Пры спробе нелегальнага мінання мяжы мігранты паранілі нажом польскага жаўнера


У беларускіх памежнікаў ёсць усё, каб эфектыўна супрацьстаяць парушальнікам, кажа Лукашэнка ў віншавальнай тэлеграме з нагоды Дня памежных войскаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Але пры гэтым рэжым усё часцей выкарыстоўвае беларускую памежную службу для арганізацыі гібрыдных атакаў на мяжы з суседнімі краінамі, а спробы прарыву мігрантаў у Еўразвяз апошнім часам становяцца ўсё больш масавымі і агрэсіўнымі.

Пры спробе нелегальнага пераходу беларуска-польскай мяжы адзін з мігрантаў сур’ёзна параніў польскага жаўнера нажом. Як распавялі ў камандаванні Польскага войска, напад адбыўся каля паловы на пятую раніцы на ўчастку заставы ў Дубічах-Царкоўных. Прарыў спрабавала здзейсніць група з прыкладна паўсотні чалавек. Яны кідалі ў памежнікаў і жаўнераў каменне ды галлё, заміналі надаваць медычную дапамогу параненаму вайскоўцу.

«Нарастае міграцыйны ціск, расце агрэсія гэтых асобаў. Яны спрабуюць фарсіраваць мяжу ў вялікіх групах, што фармуюцца дзякуючы падтрыманню беларускіх службаў», – кажа намеснік міністра ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Чэслаў Мрочэк.

У камандаванні Польскага войска зазначылі: сённяшні напад не першы такі выпадак. Напярэдадні на гэтай жа заставе нажом, прывязаным да палкі, парэзалі руку памежніку. А каля Белавежы мігрант атакаваў вайскоўца з дапамогаю разбітай бутэлькі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польскія памежнікі.
Фота: gov.pl

Сёлетні травень ужо стаўся рэкордным паводле колькасці спробаў незаконнага мінання мяжы Еўрапейскага Звязу з боку Беларусі з пачатку міграцыйнага крызісу. За 26 дзён трапіць у Польшчу, Літву і Латвію намагаліся 6647 асобаў.

«Толькі непадрыхтаванаму гледачу можа падацца, што атакуюць неяк хаатычна, вось мігранты атакуюць межы. Але гэта кіраваны крызіс. Ім кіруюць і, у залежнасці ад патрэбаў рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі, гэтая хваля то паслабляецца, то робіцца мацней», – упэўнены аўтар праграмы «ПраСвет» на Белсаце, палітычны аглядальнік Сяргей Пеляса.

У адказ польскія ўлады намераныя сурʼёзна ўмацаваць усходнюю мяжу. Напярэдадні Міністэрства абароны Польшчы прэзентавала дзяржаўную праграму пад назваю «Усходні шчыт».

«Гэта найбуйнейшая аперацыя для ўмацавання ўсходняй мяжы Польшчы, усходняга флангу NATO, з 1945 года. Нам патрэбны доўгатэрміновы інфраструктурны план, што будзе ўключаць у сябе ўмацаванні, розныя тыпы барʼераў, а таксама – а можа быць, і перадусім – сучасныя сістэмы для маніторынгу паветранай прасторы пры любых параметрах і на любой вышыні», – кажа міністр абароны краіны Владыслаў КасінякКамыш.

На ўчастку польскай мяжы працягласцю 700 кіламетраў, 500 з якіх прыпадаюць на мяжу з Беларуссю і Расеяй, зʼявяцца новыя агароджы і абарончыя збудаванні, запрацуе сістэма маніторынгу прасторы «Барбара» коштам 250 мільёнаў долараў і будуць падрыхтаваныя мінныя палі.

«Мы хочам, каб гэты праект пачаўся неадкладна. Ён пачнецца сёлета і планавана завершыцца да 2028 года. Арыентаваны кошт складае каля 10 мільярдаў злотых (2,55 мільярда долараў). І гэта толькі беспасярэднія матэрыяльныя выдаткі», – дадае намеснік міністра абароны Польшчы Цэзары Томчык.

Адначасова з фартыфікацыяй мяжы з Беларуссю польскія ўлады разглядаюць магчымасць аднаўлення працы аднаго з раней закрытых пунктаў пропуску. Паводле польскага прэмʼера Дональда Туска, пастанова аб адкрыцці КПП «Баброўнікі-Бераставіца» можа быць прынятая ў найбліжэйшыя дні, калі ўлады краіны прыйдуць да высновы, што гэта не прынясе пагрозы для нацыянальнай бяспекі.

Аляксандр Баразенка, «Белсат»