Што блізкі травень нам рыхтуе?


Беларусы сёлета сталі есці менш мяса, мясных кансерваў і свежых яблыкаў – продажы скараціліся амаль на траціну. Таксама радзей купляюць грэчку і рыс, муку, алей і макарону.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Менш бяруць сокаў і бульбы. Гэта статыстыка Белстату. Дык можа, сітуацыю трохі выправіць запланаванае ў траўні падвышэнне пенсіяў на пяць адсоткаў?

«Калі глядзець у гадавым вымярэнні, то ў сярэднім цэны растуць. Таму вось такім паступовым павышэннем пенсіяў цягам года дзяржава кампенсуе пенсіянерам гэты рост цэнаў, што мы назіраем», – кажа экспертка Цэнтру «BEROC» Настасся Лузгіна.

Аднак кампенсацыя не паспявае. Калі паглядзім у месячным вымярэнні, то, паводле таго ж Белстату, рэальныя пенсіі, што разлічваюцца з улікам росту цэнаў на тавары і паслугі – падаюць. Напрыклад, сёлета ў лютым яны зменшыліся на 1,2% у параўнанні са студзенем.

Пад пытаннем пакуль застаецца падвышэнне мінімальных працоўных і сацыяльных пенсіяў, прывязаных да бюджэту пражытковым мінімумам. Таксама ад яго залежаць памеры аднаразовай выплаты цяжарным і дапамогі пры нараджэнні дзяцей.

Цяпер бюджэт пражытковага мінімуму складае трыста сорак адзін рубель сорак восем капеек, пераглядаць жа яго будуць непасрэдна ў траўні. З другога траўня на палову пункта – да дзесяці адсоткаў – зменшаць стаўку рэфінансавання. Гэта ўжо чацвёртае яе зніжэнне сёлета. Што гэта нам дае?

«Гэта дае магчымасць атрымаць больш даступныя крэдыты. Але пры гэтым трэба разумець, што зніжэнне стаўкі рэфінансавання можа адбіцца таксама і на кошце дэпазітаў. Калі банкі зніжаюць стаўкі крэдытаў, то аб’ектыўна яны будуць зніжаць таксама і стаўкі дэпазітаў. Што, вядома, адбіваецца на прывабнасці тых жа дэпазітаў, ну, і на даходнасці для тых жа фізічных асобаў», – дадае Настасся Лузгіна.

У траўні ж заканчваецца дзеянне забароны на завоз тавараў «Шкоды», «Нівэі» і «Лікві Молі». Два гады таму рэжым выгнаў гэтыя брэнды з Беларусі праз тое, што яны адмовіліся спансаваць чэмпіянат свету па хакеі, які меўся адбыцца дый так і не адбыўся ў Менску. Ці здымуць цяпер забарону на легальны завоз гэтых брэндаў?

«Рынкі Беларусі і Расеі – яны дастаткова звязаныя. Мы бачым, што ў той жа Расеі і летась, і цяпер працягваюцца пастаўкі нават той жа “Кока-Колы” ад тэрарыстычнай арганізацыі “Талібан” з Афганістану. Ці, напрыклад, сродкі жаночай гігіены з Ірану. Таму зразумела, што ніхто не будзе запрашаць. Але будуць шукаць выйсце нават праз такія вось незвычайныя крыніцы, каб насычаць унутраны рынак», – кажа эканаміст Віталь Алейнік.

Мы спыталі ў вас, ці чакаеце вы вяртання «Шкоды», «Нівэі» і «Лікві Молі» ў Беларусь. Большасць адказала, што чакае. Аднак закавырка цяпер і ў тым, ці захочуць гэтыя ды іншыя гандлёвыя маркі да нас вяртацца.

«Нават тая кампанія “Яра” зразумела, што яны зрабілі вялікую памылку, што не прыслухаліся да людзей, якія бачылі сітуацыю знутры. І што тое, што яны падтрымлівалі той генацыд, які адбываўся, – гэта фактычна сталася падмуркам да падтрымання будучай вайны, якая пачалася ў 2022 годзе. І мы ўжо бачым цяпер на прыкладзе гэтай кампаніі, як змянілася рыторыка. Напэўна, памылкі прысутнасці на такіх таксічных рынках гэтыя брэнды не дапусцяць», – дадае эканаміст Віталь Алейнік.

Сярод іншых зменаў, якія мы пабачым у траўні, – чарговая актуалізацыя рэжымам спісу так званых дармаедаў. Калі вы маеце ва ўласнасці жытло і трапілі ў гэты спіс – давядзецца плаціць паводле поўных тарыфаў за гарачую ваду, абагрэў і газ. Не забудзьцеся таксама заплаціць падаходны падатак за мінулы год. Бо пасля першага чэрвеня ў выніку няплаты будзе пагражаць штраф.

З добрага: калі вы пенсіянер, то атрымаеце 50% зніжку на праезд у электрычках. Яна будзе дзейнаю да канца кастрычніка, на ўвесь час перыяду лецішчаў.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»