Меншчыну заваліла снегам, заўтра – аранжавы ўзровень небяспекі


У Беларусь вярнулася зіма. Меншчыну раніцай заваліла снегам.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Паводле прагнозаў сіноптыкаў, увечары і ўначы пагодныя ўмовы пагоршацца. Чакаецца пахаладанне да мінусавых значэнняў, дождж і мокры снег, на дарогах галалёдзіца», – папярэджвала напярэдадні прадстаўніца галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС Ганна Банадык.

І не памылілася. Праз моцны снег рух у горадзе і за горадам значна ўскладніўся, Менская ДАІ ў сувязі з моцным снегападам і ветрам абвясціла план «Надвор’е». Кіроўцам і пешаходам нагадалі, што перамяшчацца трэба вельмі ўважліва і асцярожна.

«Абавязкова прышпільвайцеся пасам бяспекі. Не спяшайцеся змяняць апоны з зімовых на летнія. А хто гэта ўжо зрабіў – настойліва рэкамендуем пакінуць аўта і скарыстацца грамадскім транспартам», – раіць начальніца аддзялення галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС Вераніка Раманькова.

І хоць ДАІ заяўляе, што рэзкага павелічэння колькасці аварыяў не адбылося, у сацыяльных сетках шмат інфармацыі пра дарожна-транспартавыя здарэнні як у сталіцы, так і за горадам.

Так, на Валожыншчыне на гарадзенскай трасе зʼехаў у кювет аўтобус, што ехаў з Менску ў Вільню. Паводле інфармацыі ўпраўлення ўнутраных справаў менскага аблвыканкаму, кіроўца аўтобусу не саступіў дарогі МАЗу, што расчышчаў трасу ад снегу. Пацярпелых няма, паведамілі ратавальнікі, але давялося разблакоўваць дзверы аўтобуса. Частка пасажыраў вярнулася ў Менск, астатнія чакалі іншага аўтобуса, каб ехаць далей.

Далося ў знакі нечаканае вяртанне зімы не толькі на дарогах. Толькі ў Менску паваліліся прынамсі чатыры дрэвы, паведамляе Міністэрства надзвычайных сітуацыяў, а больш чым сотня паселішчаў, пераважна на Меншчыне, засталіся без электрычнасці. У сямі дзясяткаў з іх аднаўленчыя працы вяліся цягам дня.

З цяжкасцямі непагоды сутыкнуліся і пасажыры цягнікоў. Беларуская чыгунка раніцай абвяшчала пра затрыманні цягнікоў ад некалькіх хвілінаў да некалькіх дзясяткаў хвілінаў, але цягам дня графік вярнуўся да нормы.

Каб прыбіраць ад снегу менскія двары, залучылі восемдзесят адну адзінку тэхнікі і больш як тысячу семсот працаўнікоў, падлічылі службы жыллёва-камунальнай гаспадаркі Менску. Выйшлі на дапамогу і ахвотныя менчукі, паведамляе партал minsknews.by

Неспрыяльныя ўмовы сіноптыкі абяцаюць прынамсі цягам некалькіх найбліжэйшых дзён. Аранжавы ўзровень небяспекі праз моцны снегапад абвешчаны па ўсёй краіне на сераду. На большай частцы тэрыторыі Беларусі чакаюцца ападкі, парывы ветру да дваццаці метраў за секунду, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ад мінус чатырох уначы да плюс чатырох удзень.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»