Ціханоўская сустрэлася з канцлерам Аўстрыі


Святлана Ціханоўская ў апошні дзень працоўнага візіту ў Аўстрыю ўжо другі раз пасля выбараў сустрэлася з канцлерам Зэбэст’янам Курцам, каб абмеркаваць беларуска-аўстрыйскія стасункі ва ўмовах палітычнага і гуманітарнага крызісу ў Беларусі. Таксама Ціханоўскую як адзінага абранага лідара беларускага народу прынялі лідары аўстрыйскага парламенту.

Святлана Ціханоўская сустрэлася з канцлерам Аўстрыі Зэбаст’янам Курцам там жа, дзе раней прымалі Аляксандра Лукашэнку. Аднак цяпер размова не пра аўстрыйскія інвестыцыі ў Беларусь, а пра механізмы ўплыву на палітычны рэжым у Менску.

«Аўстрыйскія кампаніі важныя для Беларусі, для беларускай эканомікі. Але цяпер мы папярэджваем іх не супрацоўнічаць з рэжымам. Паважаць правы чалавека ў Беларусі, дапамагаць рэпрэсаваным, але не працягваць супрацы з рэжымам», – кажа Святлана Ціханоўская.

Афіцыйная Вена выкарыстоўвае пасярэдніцкі патэнцыял Аўстрыі між грамадзянскай супольнасцю і народам Беларусі, прадстаўленым Святланаю Ціханоўскай, і вертыкаллю Лукашэнкі.

«Мы дзейнічаем у пастаянным дыялогу, і вельмі абуральна, што няма сапраўднага прагрэсу ў пераадоленні крызісу ў Беларусі. Дэмакратычная і грамадзянская драма, якую мы бачым, працягваецца. Аўстрыя мусіць і будзе заставацца заангажаваная ў гэтую справу. Мы абмяркуем справу на агульнаеўрапейскім узроўні ў траўні. І збяром пакет санкцыяў разам», – кажа Александэр Шаленбэрг, міністр еўрапейскіх і міжнародных справаў.

Напярэдадні Святлана Ціханоўская сустракалася з прэзідэнтам Аўстрыі Александэрам ван дэр Бэленам. А сёння паспела сустрэцца з беларусамі Аўстрыі. Мэта кожнага працоўнага візіту, каб рэжым Аляксандра Лукашэнкі, увесь апарат сілавікоў і чыноўнікаў адчуваў ціск на ўсіх франтах.

На сустрэчы з лідарамі парламенцкіх фракцыяў Святлана Ціханоўская распавяла пра маштабы рэпрэсіяў у Беларусі, пра «ковідныя» камеры для палітычных арыштантаў у ізалятары на Акрэсціна, пра тое, як людзей труцяць хлёркай, пазначаюць адмысловымі біркамі на робах і зневажаюць.

«Там робяць усё, каб прынізіць людзей. А цяпер за кратамі самыя выбітныя людзі Беларусі. Айцішнікі, медыкі, журналісты, юрысты. І кожнага з іх нават за простае пытанне да адміністрацыі ізалятару могуць моцна збіць, распрануць і закінуць у камеру голым. Гэта жах, гэта пакаранне бязвінных людзей», – распавядае Святлана Ціханоўская.

Таксама сёння Святлана Ціханоўская праз тэлефон абмеркавала сітуацыю ў Беларусі з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам. Абмеркавалі польскія праграмы дапамогі рэпрэсаваным беларусам і ўдзел дэмакратычных сілаў у сёлетнім саміце «Усходняга партнёрства» ў Бруселі, дзе дэмакратычныя лідары маглі б прадстаўляць Беларусь. Святлана Ціханоўская ўжо вылецела ў Італію, дзе прабудзе з працоўным візітам 2 дні.

Юрый Салодкі, Яраслаў Сцешык, «Белсат»