Рэжым ліквідуе чарговае нацыянальнае аб’яднанне на Беларусі


У Горадні вырашаюць лёс літоўскага нацыянальнага аб’яднання «Гімціне». Суд разглядае справу яго ліквідацыі. Літва ў адказ пагражае ўзняць пытанне ў міжнародных арганізацыях.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта абмяжоўвае магчымасці літоўцаў захоўваць сваю мову, культуру, традыцыі, – патлумачыла абурэнне літоўскага МЗС амбасадарка асаблівых даручэнняў Літвы Аста Андрыяўскіене. – Мы ацэньваем гэта як несяброўскі і незаконны крок, які разбурае двухбаковыя адносіны і парушае міжнародныя дамовы».

У вёсцы Пеляса Воранаўскага раёну, што амаль на літоўскай мяжы, восемдзесят адсоткаў жыхароў – этнічныя літоўцы, таму апошнія трыццаць гадоў там дзее аб’яднанне «Гімціне». Пазоў на яго ліквідацыю падало Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкаму. Гэта такі «асіметрычны адказ несяброўскім краінам» з боку лукашэнкаўскага рэжыму, моцна пакрыўджанага санкцыямі, мяркуе палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

«У адказ на пагаршэнне адносінаў, на санкцыі яны не могуць зрабіць нічога адпаведнага ў эканамічнай і палітычнай сферы. Яны не могуць зрабіць такі адказ, каб нашкодзіць неяк афіцыйнай Варшаве і афіцыйнай Вільні. Таму яны шкодзяць, ціснучы на беларускіх грамадзянаў гэтых нацыянальнасцяў».

Правы нацыянальных меншасцяў замацаваныя ў артыкуле № 50 Канстытуцыі Беларусі:

«Кожны мае права захоўваць сваю нацыянальную прыналежнасць. […] Знявага нацыянальнай годнасці караецца згодна з законам. Кожны мае права карыстацца роднай мовай, выбіраць мову зносін. Дзяржава гарантуе ў адпаведнасці з законам свабоду выбару мовы выхавання і навучання».

У нашай краіне пражываюць прадстаўнікі каля ста сарака нацыянальнасцяў. У дэмакратычных дзяржавах правы меншасцяў, у тым ліку нацыянальных, – тэма вельмі адчувальная. Так што чарговым пагромам на падставе нацыянальнай прыналежнасці афіцыйны Менск дадае яшчэ адзін пункт да спісу сваіх злачынстваў. Ці рупяць яго наступствы? І ці можна з гэтым змагацца? У прынцыпе – так, лічыць Віталь Цыганкоў.

«Пакуль Літва і Польшча не лічаць патрэбным прымаць самыя радыкальныя захады, як закрыццё памежных пераходаў. Гэта спрэчная думка, але і адзін з варыянтаў, які мог бы сітуацыю давесці да такога ўзроўню, калі давялося б ужо менскаму рэжыму неяк рэагаваць».

Пачалося ўсё, вядома ж, не цяпер.

З 2009 года абвешчаны па-за законам Саюз палякаў Беларусі. Яго лідараў судзілі, некаторыя актывісты мусілі зʼехаць за мяжу. У нашай краіне разбураюць помнікі і магілы польскіх жаўнераў.

У траўні 2019-га ў Магілёве затрымалі каля ста ромаў, нібыта ў сувязі з выкраданнем і забойствам міліцыянта. Кіраўніца лукашэнкаўскай адміністрацыі Качанава потым мусіла нават прасіць прабачэння ў дыяспары.

Летась у чэрвені Віцебскі абласны суд зліквідаваў грамадскае абʼяднанне «Полацкі габрэйскі культурны цэнтр».

Апошнія два тыдні ў Пружанах на Берасцейшчыне на прадпрыемствах шукаюць людзей, у якіх ёсць родныя ва Украіне. Праваабаронцам «Вясны» вядомы прынамсі адзін выпадак звальнення пружанца за тое, што ў яго выявілі такіх сваякоў.

Яшчэ летась у нашай краіне былі дзве польскія і дзве літоўскія нацыянальныя школы. Аднак лукашэнкаўскія ўлады фактычна зліквідавалі навучанне на мовах меншасцяў.

Марына Яновіч, «Белсат»