ў адпаведнасць з сучаснымі тэхналогіямі, колькі атрымаць магчымасць забіраць у дзяржаўны скарб лічбавую валюту.

Неправамернай нормай эксперт называе і дазвол спыняць паслугі інтэрнэт-сувязі, блакаваць электронную пошту і нумар тэлефону.

«Гэта парушае канстытуцыйныя правы і свабоды асобы і гэтага не павінна быць, гэта як кара можа быць, але не як працэсуальная норма. У некаторых краінах гэта край, калі з тэрарыстамі працуюць, бо гэта частка асноўных правоў і свабодаў», – лічыць Яраслаў Кот.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь.
Фота: aif.by

Электронныя гаманцы могуць мець не толькі кіберзлачынцы, але і ўсе ахвотныя грамадзяне. Імі беларусы карыстаюцца ў тым ліку, калі хочуць заданаціць на падтрыманне палітвязняў і іхных сем’яў. Або на любую іншую актыўнасць, што не падабаецца дзяржаве.

«Ёсць вялікія падазрэнні, засцярогі, што шмат якія змены ў нашае заканадаўства выкарыстоўваюцца цяпер не для абароны правоў грамадзянаў. На жаль, гэта так», – мяркуе прадстаўнік «BELPOL» Андрэй Астаповіч.

Сярод зменаў у Крымінальна-працэсуальны кодэкс ёсць і адкрыта палітызаваныя. Цяпер справы за злачынствы супраць былога прэзідэнта і чальцоў ягонай сям’і будзе разглядаць выключна Вярхоўны суд.

«Вось гэта пастаянная, як мы бачым, нейкая падстрахоўка на будучыню, якая вядзецца са зменамі заканадаўства ўжо цягам, напэўна, паўтара года. У Вярхоўным судзе адныя з самых набліжаных да Лукашэнкі асобаў. Амаль нязменныя, якія правяранні ўсе магчымыя на лаяльнасць прайшлі», – зазначае прадстаўнік «BELPOL» Андрэй Астаповіч.

На думку абодвух нашых экспертаў, ухваленнем законапраекту ўлады легалізуюць практыку, якая шмат у чым і гэтак існавала апошнія гады. Змены на паперы ж значна спросцяць працу сілавым структурам.

Аліна Скрабунова, «Белсат»