«ЧВК Редан» – хто яны і якую небяспеку нясуць?


Паблікі моладзевай субкультуры «ЧВК Редан» з’явіліся цягам апошніх дзён ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі. У некаторых з іх ужо абвяшчаецца агульны збор, пераважна на найбліжэйшыя выходныя, а ў Магілёве збор паспелі абвясціць і адмяніць.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Да прыкладу, тэлеграм-паблік «ЧВК Редан Гомель» створаны дваццаць шостага лютага пад афіцыйным сцягам Рэспублікі Беларусь. Там ужо амаль дзевяцьсот падпісальнікаў, і ўжо з’явіліся пагрозы каляфутбольным фанатам.

«ЧВК Редан» – моладзевая субкультура, аматары анімэ-серыялу «Hunter x Hunter», у якім злачынная групоўка мае назву «Р’Ёдан». Сімвалы групоўкі з анімэ: чорны колер, павукі на адзенні і лічба чатыры.

Бойкі падлеткавых натоўпаў і амапаўцы, што іх ловяць, падарвалі сацсеткі ў Расеі на мінулых выходных.

Рух «ЧВК Редан» выйшаў за межы моладзевых субкультураў, яго паслядоўнікі маюць даўгія валасы, носяць штаны ў клетку і малюнак павука з лічбаю чатыры на кашулі.

Яшчэ на мінулым тыдні ў гандлёвым цэнтры «Аквапарк» у Маскве пачалася тузаніна паміж анімэшнікамі і каляфутбольнымі фанатамі, якіх на слэнгу называюць «офнікамі». Меркавана, «офнікам» не спадабаўся выгляд «рэданаў». Паводле тэлеграм-каналу «База», супернікі дамовіліся сустрэцца на наступны дзень. Сабраліся сотні падлеткаў, прыйшла і паліцыя.

Сутычкі распаўсюдзіліся і на іншыя гарады. Ёсць кадры з гандлёвага цэнтру «Галерэя» ў Пецярбурзе.

Выданне «Фонтанка» паведамляе, што канфлікт пачаўся праз патрабаванне, калі гаварыць на расейскім моладзевым слэнгу, «пояснить за шмот». У выніку ў аддзел паліцыі забралі больш чым сто трыццаць 14-17-гадовых падлеткаў.

Пасля гэтых інцыдэнтаў расейская паліцыя ў кожным падлетку пачала шукаць патэнцыйнага паслядоўніка «ЧВК Редан», у гандлёвых цэнтрах сілавікі шукаюць асобаў у адзенні з павукамі. У Казані, Новасібірску, Растове-на-Доне таксама затрымалі падлеткаў. Сотні прыхільнікаў «павукоў» заўважылі ў цэнтры Краснаярску.

Паводле ТАСС, траіх удзельнікаў боек у Маскве адправілі пад хатні арышт. Іх вінавацяць у хуліганстве з выкарыстаннем зброі, нібыта ў сутычках выкарыстоўваліся газавыя балончыкі, страйкбольныя пісталеты і нажы. Усяго па краіне, паводле розных звестак, затрымалі да паўтысячы падлеткаў.

Рухам зацікавіліся захавальнікі рунэту. Кіраўніца Лігі бяспечнага інтэрнэту Кацярына Мізуліна напісала, што зробіць усё магчымае, каб забараніць анімэ ў Расеі.

Масавыя сутычкі непаўналетніх адбыліся дваццаць шостага лютага таксама ў Харкаве, Кіеве ды іншых украінскіх гарадах. Украінскія праваахоўнікі шукаюць расейскі след у гэтай субкультуры.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»