Каму і навошта патрэбна народнае апалчэнне?


Фармальна Беларусь не ўдзельнічае ў вайне ва Украіне, але расейскія войскі выкарыстоўваюць яе тэрыторыю і чыгуначныя шляхі – для лагістыкі і тылавога забеспячэння. Але навошта Беларусі народнае апалчэнне?

«Хтосьці кажа, што гэта менавіта для таго, каб абараніцца ад расейцаў, але наколькі гэта дапаможа Лукашэнку сказаць цяжка, таксама гэта можна ўспрымаць, як пэўны манеўр чарговы, каб не кажучы Пуціну нет фактычна не ўвязвацца ў вайну з Украінай», – кажа Ігар Леўчанка, украінскі вайскова-палітычны аглядальнік.

Са словаў вайсковага эксперта, Лукашэнка баіцца не толькі Пуціна, але і беларусаў.

«Калі ім раздаць зброю і тым больш, паслаць на тэрыторыю Украіны, то па першае гэтае войска можа быць разбітае, Беларусь панясе досыць цяжкія страты. З іншага боку Лукашэнка відаць нікому не давярае і баіцца, што беларускія войскі нейкім чынам могуць выступіць супраць яго ў выніку ўсіх гэтых дзеянняў», – мяркуе Ігар Леўчанка.

Паводле Лукашэнкі, на Беларусь, цытата, чыніцца «ваенны ціск» праз Польшчу, Літву, Латвію, і «дыслакаваныя войскі NATO».

Па словах палітолага Паўла Усава, на мяжы з Украінай застаецца даволі вялікі кантынгент сілаў спецыяльных аперацыяў, усё гэта трэба разглядаць комплексна і безумоўна асцярожна падыходзіць да заяваў Лукашэнка, што мы ў гэтую вайну ніколі ўключацца не будзем. Ён вельмі шмат рабіў такіх заяваў перад пачаткам вайны і пад час вайны і ўсе гэта мянялася як раз ад узроўню і ступені ціску Пуціна на Лукашэнка.

Лукашэнка – у цяжкой сітуацыі, фактычна загнаны ў кут, кажа кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка. Ён бачыць тры мэты стварэння народнага апалчэння:

«Паказаць крамлю, што ён рыхтуецца да рэальных дзеянняў, прадэманстраваць грамадству, што ёсць небяспека нібы нападу на Беларусь з боку НАТА ці з боку Украіны. І 3- ён баіцца, што будзе прымушаны да нейкіх дзеянняў».

Інфармацыі, калі з’явяцца першыя гэтак званыя апалчэнцы, няма.

Паліна Еўстаф’ева, «Белсат»