Захад працягвае ціснуць на Крэмль


Пакуль наступ Расеі захрас на ваенным фронце, Захад працягвае намаганні дыпламатычна ды эканамічна ціснуць на Крэмль, вядзецца праца памяншэння залежнасці Еўропы ад расейскіх энерганосьбітаў. На гэткім фоне заўтра ў Стамбуле мусяць адбыцца чарговыя расейска-ўкраінскія перамовы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У сталіцу Турцыі прыбыла расейская дэлегацыя для ўдзелу ў чарговым этапе перамоваў Масквы і Кіева. І хоць прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заяўляў пра жаданне ісці на кампраміс, расейскія ўлады стрымана ацэньваюць перспектывы дасягнення дамоўленасцяў.

Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар Пуціна, распавядае:

«Пакуль аб прагрэсе казаць не можам і не будзем. Сам факт, што вырашана працягнуць перамовы ў вочным фармаце, ужо важны».

Важна гэта ў тым ліку і таму, што Захад працягвае дэманстраваць кансалідаваную пазіцыю ў справе Украіны. Гэтак, канцлер Нямеччыны Олаф Шольц на прэсавай канферэнцыі пасля сустрэчы са сваёй нарвежскаю калегаю Маґдаленай А́ндэшан заявіў, што Еўразвяз і NATO маюць дастаткова моцы, каб адказваць на агрэсіўныя дзеянні Пуціна.

Олаф Шольц, канцлер Нямеччыны, заяўляе:

«Расея парушыла ўсе правілы агульнага светапарадку. І мы ўсе ад гэтага будзем пакутаваць. Але Расея – найбольш».

Дзеля гэтага ў Еўразвязе працуюць у тым ліку над пытаннем адмовы ад імпарту расейскіх энерганосьбітаў. Сёння кіраўнікі краінаў паўднёва-ўсходняга флангу NATO вялі перамовы ў тым ліку і пра гэтыя наступствы расейскага нападу на Украіну.

Кірыл Петкаў, прэм’ер-міністр Балгарыі, распавядае:

«Як мы ведаем, наш рэгіён залежыць ад расейскай энергіі. І мы абмяркоўвалі, як мы можам уключыць рэверсны рэжым на некаторых трубаправодах, каб яны сталі працаваць у адваротным кірунку. Каб браць вадкі газ з Грэцыі ды Турцыі і пастаўляць яго на Балканы па існых трубаправодах».

З другога боку, Расея знаходзіць частковае падтрыманне сваёй пазіцыі на міжнароднай арэне ад сваіх характэрных саюзнікаў апошнім часам – Пекіну. Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Кітаю Ўан Ўэнь Бінь заявіў, што, дапамагаючы Украіне, Захад паказвае прыклад крывадушша.

«Такія падвойныя стандарты, пры якіх напады на Украіну падрываюць прынцып павагі суверэнітэту, але напады на Саюзную Рэспубліку Югаславію, Афганістан, Ірак і Сірыю – разумныя і законныя, непрымальныя. Таксама непрымальныя такія падвойныя стандарты, пры якіх у пытанні Украіны падкрэсліваецца непарушны суверэнітэт, а ў пытаннях пра Саюзную Рэспубліку Югаславіі ды Ірак абяцаюцца правы чалавека, вышэйшыя за суверэнітэт», – кажа Ўан Ўэнь Бінь, прадстаўнік МЗС Кітаю.

Падобныя заявы прагучалі сёння і з Нікарагуа: ад прадстаўніка Нацыянальнай асамблеі гэтай краіны Адольфа Пастрана, які абвінаваціў Захад у распальванні вайны ва Украіне. Неблагая кампанія для Пуціна, якога ўсё часцей параўноўваюць з іншым Адольфам.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат».