Бельгія вылучыць Украіне не менш за 977 мільёнаў еўраў


Бельгія перадасць Украіне свае 30 знішчальнікаў F-16. Гэта адбудзецца ў тэрмін да 2028 года, як толькі Брусель атрымае F-35 ім на замену.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мы ведаем, што для Украіны гэта вельмі важная магчымасць, але вы таксама ведаеце, што мы ўдзельнічаем у кааліцыі. Такія краіны, як Нідэрланды і Данія, ужо маюць свае F-35 і, такім чынам, могуць перадаць F-16 хутчэй, – кажа міністарка абароны Бельгіі Людывін Дэдандэр. – Тым часам, Бельгія надзвычай актыўна рыхтуе пілотаў і тэхнікаў. Відавочна, што гэта перадумовы для выкарыстання F-16 ва Украіне».

Гэта не адзіны вынік візіту прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў Брусель. Ён падпісаў з прэм’ер-міністрам Бельгіі Александэрам Дэ Кроў пагадненне аб падтрыманні Украіны на 10 гадоў. Сёлета Бельгія вылучыць не менш за 977 мільёнаў еўраў у якасці вайсковай дапамогі.

«Нашая супраца – паміж Украінай і Бельгіяй – у развіцці абароннай прамысловасці будзе накіраваная таксама на ўмацаванне бяспекі нашых народаў. Гэта замацавана і ў пагадненні», – заявіў Уладзімір Зяленскі.

Напярэдадні Уладзімір Зяленскі наведаў Іспанію. Мадрыд вылучыць сёлета вайсковую дапамогу ўлучна з танкамі «Leopard-2» і комплексамі «Patriot» на агульную суму 1 мільярд 130 мільёнаў еўраў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Фота: president.gov.ua

«Хацелася б усё атрымліваць з адной крыніцы, напрыклад, ад ЗША, – разважае ўкраінскі палітолаг Яўген Магда. – Але мы ўжо навучаныя горкім досведам некалькімесячнага абгаворвання пакетаў дапамогі, якая цяпер надыходзіць дастаткова вялікімі порцыямі. У любым выпадку гэта патрэбна, бо вайна зʼядае ўсё. Няма ніводнага вайскоўца, які скажа, што яму хапае снарадаў, патронаў, зброі».

Крэмль таксама шукае саюзнікаў у вайне. Паводле выдання «Bild», супраца Ірану і Расеі выйшла на новы ўзровень. Цяпер Тэгеран пастаўляе Маскве кіраваныя авіябомбы «Qaem-5» – найноўшую зброю ўласнай вытворчасці. Эксперты выдання заўважылі іх на відэазапісе з месца падзення іранскага цяжкага беспілотніка «Mohajer-6», які разбіўся днямі ў Курскай вобласці.

«Гэта новы працяг старога супрацоўніцтва РФ і ісламскай рэспублікі Іран, – мяркуе вайсковы эксперт, былы супрацоўнік СБУ Іван Ступак. – Што тут новага – гэта не проста беспілотнікі-камікадзэ, як мы прывыклі бачыць, – «Shahed» ляціць, і ягоная мэта – даляцець у адзін бок і зваліцца. Тут мы бачым ударны беспілотнік, які падобны на «Bayraktar».

Між тым, у Харкаве дагэтуль разбіраюць завалы гандлёвага цэнтру «Эпіцэнтр». Ахвярамі расейскага ўдару, што адбыўся 25 траўня, сталіся як найменей 17 асобаў.

У панядзелак Расея зноў абстраляла Харкаў. У выніку ўдару па гарадской прамзоне загінула адна асоба і 11 пацярпелі.

«Справакаваць паніку, вялікую незадаволенасць. Людзі перамяшчаюцца, зʼязджаюць, бізнес не плаціць падаткі, з падаткаў не фінансуецца войска. Горад вялікі, горад мільённік, а значыць, вялікая колькасць падаткаў там генеруецца. Ну і горад, які ў руінах, яго проста браць. На жаль, зараз мы бачым метадычнае разбурэнне гораду», – разважае Іван Ступак.

Да таго ж, Расея ладзіць інфармацыйныя дыверсіі. Адна з іх, згодна з Цэнтрам супрацьдзеяння дэзынфармацыі пры Радзе нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны, – гэта пагроза адкрыцця другога фронту з боку Беларусі. Неўзабаве шэраг гучных заяваў на гэты конт можа зрабіць кіраўніцтва Расеі і Беларусі.

Ян Федаровіч, «Белсат»