4 гады, як COVID-19 прыйшоў у Беларусь


Чатыры гады таму на COVID-19 захварэў студэнт БНТУ. Гэта быў першы зафіксаваны ў Беларусі выпадак. І адразу пачалося: установы адукацыі і асобныя прадпрыемствы ўкрывалі колькасць хворых. Лекары, ад якіх чакалі немагчымага, былі вымушаныя падманваць пра колькасць памерлых. Дэмакратычны свет паказваў рэальныя лічбы, а дыктатарскія рэжымы залагоджвалі праблему.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Маскі знятыя, ковідныя аддзяленні – зліквідаваныя. Мінула чатыры гады пасля рэгістрацыі ў Беларусі першага выпадку захворвання на COVID-19. Пандэмія не паўторацца, лічыць дырэктар установы «Дактары за праўду і справядлівасць» Алег Дарашкевіч:

«Як ва ўсім свеце, у Беларусі дастаткова стабільная сітуацыя. Ковід адаптаваўся да брацтва рэспіраторных вірусаў. Ён такой жа хутка заразны, як хутка праходзіць».

На такі вынік спатрэбіўся час, грошы, высілкі навукоўцаў і лекараў. Абвешчаная Сусветнаю арганізацыяй здароўя пандэмія доўжылася больш чым тры гады. Міністэрства аховы здароўя Беларусі перастала публікаваць статыстыку захворванняў на 10 месяцаў раней – у ліпені 2022-га. На той момант у Беларусі было афіцыйна зафіксавана 994 037 выпадкаў заражэння, смерцяў – 7 118.

Сумленныя лекары дзяліліся праўдзівымі звесткамі з больніц з Фондам медычнай салідарнасці. Той дапускае, што рэальная смяротнасць была ў 15 разоў большаю. Навошта беларусам хлусілі?

«Каранік і Піневіч, якія былі міністрамі аховы здароўя падчас эпідэміі ковіду, яны хоць і падлюгі, але яны зусім не дурныя людзі. Яны прыўкрасна разумелі, што адбываецца ў больніцах. І карцінка ім самым асабіста не была патрэбнаю. Яна была патрэбнаю толькі дзеля далейшай справаздачы наверх», – кажа каардынатарка Фонду медычнай салідарнасці Лідзія Тарасенка.

Для Аляксандра Лукашэнкі было важна паказаць, што ён правільна змагаецца з пагрозай. У адрозненні ад шэрагу краінаў свету ў Беларусі не было локдаўну. Захада дапамагала стрымаць распаўсюд каронавіруса і тым самым падтрымаць медустановы, што не мелі дастаткова месцаў і абсталявання для хворых.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Delfi.lt

Праўду пра стан эпідэміі «Белсат» паказаў у праграме «Тыдзень». Атрыманыя ад «Кіберпартызанаў» праслухоўкі тэлефонаў чыноўнікаў, калі стартавала масавая вакцынацыя.

Размаўляюць Наталля Баярская (Галоўнае ўпраўленне Міністэрства аховы здароўя Менскай вобласці) і Алена Міскевіч (галоўная лекарка Клецкай цэнтральнай раённай больніцы):

– Прывітанне. У цябе раптам расейская вакцына ёсць?

– Якая? А… сапраўдная? Не ведаю. Спытаю.

Для ўладаў, сваіх блізкіх і знаёмых шукалі і адкладалі вакцыну, зробленую ў Расеі, а не тую, што разлівала прадпрыемства «Белмедпрэпараты».

«А тое, што разлівалася ў Беларусі… Да прышчэпкі ад пачатку не было даверу нават у тых, хто яе прадукаваў. Да нас прыходзілі паведамленні пра тэхналагічныя парушэнні. Медыкі, якія займаліся (вытворчасцю – у мяне не паварочваецца язык так гэта называць) разлівам, казалі, што эфектыўнасць яе так сабе», – распавёў  сузаснавальнік і каардынатар Фонду медычнай салідарнасці Андрэй Ткачоў.

Да таго ж здараліся перабоі з атрыманнем другога кампаненту Спутнік-Ві, прышчапіцца якім трэба было праз 3 тыдні пасля першай дозы.

Размаўляюць Наталля Баярская і Наталля Андрасюк (галоўная спецыялістка ўпраўлення аховы здароўя Менаблвыканкаму):

– Мы ў адпаведнасці з першым кампанентам далі (размеркавалі другі кампанент), так?

– Нам усяго далі яго 14 тыс. замест 75 тыс.

– Аааа, гэта значыць, яго ў прынцыпе далі мала…

Дэфіцыт другой дозы выклікаў часовы ажыятаж. Але агулам вакцынацыя адставала ад плану прышчапіць 60 % насельніцтва.

Размаўляюць Наталля Баярская і Ірына Мілановіч (Менскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя):

– Не вельмі рухаецца вакцынацыя гэтая.

– Зусім запаволенымі тэмпамі.

– Установы адукацыі наогул ніяк не варушацца.

– Так. І сацыяльная абарона ледзь-ледзь варушыцца.

Лекары настойвалі: прышчапіцца варта, каб не захварэць ці перанесці ковід у лёгкай форме. Але давер насельніцтва да кітайскай і расейскай вакцынаў быў нізкі. Заходніх вакцын рэжым не прыняў нават за дарма.

«Калі б у той момант чыноўнікі Мінздароўя і чыноўнікі пагадзіліся прыняць вакцыны ад Міжнародных арганізацыяў, то ў людзей была б альтэрнатыва. І адсотак тых, хто прышчапіўся, быў бы значна большы, смяротнасць – значна ніжэйшая», – лічыць Андрэй Ткачоў.

На відэа ад гледача, зробленага на Мазырскай цеплаэнергацэнтралі ў снежні 21-га бачым пудла з яшчэ прыдатнымі вакцынамі. Піша, што пудла спалілі, а ў справаздачы напісалі, быццам працаўнікі зрабілі прышчэпкі.

З улікам фэйкавых паказнікаў 70 % насельніцтва прышчапілі толькі налета.

Юлія Цяльпук, «Белсат»