Юрый Фяльшцінскі: ядравы ўдар па Еўропе з Беларусі 100 % будзе


Міністэрства замежных справаў Беларусі пасля трохдзённага маўчання пракаментавала інфармацыю наконт размяшчэння на тэрыторыі нашае краіны тактычнай ядравай зброі Расеі. У сваю чаргу, у Брусэлі кажуць, што афіцыйны Менск яшчэ не пацвердзіў планаў размяшчэння такой зброі на сваёй тэрыторыі. А амерыканскі гісторык Юрый Фельшцінскі заявіў, што да сёлетняга верасня з тэрыторыі Беларусі будзе нанесены ядравы ўдар па Польшчы і Літве.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Паводле дыпламатычнага ведамства Беларусі, размяшчэнне ядравай зброі на тэрыторыі нашае краіны – адказ на ціск з боку ЗША, Вялікай Брытаніі ды іх саюзнікаў з NATO.

«Навучанне беларускіх пілотаў, здольных кіраваць самалётамі са спецыфічнымі боепрыпасамі, мадэрнізацыя такіх самалётаў, роўна як і размяшчэнне ядравых баявых набоеў на тэрыторыі Беларусі без перадачы Менску кантролю над імі, а таксама доступу да адпаведных тэхналогіяў, ніякім чынам не пярэчыць палажэнням артыкулаў 1 і 2 Дамовы пра нераспаўсюд ядравай зброі», – заявілі ў МЗС Беларусі.

Тым часам у Вашынгтоне абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская падчас сустрэчы з дарадцам прэзідэнта ЗША ў справе нацыянальнай бяспекі Джэйкам Саліванам заклікала здзейсніць прэвентыўныя захады, што маглі б перадухіліць з’яўленне ядравай зброі ў нашай краіне.

Разам з тым у Брусэлі заявілі, што афіцыйна Беларусь не пацвярджала згоды на размяшчэнне ядравай зброі на сваёй тэрыторыі.

«Вярхоўны прадстаўнік Жузэп Бурэль ужо выказаўся ў гэтым пытанні, калі адзначыў, што, калі заявы Пуціна зробяцца рэальнасцю і ядравая зброя з’явіцца ў Беларусі, гэта будзе азначаць толькі далейшую эскалацыю стасункаў і рост наўпроставай пагрозы еўрапейскай бяспецы. Мы дагэтуль не маем канчатковага пацверджання ад беларускага боку, ці даюць яны згоду на такое размяшчэнне, ці яно ўжо ў іх планах, ці нават ужо рэалізуецца, але калі такая інфармацыя з’явіцца, у гэтага, вядома, будуць сурʼёзныя наступствы», – заявіў прэсавы сакратар Еўракамісіі Пэтэр Стана.

У сваю чаргу, прэмʼер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі прыгразіў Лукашэнку новымі санкцыямі:

«Гэты крок, на які наважылася Расея, то бок абвестка аб размяшчэнні тактычнай ядравай зброі, дакладна прывядзе да таго, што супраць Беларусі будуць уведзеныя дадатковыя санкцыі, што ўзровень санкцыяў, якія будуць накладзеныя на Беларусь, стане значна больш адчувальнымі для рэжыму Лукашэнкі».

Але для чаго Пуціну спатрэбілася размяшчаць ядравую зброю ў Беларусі?

«Ядравая зброя ў Беларусі – якраз, каб ціснуць на Захад. Аслабляць дапамогу Украіне. Прымушаць да перамоваў. Вось гэта галоўная ідэя, наколькі я разумею», – распавёў нам вайсковы эксперт і дырэктар «New Geopolitics Research Network» Міхайла Самусь.

Аднак не ўсе эксперты трымаюцца такой думкі. Амерыканскі гісторык Юры Фяльшцінскі ў інтэрвʼю юрысту Марку Фейгіну заявіў, што, каб палохаць Захад, зусім не трэба размяшчаць ядравую зброю ў Беларусі. Сапраўдныя мэты Расеі іншыя: да сёлетняга верасня нанесці з тэрыторыі Беларусі ядравыя ўдары па Польшчы і Літве.

«У выпадку таго, калі гэтае зброя будзе размешчана ў Беларусі па Еўропе 100% будзе нанесены ядравы ўдар з Беларусі. Гэта тая прычына, па якой Пуцін да гэтага часу не анексаваў Беларусь. Яму важна фармальна пакінуць Беларусь незалежнай дзяржавай, каб удар у адказ быў нанесены па Беларусі а не Расейскай федэрацыі», – заявіў «Белсату» Юрый Фяльшцінскі.

Да шматлікіх аргументаў, што пацвярджаюць думку Фяльшцінскага, можна дадаць і паводзіны пуцінскіх і лукашэнкаўскіх прапагандыстаў. Уладзімір Салаўёў і Рыгор Азаронак палохаюць Польшчу і Літву знішчэннем.

Пра вялікія наступствы для нашай краіны і народу выказаўся і прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінету ў справе транзіту ўлады Павел Латушка:

«Як толькі гэтая зброя апынецца на нашай тэрыторыі, Беларусь маментальна стане ядравай мішэнню для ўдару ў адказ з боку краінаў, для якіх яна ўяўляе пагрозу».

Разам з тым, намеснік сталага прадстаўніка ЗША ў ААН паведаміў, што Рада бяспекі Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў правядзе паседжанне ў сувязі з планамі Расеі размясціць ядравую зброю ў Беларусі ў аўторак або ў сераду.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»