Напружанасць на ўкраінска-расейскай мяжы. Зяленскі правёў прэс-канферэнцыю


Прэвентыўныя санкцыі супраць Расеі маглі б папярэдзіць агрэсію супраць Украіны, заявіў Уладзімір Зяленскі. З нагоды росту напружанасці на ўкраінска-расейскай мяжы прэзідэнт Украіны правёў адмысловую прэс-канферэнцыю. Паводле Зяленскага, паніка, якая сёння існуе вакол расейска-ўкраінскага канфлікту, можа дрэнна адбіцца на эканоміцы краіны.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Расея сцягвае тысячы салдат, танкаў і іншай баявой тэхнікі да ўкраінскай мяжы. З гэтай нагоды прэзідэнт ЗША Джо Байдэн ужо трэці раз за апошнія тры тыдні стэлефанаваўся з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.

«З мінулага тыдня мы кажам, што бачым падрыхтоўку і нарошчванне сілаў на мяжы, і што ўварванне можа адбыцца ў любы момант. З таго часу нашая ацэнка падзеяў не змянілася», – кажа прэс-сакратарка Белага дому Джэн Псакі.

У размове з Зяленскім Байдэн пацвердзіў, што ЗША падтрымліваюць і будуць падтрымліваць Украіну надалей, у тым ліку фінансава. Байдэн кажа, што ў выпадку рэзкага ўварвання Расеі ва Украіну ЗША гатовыя да рашучай рэакцыі. А пакуль Белы дом займаецца вывазам сваіх грамадзянаў з Украіны і падрыхтоўкай гуманітарнай дапамогі.

«За апошнія 8 гадоў мы прадаставілі больш за 351 мільён долараў уразлівым таварыствам па ўсёй Украіне… Відавочна, што мы абралі б дыпламатычны шлях, каб пазбегнуць уварвання, але ў нас ёсць доўгая гісторыя дастаўкі тэрміновай гуманітарнай дапамогі ва Украіну, і мы гатовыя рабіць гэта па меры неабходнасці», – тлумачыць Джэн Псакі.

Напрыканцы снежня Расея выставіла свае патрабаванні. Сярод іх – не дапусціць уступлення Украіны ў НАТО, а таксама вывесці войскі НАТО з усходнееўрапейскіх краінаў. Адказы ЗША і Паўночнаатлантычнага альянсу былі адмоўныя. У сваю чаргу яны заклікаюць Расею адвесці свае войскі ад мяжы з Украінай.

«Паміж ЗША і Расеяй, паміж НАТО і Расеяй і ў межах АБСЕ мы раней развязвалі вельмі складаныя пытанні бяспекі і ўзбраення шляхам перамоваў. Гэта было слушна нават у самыя цяжкія часы, і цяпер нам трэба зрабіць гэта зноў. І так, менавіта на гэта мы спадзяемся: што Масква вывучыць тое, што мы ёй прапанавалі, і вернецца за стол перамоваў», – агучвае пазіцыю ЗША намесніца дзяржсакратара Віктор’я Нуланд.

У адваротным выпадку Захад абяцае Расеі праблемы. Перадусім – контрмеры ў адказ на ўварванне Расеі ва Украіну будуць датычыць газаправоду «Паўночная плынь – 2», які быў у абыход Украіны і праходзіць па дне Балтыйскага мора. Пры дапамозе «Паўночнай плыні – 2» Расея збіралася падвоіць пастаўкі газу ў Нямеччыну.

«Што датычыць «Паўночнай плыні-2», то ў нас працягваюцца вельмі моцныя і дэталёвыя перамовы з нашымі нямецкімі саюзнікамі, і сёння я хачу быць з вамі шчырай. Калі Расея ажыццявіць уварванне ва Украіну, так ці інакш, «Паўночная плынь – 2» не прасунецца», – кажа Вікторʼя Нуланд.

Акрамя праблемаў з газаправодам у выпадку эскалацыі канфлікту Расеі пагражае адключэнне ад міжнароднай міжбанкаўскай сістэмы SWIFT. Пра гэта заявіла кіраўніца Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен у эфіры CNN. У адказ на такія санкцыі Расея можа цалкам разарваць дачыненні з Захадам, заявіў міністр замежных справаў Сяргей Лаўроў.

«Калі гэта залежыць ад Расейскай Федэрацыі, то вайны не будзе, мы войнаў не хочам. Але і наступаць груба на нашыя інтарэсы, ігнараваць нашыя інтарэсы мы таксама не дазволім». – даў свой каментар міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў.

Ужо на пачатку наступнага тыдня мае адбыцца адкрытае паседжанне Рады Бяспекі ААН. На ім абмяркуюць дзве галоўныя тэмы – дзеянні Расеі ў дачыненні Украіны і нарошчванне расейскіх войскаў ля мяжы Украіны і ў Беларусі.

Ірына Карніенка, «Белсат»