Абыйсці санкцыі: экспарт перанакіруюць на Усход


Еўразвяз абвесціў сектаральныя санкцыі – улады Беларусі вярнуліся да абмеркавання эканамічнай інтэграцыі з Расеяй. Амбасадар Беларусі ў Расеі Уладзімір Сямашка заявіў пра задачу стварыць між краінамі агульныя рынкі нафты, газу, транспарту, электраэнергетыкі. А таксама ўвесці адзіную прамысловую і сельскагаспадарчую палітыку, правесці аднастайнасць падатковага і мытнага заканадаўстваў.

Гэткі план хочуць выканаць да канца года. «Вось мы перанакіруем нашую тавараплынь на Захад, напрыклад. Цяпер такой магчымасці няма, таму Расея атрымоўвае шанец, магчымасці ціснуць на Беларусь і выкручваць рукі беларускаму рэжыму», – упэўнены філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Калійныя ж угнаенні таксама будуць перанакіроўваць у Расею і, сярод іншага, у Кітай ды агулам на Усход. Летась калійныя ўгнаенні склалі чацвёртую частку ўсіх грузаў порту ў Клайпедзе.

«Узрастае норма прыбытку, якая пад санкцыямі досыць звычайная, а абыходзячы санкцыі, можна кантрабандна гандляваць гэтымі рэчамі. Ну, і заўсёды ёсць краіны, якія самі далёкія ад дэмакратыі і якім зусім не цікава далучацца да пэўных санкцыяў, якія могуць скарыстацца гэтаю нагодаю, каб адчыніць новыя каналы паставак, гандлю і гэтак далей», – прагназуе Уладзімір Мацкевіч.

У продажы нафты супрацоўнічаць плануюць і з Казахстанам. Падпісалі пагадненне пра імпарт яе ў Беларусь. Адна з дамоўленасцяў – продаж без мыта. Больш дакладныя ўмовы і аб’ёмы яшчэ будуць узгадняць, бо дакумент мусіць зацвердзіць парламент Казахстану. Адбыцца гэта можа і ўвосень.

«Ёсць абсалютна дакладнае бачанне, што Беларусь і Казахстан – гэта партнёры, саюзнікі», – сцвярджаў на сустрэчы прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка.

Экспертка ў нафтагазавай галіне тлумачыць, што купляць нафту ўсё адно будзе выгадней у Расеі. Імпарт адтуль працягваецца, хоць і ў меншых аб’ёмах. Таму дамова з Казахстанам – не вымушаны крок, тым больш што рыхтавалі яе амаль два гады.

«Былі заявы, што ў трэцім квартале не будзе паставак нафты. Дарэчы, казалі, што ў траўні не будзе, але «Нафтан» 600 тысяч нафты перапрацоўвае. Я так разумею, што, пэўна, Беларусь і Расея знайшлі нейкія схемы абыходу санкцыяў. Магчыма, праз кампанію-пасярэдніка. Магчыма, гэта пастаўкі да мяжы Беларусі, а потым перакупляе нейкая кампанія, якая пастаўляе на «Нафтан», – тлумачыць экспертка ў нафтагазавай галіне Таццяна Манёнак.

Плануюць і павялічыць экспарт у Казахстан сельскагаспадарчай прадукцыі ды будаўнічых матэрыялаў. Таксама Беларусь створыць у краіне індустрыйны цэнтр. Структура будзе займацца вытворчасцю, навукова-тэхнічнай дзейнасцю ды рыхтаваннем адмыслоўцаў.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»