Рэжым спаліў масты. Затрымліваюць нават святароў


Тры тыдні арышту прысудзілі Марыі Каржанеўскай – маці, якую затрымалі праз дзень пасля затрымання сына. Узялі таксама байца MMA Уладзіслава Навіцкага. Святароў у Лынтупах і ў Магілёве… 28-га сакавіка нелегітымная ўлада працягвае рэпрэсіі супраць грамадзян, якія патрабуюць свабоднай Беларусі і канца ваенных дзеянняў Расеі ва Украіне.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У Менску затрымалі байца MMA Уладзіслава Навіцкага, які выступаў за сумленныя выбары і супраць вайны ва Украіне.

Дваццаць адзін дзень арышту далі медсястры дзіцячага хірургічнага цэнтру Марыі Каржанеўскай. Жанчыну затрымалі ў Дзень Волі, калі яна пайшла да сілавікоў па інфармацыю пра свайго прэвентыўна затрыманага сына.

Павел Сапелка працягвае:

«Зараз мы бачым працяг гэтай практыкі, толькі ўжо на фоне змененага свету. Па-ранейшаму пратэсты і іншадумства каляным жалезам працягваюць выпальваць з нашай рэчаіснасці. Гэта пра пратэст супраць вайны, супраць парушэнняў грамадзянскіх правоў ці гэта выказванні “за мір ва ўсім свеце”».

Меркавана, паводле палітычных прычынаў у Віцебску затрымалі трох лекараў-траўматолагаў – паведаміў цэнтр «Вясна». У кабінетах медыкаў прайшлі ператрусы.

Каму 7, каму 15 содняў арышту прысудзілі пасля затрыманняў на Дзень Волі. Тэлеграм канал «spiski_okrestina» апублікаваў 23 прозвішчы затрыманых толькі ў сталіцы. Хоць рэпрэсіі ў гэтыя дні не абмінулі і іншыя гарады. Праваабаронцам не заўжды паведамляюць пра новыя палітычныя справы.

Павел Сапелка, юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна»:

«Гэта цяпер вельмі небяспечна, з аднаго боку. З іншага боку, тыя людзі, якія як і раней, дапамагаюць нам трымаць руку на пульсе – робяць вельмі вялікую справу, здзяйсняюць подзвіг, я б сказаў. Без гэтага ў свеце не будуць ведаць, што адбываецца ў Беларусі», – кажа Павел Сапелка.

Паводле новай практыкі, пачалі пераследаваць святароў.

Васіля Ягорава, грэка-каталіцкага святара з Магілёва, аштрафавалі за знойдзены ў ягоным аўце плакат «Украіна, прабач». Затрымалі таксама ксяндза Аляксандра Барана з Лынтупаў, што на Віцебшчыне.

«Калі толькі 3 % за тое, каб удзельнічаць у вайне супраць Украіны, то якія казанні не кажы – нічога не пераменіш. Лукашэнка разумее, што са святароў напэўна вельмі кепскія прапагандысты, таму і стаўленне ў яго памянялася. Калі ж браць міжнародны аспект, то так – былі гульні з Ватыканам, са святым прастолам некалі, таму што была надзея праз гэта наладзіць стасункі з Захадам. Але цяпер масты спаленыя».

У Беларускай праваслаўнай царкве, якая лічыцца больш лаяльнаю да рэжыму Лукашэнкі, расце колькасць святароў, якія на знак пратэсту адмаўляюцца згадваць Патрыярха Маскоўскага Кірыла падчас набажэнстваў.

Ксёндз Вячаслаў Барок з «Супольнасці каталікоў Беларусі ў Варшаве» лічыць:

«Тое, што кажа Патрыярх Кірыл, апраўдваючы вайну, ніякім чынам нельга ўкласці ў хрысціянскае вучэнне – ці то праваслаўнае, ці то каталіцкае. Гэта проста супраць духу Евангелля».

Мясцовыя органы ўлады адсочваюць пазіцыю святароў і ціснуць на іх – паведамляе «Хрысціянскай візія».

Усё гэта, на думку ксяндза Вячаслава Барка, можа прывесці да знішчэння сённяшняй Праваслаўнай Царквы.

Юлія Цяльпук, «Белсат».