Дзяржава змяняе правілы выдачы сямейнага капіталу


Памер сямейнага капіталу ў Беларусі складае 31 480 рублёў. У беларускіх рэаліях – сума немалая. Купля жытла, платныя медыцына ды адукацыя. Менавіта на гэта шматдзетныя сем’і найчасцей датэрмінова выкарыстоўваюць гэткі капітал. Ад сёння дзяржава змяняе правілы выдачы гэткае дапамогі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Гэтак, шматдзетным семʼям, у якіх бацьку прызнаюць так званым дармаедам, увогуле не будуць прызначаць сямейнага капіталу.

«Грамадству ў чарговы раз даводзіцца наратыў, што сацыяльныя льготы – гэта не частка сацыяльнай палітыкі любой дзяржавы, для фінансавання якой беларускае грамадства плаціць падаткі сацыяльныя ды і ўнёскі, – а што сацыяльныя льготы шматдзетным плаціць Лукашэнка са сваёй кішэні», – адзначыў навуковы работнік BEROC Алег Мазоль.

Станам на 1 траўня сёлета для шматдзетных семʼяў адкрылі больш за 137 000 дэпазітных рахункаў у межах праграмы «Сямейны капітал». І шмат хто спяшаецца скарыстацца магчымасцю выплатаў. На датэрміновае распараджэнне сродкамі сямейнага капіталу шматдзетныя грамадзяне падалі 84 877 заяваў. З іх большасць – 68 945 – назвала мэтаю паляпшэння жыллёвых умоваў, на атрыманне платных медычных паслуг – 9 498, платнай адукацыі – 6 429. На набыццё тавараў для інвалідаў падалі 5 заяваў.

«Кошты ў нас растуць, долар абясцэньваецца, – канстатуе маці чатырох дзяцей Маргарыта Касабуцкая. – 10 000 долараў нават 3 гады таму і цяпер – гэта цалкам розныя сумы. Таму я мяркую, што людзі не асабліва вераць дзяржаве ў тым, што наогул у далейшым змогуць гэты капітал выкарыстоўваць. Застанецца ён? Не застанецца?»

Ад гэтага дня выдаткаваць капітал на куплю жытла дазволяць, толькі калі няма лішніх квадратных метраў. У Менску гэта не больш за 10 «квадратаў» на чальца шматдзетнае сямʼі, а ў іншых населеных пунктах – да 15-ці. Пры куплі жытла за грошы праграмы сямʼю знімуць з чаргі на паляпшэнне жыллёвых умоваў. Зрабілі больш жорсткімі і правілы продажу такіх кватэраў і дамоў. На думку незалежнай грамадскай актывісткі, феміністкі і маці дзвюх дачок Насты Базар, гэтая захада наўрад ці станецца эфектыўнаю.

«Ёсць такія людзі, якія нараджаюць дзяцей, каб атрымаць кватэру. Мне здаецца, што гэта таксама не надта працуе. Усё-такі спадзяюся, што большасць у Беларусі – адукаваныя людзі, якія разумеюць, што дзіця – гэта асобная істота і асобны чалавек. А не прычына, праз якую яны атрымаюць кватэру».

Медычныя паслугі за кошт сямейнага капіталу цяпер можна атрымаць толькі ў дзяржаўных установах аховы здароўя. А ў выпадку стаматалагічнага лячэння пры заключэнні дамовы дазволяць заплаціць толькі палову, а рэшту – пасля надання паслугі.

Шматдзетная маці Маргарыта Касабуцкая ўзгадвае, што кошты атрымаліся немаленькія, бо вельмі сапсаваліся зубы, асабліва пры апошніх родах:

«І вядома, так, я зрабіла каронкі. Гэта было неабходна. Бо я засталася сама з чатырма дзецьмі. І нідзе такую ​​суму не знайшла б, не зарабіла».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзеці. pixabay.com

Але гэткае фінансавае падтрыманне семʼяў не асабліва спрыяе паляпшэнню дэмаграфічнай сітуацыі.

«Адбываюцца змены ў грамадстве, – патлумачыў навуковы работнік BEROC Алег Мазоль. – Жанчыны пазней уступаюць у шлюб, нараджаюць менш дзяцей. Таму асноўным фактарам змены дэмаграфічнай сітуацыі я б найперш назваў не фінансавы, а сацыяльны. Павінныя змяніцца каштоўнасныя падыходы да сямʼі, да шлюбу – тады і можна чакаць паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі».

Пагоршыў сітуацыю з нараджальнасцю і палітычны крызіс апошніх чатырох гадоў, нагадала незалежная грамадская актывістка і актывістка Наста Базар.

«Вельмі шмат людзей задумваюцца: ці хочуць яны нараджаць у такую краіну, у такую дыктатуру. Разумеючы, што за кожным і кожнай могуць прыйсці, я думаю, што гэта таксама, безумоўна, уплывае».

Тым часам чыноўнікі абвясцілі пра намер больш актыўна выкрываць выпадкі неабгрунтаванага выкарыстання сямейнага капіталу. Калі прызнаюць карыстанне незаконным, то сямейны капітал адбяруць.

Марына Яновіч, «Белсат»