Генпракуратура Беларусі плануе судзіць мёртвых


У Генеральнай пракуратуры Беларусі чарговая крэатыўная ідэя – судзіць нябожчыкаў. Пра гэта распавёў генеральны пракурор Андрэй Швед падчас сустрэчы са студэнтамі. Гаворка ідзе пра будучыя суды ў справе наконт генацыду беларускага народу падчас Другой сусветнай вайны. Пракуратура плануе прыцягваць да адказнасці тых, хто, на яе думку, ажыццяўляў злачынствы. Нават калі фігурантаў ужо няма сярод жывых. Зрэшты, гэта не першая экстравагантная ініцыятыва Генпракуратуры. Навошта ўладам спатрэбілася судзіць мёртвых?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Генпракурор Андрэй Швед сустрэўся са студэнтамі і выкладчыкамі БДУІР і сярод іншага распавёў, што фігурантаў справы наконт генацыду беларускага народу будуць судзіць нават у тым выпадку, калі яны памерлі. Палітолаг Вадзім Мажэйка мяркуе, што ў гэтую ідэю закладзены сігнал грамадству: дастанем кожнага.

«Цяпер выглядае, што гэтая думка дайшла да такой ступені абсурду, што сілавікі хочуць даставаць людзей з таго свету. І разам з бульдозерамі на польскіх могілках гэта нагадвае нейкую некрамантыю», – кажа Вадзім Мажэйка.

Вадзім Мажэйка ў гэтай сувязі прыгадвае царкоўны трыбунал дзявятага стагоддзя, калі судзілі труп Папы Рымскага Фармоза. Генпракуратура Беларусі ж плануе судзіць удзельнікаў падзеяў больш як сямідзесяцігадовай даўніны. Саму справу пра генацыд завялі толькі пазалетась.

«Усё гэта стала асабліва актуальна пасля 2020 года, калі рэжым спрабуе паказаць вось гэты палітычны крызіс як элемент гэтай бясконцай барацьбы з фашызмам. Адсюль і гэтае вяртанне да падзеяў 70-цігадовай даўніны», – мяркуе Вадзім Мажэйка.

Наконт працягу вайны, але ў іншай плоскасці, казаў і сам генпракурор падчас сённяшняй сустрэчы са студэнтамі.

«Інфармацыйная вайна супраць розумаў нашых грамадзянаў не спыняецца. На прасторах інтэрнэту льюцца ў межах гэтай інфармацыйнай вайны, якая, дарэчы, не адно дзесяцігоддзе ўжо ідзе, струмені паклёпу, перакручвання фактаў», – заявіў Андрэй Швед.

Генпракуратура падае сваю інтэрпрэтацыю гістарычных фактаў. І выпусціла кнігу, у якой побач з фота немцаў і тых беларусаў, што з імі супрацоўнічалі, размясцілі здымкі з пратэстаў дваццатага года і выявы дзеячаў беларускай апазіцыі. Вынікі расследавання, як абяцаў Швед, будуць выкарыстоўваць у навучанні школьнікаў і студэнтаў.

Навуковай вартасці пракурорскае расследаванне не мае, мяркуе гісторык Аляксандр Фрыдман. На ягоную думку, гістарычныя факты падганяюцца пад ідэалогію, вызначаную Лукашэнкам.

«Лукашэнка мяркуе, што праз гэтую тэму можна навязаць сённяшнія палітычныя наратывы. Напрыклад, паставіць знак роўнасці паміж сённяшнім Захадам і нацыстамі, што Лукашэнка фактычна і робіць. Яго цікавіць сучасная палітыка і ў якой ступені гістарычныя падзеі можна выкарыстаць для прасоўвання палітычных тэзаў», – кажа Аляксандр Фрыдман.

Аднак ідэалогія, заснаваная на падзеях Другой сусветнай, падобна, блізкая не ўсяму беларускаму грамадству.

«Гэта падзея мінулага. І прайшоў вельмі вялікі час. І для тых людзей, якія нарадзіліся ў XXI стагоддзі, для іх гэтая падзея далёкая. Не такая далёкая, як Першая сусветная, але ўсё ж такі далёкая», – разважае Аляксандр Фрыдман.

Дый падыход да вывучэння падзеяў Другой сусветнай у рэжыму – абіральны. Паводле Аляксандра Фрыдмана, злачынствы супраць мірнага насельніцтва чынілі розныя ўдзельнікі канфлікту. У тым ліку і савецкія партызаны. Але гэтая тэма ў Беларусі публічна не агучваецца. А архівы спецслужбаў з тагачаснымі дакументамі застаюцца замкнёнымі для гісторыкаў.

Валянцін Васіленка, «Белсат»