Чым пагражае Лукашэнку суўдзел у генацыдзе ўкраінцаў?


Аляксандр Лукашэнка адправіўся ў паездку ў Веткаўскі раён, дзе, паводле сваёй завядзёнкі, вучыў чыноўнікаў сельскай гаспадарцы і абураўся, што моладзь сядзіць у смартфонах, таму няздольная да ўтрымання краіны. І пакуль ніводным словам не пракаментаваў рэзалюцыі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, што прызнала ягоную датычнасць да генацыду ўкраінцаў. Гаворка ідзе пра незаконны вываз украінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў праз Беларусь. Што цяпер вядома пра гэта? І якімі наступствамі пагражае Лукашэнку рэзалюцыя, якая, на першы погляд, не мае абавязковай юрыдычнай сілы?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Здаецца, рамонт культыватараў падчас сённяшняй паездкі ў Веткаўскі раён Аляксандра Лукашэнку хваляваў болей, чым рэзалюцыя Парламенцкай асамблеі аб прызнанні ягонай датычнасці да генацыду ўкраінцаў. Прычына – вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў праз Беларусь. Генацыд – злачынства, кваліфікаванае Жэнеўскай канвенцыяй, што пашырае магчымасці для прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці, мяркуе палітык, намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка.

«Артыкул 146 Жэнеўскай канвенцыі прадугледжвае, што дзяржавы-удзельніцы гэтай канвенцыі абавязаныя прыняць такія законы, якія дазволяць эфектыўна пераследаваць асобаў, што парушылі гэтыя міжнародныя дакументы незалежна ад грамадзянства тых, хто здзяйсняе такія злачынствы», – кажа Павел Латушка.

Генацыд – гэта не заўсёды фізічнае знішчэнне. Ён можа ажыццяўляцца праз адарванне людзей ад уласнага народу, тлумачыць магістр права, выкладчык ЕГУ Марыя Жарылоўская.

«Забіраем дзяцей з іхнай этнічнай групы, пераносім у іншую этнічную групу і адпаведна выхоўваем іх, вучым такім чынам, каб яны не асацыявалі сябе з папярэдняй групай. Напрыклад, украінскія дзеці пачынаюць асацыяваць сябе з расейцамі або беларусамі», – кажа Марыя Жарылоўская.

«Дзецям паказваюць шмат усялякіх ролікаў, у тым ліку з заклікам забіваць украінцаў, што ва Украіне –  усе нацысты і гэтак далей», – апісвае сітуацыю дырэктар цэнтру «Наш дом» Вольга Карач.

Цэнтр «Наш дом» правёў маніторынг сітуацыі. Паводле Вольгі Карач, колькасць украінскіх дзяцей, вывезеных праз Беларусь без згоды законных прадстаўнікоў, можа дасягаць некалькіх сотняў. Дакладныя лічбы пакуль цяжка высветліць. Гаворка збольшага пра выхаванцаў дзіцячых дамоў або сіротаў, у якіх бацькоў забрала вайна. Таксама рэжым Лукашэнкі актыўна піярыць, як дзеці з акупаваных тэрыторыяў Украіны адпачываюць у беларускіх летніках.

«Частка дзяцей сапраўды прыязджае з бацькамі, добраахвотна, яны прыехалі на пару тыдняў, а потым вяртаюцца ва Украіну. І іх улады Беларусі выкарыстоўваюць як гібрыдную зброю. Каб распавядаць, што ў Беларусі ўсё добра!» – кажа Вольга Карач.

Але любоў да піяру, падобна, можа выйсці рэжыму бокам. Датычнасць да генацыду цяпер цяжка адмаўляць. Самі ўсё паказалі і распавялі. А пасля рэзалюцыі ПАРЕ рэжыму будзе нялёгка перагарнуць старонку ў замежных адносінах.

«Лукашэнка спрабуе і будзе спрабаваць ізноў наладжваць адносіны з іншымі краінамі і грамадствамі. І кожная такая рэзалюцыя нагадвае магчымым суразмоўцам Лукашэнкі, з кім яны маюць дачыненне», – мяркуе Алена Кудзько, дырэктарка даследчага інстытуту «Globsec».

Дэпутат Вярхоўнае Рады Украіны Аляксей Ганчарэнка, з чыёй ініцыятывы ПАРЕ ўнесла Лукашэнку ў спіс асобаў, датычных да дэпартацыі ўкраінцаў, спадзяецца, што самаабвешчаны кіраўнік Беларусі ў выніку трапіць пад крымінальны пераслед.

«Я думаю, што гэта важна. Спадзяюся, што Міжнародны крымінальны суд сапраўды вывучыць адпаведныя дакументы. І было б вельмі добра атрымаць ордар на арышт Лукашэнкі, каб не даць яму выйсці з міжнароднай ізаляцыі. Бо ён цяпер намагаецца выслізнуць, як заўсёды. Як ён, на жаль, умее. Мы мусім не даць яму такой магчымасці», – кажа Аляксей Ганчарэнка.

«Найбліжэйшым часам Лукашэнку, несумненна, прыйдуць тыя самыя пазовы, што і Пуціну. Хай не спадзяецца выкруціцца з дапамогай кітайцаў пасля ўсяго гвалту, што ён учыніў у Беларусі, а таксама ва Украіне – пры дапамозе расейскіх войскаў», – мяркуе Эмануэліс Зінгерыс, кіраўнік дэлегацыі Сейму Літвы ў ПАРЕ.

На рэзалюцыю з боку рэжыму адрэагаваў дэпутат гэтак званай палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных. Паводле ягоных словаў, гэты дакумент злачынны. А сувязь паміж дэпартацыяй людзей і генацыдам Савіных адмаўляе.

Валянцін Васіленка, «Белсат»