Лукашэнкаўцы ўзяліся за гісторыю


Падобна, што неўзабаве ў Беларусі ўвядуць адзіны погляд на гісторыю краіны, абавязковы для ўсіх. Наталля Качанава правяла семінар, на якім чыноўнікі ды так званыя дэпутаты вызначылі, як трэба трактаваць гістарычныя падзеі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Калі сцісла: Рэч Паспалітая і БНР – гэта адназначна кепска, а Расейская імперыя і СССР – адназначна добра. А яшчэ мы перамаглі ў вайне і абараняем хрысціянскія каштоўнасці. Усё ж, якое бачанне гісторыі хочуць навязаць беларусам?..

Адміністрацыя Лукашэнкі, Савет Рэспублікі, Палата прадстаўнікоў, Савет міністраў, Праваслаўная царква і нават Генпракуратура – далёка не поўны спіс арганізатараў семінару з Качанавай на чале. Функцыянеры сабраліся, каб пагаварыць пра сучаснасць і гісторыю Беларусі. Гаварылі шмат. Пра традыцыйныя каштоўнасці і бездухоўны Захад.

«Наша дзяржава з’яўляецца носьбітам і захавальнікам базавых традыцыйных каштоўнасцяў. Больш за тое, і сёння беларусы беражліва абараняюць і культывуюць іх, у той час як у «новай Еўропе» пад прыкрыццём барацьбы за правы і свабоды чалавека ўкараняецца антыхрысціянскі светапогляд, які супярэчыць каштоўнасным асновам і традыцыям еўрапейскай цывілізацыі», – заявіла Наталля Качанава.

Зміцер Лукашук, аўтар кнігі пра беларускую нацыянальную ідэю, мяркуе, аднак, што не лукашэнкаўцам разважаць пра хрысціянскія цноты.

«Калі яны там хочуць на нейкія хрысціянскія каштоўнасці спасылацца, хай прыменяць да сябе біблейскую фразу пра тое, што, хто сам не без граху, хай кіне ў мяне першым камень. І пачнуць з Лукашэнкі. Узгадаюць пра яго сямейныя каштоўнасці», – кажа Зміцер Лукашук.

Галоўнай тэмаю семінару ўсё ж была гісторыя Беларусі. А менавіта – яе трактаванне. У Рэчы Паспалітай быў заняпад беларускай культуры. БНР – тупіковы варыянт. Затое ўваход у Расейскую імперыю спрыяў фармаванню беларускай нацыі. Так запісалі ў выніковай рэзалюцыі семінару. Усё гэта хлусня – кажа гісторык Святлана Куль-Сяльверстава.

«Праз уваходжанне ў Расейскую імперыю Усход Беларусі не перажыў Асветніцтва. Не перажыў эпоху, якую перажыў Захад. Калі былі друкарні, універсітэт фармаваўся. На Усходзе – прыхадскія школкі», – адзначае Святлана Куль-Сяльверстава.

Станоўча лукашэнкаўцы апісалі і савецкі перыяд. Рэпрэсіяў і пераследу іншадумцаў у СССР не згадалі. Што таксама адпавядае ідэалогіі рэжыму. Адзінае трактаванне гісторыі распрацоўваюць на загад Лукашэнкі і робяць яго часткаю прапаганды, мяркуе гісторык і палітолаг Аляксандр Фрыдман.

«Усе гэтыя наратывы патрэбныя для абгрунтавання сучаснай антызаходняй, антыўкраінскай, антыпольскай палітыкі», – кажа Аляксандр Фрыдман.

На ягоную думку, качанаўскія тэзісы могуць зрабіць у Беларусі агульнаабавязковымі. Навуковая дыскусія на спрэчныя гістарычныя тэмы стане немагчымай.

«Гэта – канцэпцыя расейская, імперская. Накіраваная на тое, каб адбіць частку нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў. Маўляў, мы без іх ніяк, без старэйшага брата», – адзначае Зміцер Лукашук.

У рэзалюцыі сапраўды адзначаецца неабходнасць змагацца «з так званым нацыяналізмам».

«Указаць на неабходнасць супрацьдзеяння […] фальсіфікацыі гісторыі нашай краіны, штучнаму стварэнню гістарычных фактаў, накіраваных на зацвярджэнне вузканацыяналістычнага характару ментальнасці беларусаў і іх нецярпімасці ў адносінах да сваіх братоў-славянаў», – напісалі ў рэзалюцыі ўдзельнікі семінару.

Але, як улады збіраюцца навязаць усяму грамадству аднолькавае бачанне гісторыі ў век інтэрнэту і неабмежаванага распаўсюду альтэрнатыўнай інфармацыі?..

Валянцін Васіленка, «Белсат»