«Незалежнасць – гэта дорага». Дэкрэт саюзнай дзяржавы здае суверэнітэт


Незалежнасць пад пагрозай. Выданне «Наша Ніва» апублікавала падпісаны Лукашэнкам 4-га лістапада дэкрэт саюзнай дзяржавы, які грамадству і не збіраліся паказваць. У разгорнутай праграме «яднання» у кожным пункце «гарманізацыі» ці «уніфікацыі» заканадаўства Беларусі і Расеі – спіс нарматыўна-прававых актаў, які, паводле ацэнкі некаторых незалежных экспертаў, адкусіць добры кавалак ад суверэнітэту Беларусі. Што б там ні казаў у сённяшнім пасланні да народу адказны за такое рашэнне.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Аб’яднаны з Расеяй рынак электраэнергіі, уніфікацыя ў фінансавай галіне… Адзіны ўзор ва ўскосным падаткаабкладанні, што дазволіць Крамлю кантраляваць фінансавыя плыні ў беларускай эканоміцы. Праз амаль тры месяцы з чорнай скрыні ў медыі трапіў тэкст падпісанага Лукашэнкам дэкрэту саюзнай дзяржавы. Крэдытаванне, страхаванне, стварэнне мытнага міждзяржаўнага органу і гэтак далей… маюць быць «гарманізаваныя» ці то «уніфікаваныя». То бок прыведзеныя да адзіных стандартаў.

Даследнік EAST Сenter і эксперт іSANS Андрэй Елісееў тлумачыць:

«У рэальнасці гэта будзе проста перапісванне масавае беларускага права на расейскі лад і маштабы такога прававога транзіту можна параўнаць толькі ці з БССР (то бок Беларусь пераўтвараецца ў мадэль БССР-2), ці з тым транзітам, які адбыўся пасля 1840-га году, калі спынілася дзеянне Статуту Вялікага Княства Літоўскага».

Найбольш крытычнымі лічацца мытная і падатковая сферы… Палітолаг Андрэй Ягораў называе іх лёгкімі і сэрцам унутраных органаў Беларусі. Але ў падпісаным бакамі дакуменце згадана, што да канца года маюць вызначыць і іншыя напрамкі, якія будуць перапрашываць на расейскі лад. Дэдлайны маланкавыя – дзе да канца 23-га ці 24-года, дзе – да канца 27-га.

Калі «Наша Ніва» апублікавала гэтыя хаваныя ад беларусаў дакументы, Лукашэнка ў сваім Пасланні беларускаму народу заявіў, што незалежнасць дорага каштуе:

«Вы гатовыя плаціць за гэтую дарагую рэч, імя якой суверэнітэт і незалежнасць? (…) Незалежнасць – гэта ўмовы для захавання нацыі, магчымасць вызначаць сваю будучыню і гэтае права мы нікому аддаць не павінныя».

То чаму ж аддаяце? Андрэй Елісееў цвердзіць, што з суверэнітэтам можам развітацца, калі рэжым рэалізуе дзве рэчы:

«Інтэграцыйны сакрэтны пакт і канчатковае прызнанне Лукашэнкам Крыму – гэта два так званыя «game changery». Дзве рэчы, якія якасна мяняюць сітуацыю, бо праз інтэграцыйныя дакументы Крэмль імкнецца пазбавіць Беларусь суверэнітэту ва ўнутраных справах. А канчатковае прызнанне Крыму, калі Лукашэнка туды паедзе – фактычна пахавае самастойнасць Беларусі ў замежнай палітыцы», – кажа палітолаг.

Кіраўнік сілавога рэжыму, прыкрываючыся абаронай Масквы, фактычна папярэдзіў краіны Захаду, што рэпрэсіўнай палітыкі не зменіць і прапанаваў адмовіцца ад санкцыяў – асабліва Літве, якая адмовілася ад транзіту беларускага калію. Лукашэнка таксама пацвердзіў, што згодна з саюзнымі дамовамі, Беларусь пры неабходнасці будзе ваяваць

«Калі на нашую краіну будзе здзейсненая агрэсія, тут будуць сотні тысяч расейскіх войск, якія з сотнямі тысяч беларусаў будуць адстойваць гэтую святую зямлю».

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў вылучыў яшчэ адну рэпліку:

«Калі ўсё будзе спакойна, я пайду на адпачынак і буду спакойна назіраць. Але калі будзе вайна, то першым вазьму кулямёт і пайду ў першыя шэрагі. Тут крыецца самая важная адгадка – вакол Беларусі, з яго пункту гледжання ніколі не будзе спакойна».

Затое ўнутры кола ягоных бліжэйшых прыхільнікаў – атмасфера пераможцаў.

«Успамінаецца нейкі сталінскі зʼезд, 17-ы здаецца, які назвалі “зʼездам пераможцаў”. Але потым іх усіх расстралялі», – дадае Цыганкоў.

Але гэта ўжо пра гістарычную адказнасць…

Юлія Цяльпук, «Белсат»