Пяць гадоў адхілення ад спорту: былы трэнер Ціманоўскай трапіў пад санкцыі


Парушыў стандарты паводзінаў, прадугледжаныя Кодэксам этыкі. А ягоныя дзеянні прызналі «абразаю годнасці спартоўкі і злоўжываннем уладаю». Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных федэрацыяў на 5 гадоў дыскваліфікавала колішняга галоўнага трэнера зборнай Беларусі і Крысціны Ціманоўскай – Юрыя Маісевіча.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Народнае антыкрызіснае ўпраўленне адзначае важнасць заканчэння дысцыплінарнай вытворчасці і прыняцця канкрэтнага дысцыплінарнага рашэння. НАУ аказала садзейнічанне ў пытаннях эвакуацыі Крысціны Ціманоўскай з Токіа, легалізацыі ў Польшчы і наступнага юрыдычнага суправаджэння ў міжнародных спартовых інстанцыях», – зазначае намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, лідар НАУ Павел Латушка.

Падчас летняй Алімпіяды ў Токіа Крысціна Ціманоўская раскрытыкавала кіраўніцтва каманды. Трэнеры хацелі, каб спартоўка бегла дыстанцыю, якой да гэтага не бегала. Яна апублікавала гэты факт, у выніку з Менску паступіў загад: вярнуць Ціманоўскую ў Беларусь. Што вынікала з размовы спартоўкі з трэнерам Юрыем Маісевічам, якая трапіла ў сеціва:

– Мы спакойна падаем туды, у оргкамітэт, што ў чалавека траўма, – і рашаем гэтае пытанне, ты спакойна зʼязджаеш. Я табе абяцаю, што там ты застанешся ў лёгкай атлетыцы.

– Вы думаеце, што калі я цяпер так зраблю, вярнуся дадому, я захачу далей займацца спортам?

Юрый Маісевіч у Токіо, Японія. 6 жніўня 2021 года.
Фота: KIM KYUNG-HOON / Reuters / Forum

Каб не быць гвалтоўна вывезенай у Беларусь, на лётнішчы ў Токіа Ціманоўская звярнулася да паліцыянтаў. Тады ж лёгкаатлетка звярнулася ў Міжнародны алімпійскі камітэт:

«Я прашу Міжнародны алімпійскі камітэт аб дапамозе! На мяне быў аказаны ціск, мяне спрабуюць вывезці з краіны без маёй згоды!»

У выніку спартоўка вылецела не ў Менск, а ў Варшаву. Цяпер Ціманоўская мае права выступаць за зборную Польшчы. Летась у жніўні ў складзе новай каманды яна брала ўдзел у чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы.

«Вельмі добра, што ёсць вынік. І што фактычна не атрымалася пазбегнуць гэтага спартовага пакарання за неспартовыя паводзіны, за фактычна здзек над адной з самых сурʼёзных спрынтэрак Еўропы», – мяркуе кіраўнік міжнароднага дэпартаменту Беларускага фонду спартовай салідарнасці Анатоль Котаў.

Летась у снежні Міжнародны алімпійскі камітэт паведаміў, што беларускія і расейскія спартоўцы здолеюць узяць удзел у сёлетняй Алімпіядзе. Але ў нейтральным статусе і ў вельмі абмежаваным складзе. Зрэшты, лёгкаатлетаў гэта і так не датычыць: міжнародная федэрацыя гэтага віду спорту не зняла забароны на ўдзел спартоўцаў з Беларусі і Расеі ў спаборніцтвах.

«Сярод больш як 1400 палітычных зняволеных у засценках турмаў рэжыму Лукашэнкі знаходзіцца каля трыццаці беларускіх спартоўцаў і спартовых спецыялістаў, якія пастаянна падвяргаюцца катаванням. У такіх умовах лічу недапушчальным удзел рэжымных спартоўцаў у Алімпіядзе-2024», – звяртаецца да міжнародных спартовых структураў Павел Латушка.

А вось перад Крысцінаю Ціманоўскай адчыняюцца цудоўныя перспектывы: нашая суайчынніца мае ўсе шанцы ўлетку ўзяць удзел у Алімпійскіх гульнях.

«Па стане як на зараз, яна мае стоадсоткавае права паехаць на Алімпіяду. Па-першае, яна выканала ўсе, так бы мовіць, бюракратычныя і юрыдычныя крытэрыі, яна паўнавартасны сябра польскай нацыянальнай каманды, у яе польскае грамадзянства», – кажа Анатоль Котаў.

Летнія Алімпійскія гульні ў Парыжы стартуюць 26 ліпеня.

Алесь Яшчанка, «Белсат»