Прэзідэнцкія дэбаты ў ЗША – згадалі і пра Беларусь


Першыя дэбаты кандыдатаў на пасаду прэзідэнта ЗША. Джо Байдэн і Доналд Трамп адзін аднаго не шкадавалі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Што тычыцца Расеі і Украіны, калі б у нас быў сапраўдны прэзідэнт, прэзідэнт, які ведаў, што яго паважае Пуцін, той бы ніколі, ніколі не ўварваўся б ва Украіну. Калі я буду абраным прэзідэнтам, я скончу гэтую вайну паміж Пуціным і Зяленскім яшчэ да таго, як заступлю на пасаду дваццатага студзеня», – заявіў кандыдат на пасаду прэзідэнта ЗША Доналд Трамп.

«Я ніколі не чуў столькі глупстваў, – адказаў кандыдат на пасаду прэзідэнта ЗША, дзейны прэзідэнт Джо Байдэн. – Гэты хлопец, які хоча выйсці з NATO. Вы збіраецеся заставацца ў NATO? Ён збіраецца выходзіць з NATO».

Дзейны прэзідэнт Джо Байдэн рэпрэзентуе дэмакратычную партыю, экс-прэзідэнт Доналд Трамп – рэспубліканскую. І гэта два найстарэйшыя кандыдаты на пасаду кіраўніка ЗША ў гісторыі. На дваіх ім цяпер сто пяцьдзясят дзевяць гадоў.

«Палову маёй кар’еры мяне крытыкавалі за тое, што я самы малады чалавек у палітыцы. Я быў другім самым маладым чалавекам, калі-небудзь абраным у Сенат Злучаных Штатаў. А цяпер я – найстарэйшы. Гэты хлопец на тры гады маладзейшы і нашмат менш кампетэнтны», – мяркуе Байдэн.

«Я прайшоў два тэсты, кагнітыўныя тэсты. Я здаў абодва, як вы ведаеце, мы апублікавалі гэта. Ён не здаваў ніводнага. Я хацеў бы бачыць, як ён праходзіць адзін вельмі лёгкі тэст. Напрыклад, першыя пяць пытанняў», – заявіў Трамп.

Згодна апытанню CNN, Трамп перамог на дэбатах з вынікам шэсцьдзесят сем супраць трыццаці трох адсоткаў. Чатыры гады таму пасля аналагічных дэбатаў лічбы былі на карысць Байдэна – шэсцьдзесят два адсоткі супраць дваццаці васьмі.

«Я назаву Трампа толькі таму, што яго прасцей зразумець і ён лепш умее перадаць свой мэсідж, у той час як прэзідэнт Байдэн з усіх сілаў спрабуе давесці свае пункты гледжання, – разважае галасавальнік ад дэмакратаў Брыджман Болджэр. – І вы ведаеце, усё тое, што хвалявала многіх людзей наконт ягонага ўзросту і ягонай прамовы, перашкодзіла добра выступіць на гэтых дэбатах».

«Гэта будзе вельмі блізка. Я думаю, што ўсе, хто думае прагаласаваць, мусяць ісці. Я думаю, што гэта будзе вельмі блізка, але, мяркую, Трамп пераможа», – кажа галасавальнік ад рэспубліканцаў Браян.

Выданне «The New York Times» назвала выступ Байдэна «хісткім і няўпэўненым. Здавалася, ён блытаўся ў сваіх адказах».

«Я на ўчорашніх дэбатах не ўбачыў нейкіх вельмі слабых элементаў з боку Байдэна, бо тыя атакі Трампа былі больш эмацыйныя і маніпулявалі пэўнымі фактамі», – звяртае ўвагу амерыканіст Антон Пянькоўскі.

Дэбаты Джо Байдэна і Дональда Трампа.
Фота: CNN

На дэбатах прагучала згадка пра Беларусь. Байдэн заявіў, што ў выпадку перамогі над Украінай Пуцін рушыць на Польшчу і нашую краіну.

«Мы тут можам спекуляваць – там вельмі кароткія сказы, калі ён згадвае Беларусь, – разважае Антон Пянькоўскі. – Але ж я мяркую, што тут ён пералічыў дзве краіны, якія будуць пад найвышэйшай пагрозай. І гэта тое, што цяпер на стале амерыканскай прэзідэнцкай адміністрацыі».

Дзейны прэзідэнт, выглядае, застаўся задаволены вынікамі першых дэбатаў:

«Я думаю, што ў нас усё атрымалася добра».

Але, як быццам, не ўсе ў ягонай партыі з гэтым згодныя. Паводле выдання «USA Today», некаторыя дэмакраты лічаць, што Байдэн «мусіць зняць сваю кандыдатуру, каб даць магчымасць вылучыцца іншаму дэмакрату». Тэарэтычна гэта можа адбыцца на зʼездзе партыі ў жніўні. Наступныя ж дэбаты пройдуць у верасні.

Ян Федаровіч, «Белсат»