Пуцін зноў пагражае свету ядравай бомбай


Аб пагрозе прымянення Расеяй ядравай зброі ў апошнія некалькі месяцаў пачалі гаварыць асабліва часта. Новай падставай для абмеркавання глабальнай сусветнай бяспекі стала свежае выказванне Уладзіміра Пуціна.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Казаў пра гэта ў самым пачатку ваеннай спецаперацыі. Калі хто-небудзь, падкрэслю яшчэ раз, наважыцца ўмяшацца ў падзеі з боку і будуць ствараць непрымальныя для нас пагрозы стратэгічнага характару, яны павінны ведаць, што наш адказ на сустрэчныя ўдары будуць імгненнымі».

Гэта ўжо другі раз з 24 лютага, калі Пуцін кажа пра магчымасць прымянення ядравай зброі. У гэтым выпадку прэзідэнт Расеі толькі намякае на гэта, не прамаўляючы наўпрост. Але што гаворка ідзе менавіта аб магчымасці нанясення ядравага ўдару, становіцца зразумела не толькі з кантэксту, але і сам тэрмін, які згадвае Пуцін, са сферы менавіта ядравага ўзбраення.

«Можна прыняць пасланне Пуціна як дастаткова рэальную пагрозу, таму што будзем казаць адкрыта: ядравая зброя існуе і Расея мае дастаткова вялікі арсенал дастаткова шырокага спектру ядравай зброі. Я кажу і пра тактычную, і пра стратэгічную ядравую зброю розных сістэм базавання», – лічыць ваенны эксперт Сяргей Грабскі.

Пуцін 27 лютага аддаў загад аб прывядзенні сілаў стратэгічнага стрымлівання ў адмысловы рэжым нясення баявога дзяжурства. Размова ідзе ў тым ліку пра стратэгічнае ядравае ўзбраенне.

22 сакавіка прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў нагадаў амерыканскім журналістам аб канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Расеі, якая дапускае прымяненне ядравай зброі, калі дзяржава акажацца пад пагрозай існаванню.

Пра якія менавіта пагрозы «існаванню Расеі» ідзе гаворка – не зусім ясна. Больш за тое, што галоўнакамандуючы Расейскай арміяй Уладзімір Пуцін можа ўспрыняць як такую пагрозу, прадказаць немагчыма. Раней Масква заяўляла, што накіруе ядравую зброю на новыя мэты ў выпадку, калі Швецыя і Фінляндыя ўступяць у НАТА .

«У пасляваенны перыяд (я кажу пра перыяд пасля Другой сусветнай вайны і перыяд Халоднай вайны) чалавецтва стварыла досыць шырокі спектр інструментаў назірання і кантролю за распаўсюджваннем і ўзроўнем гатоўнасці ядравых сродкаў. І зыходзячы з гэтага, трэба ў тым ліку звяртаць увагу на рэакцыю амерыканцаў, рэакцыю Вялікабрытаніі, якія гавораць, што пакуль ніякіх актыўных рухаў у бок выкарыстання або прымянення ядравай зброі не назіраецца», – мяркуе ваенны эксперт Сяргей Грабскі.

Бразганне зброяй успрымаецца заходнімі краінамі як спроба ціску і шантажу. ЗША і іх партнёры ацэньваюць імавернасць рэальнага прымянення Расеяй ядравай зброі як невысокую. Але, тым не менш, яшчэ ў сакавіку ЗША сфармавалі рабочую групу, якая працуе над планам дзеянняў у выпадку ядравага ўдару Расеі.

«Ніхто не гаворыць аб прымяненні ядравай зброі ў адказ. Паверце мне, існуе дастаткова шмат механізмаў, сродкаў, якія могуць нейтралізаваць выкарыстанне або спробу выкарыстання ядравай зброі. І гэта не абавязкова ядравая зброя. І ЗША, і Вялікая Брытанія, якая ўжо адкрыта заявіла, што яна не будзе нават кансультавацца з саюзнікамі па НАТА і нанясе папераджальны ўдар у выпадку негатыўнага развіцця сцэнара… Яны цалкам разумеюць адказнасць, прынятую на сябе за такія словы. Мы гаворым аб ударах, якія нейтралізуюць магчымасць выкарыстання ядравай зброі, але ні ў якім разе не ідзе размова аб абмене ядравымі ўдарамі на сённяшні дзень», – кажа ваенны эксперт Сяргей Грабскі

Але прымяненню першай ядравай зброі папярэднічае комплекс захадаў, якія схаваць немагчыма, як адзначаюць эксперты. Гэта і дастаўка боегаловак, і рыхтаванне носьбітаў ды пускавых пазіцыяў, прыцягненне асабовага складу для тэхнічнага абслугоўвання гэтых пазіцыяў і гэтак далей. І зараз, на шчасце, нічога з пералічанага не назіраецца.

Аляксандра Шапаліна, «Белсат»