Галоўчанка забараніў галандскі сыр


Купляйце беларускае, бо іншага мы вам купляць не дазволім. Урад Рамана Галоўчанкі працягнуў да канца наступнага года адмысловае эмбарга на харчы і аграрную прадукцыю з так званых несяброўскіх краінаў. Каб пакараць Еўразвяз і Амерыку за ўвядзенне антываенных санкцыяў. Пры гэтым ужо з’явіўся недахоп яблыкаў і цыбулі – так што іх нельга вывозіць прадаваць нават у Расею.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Прэмʼер Раман Галоўчанка і Савет міністраў Лукашэнкі працягнулі забарону на продаж у Беларусі замежных харчоў з тых краінаў, з якімі пасварыўся Крэмль.

Сёння афіцыйна набыла моц пастанова ад 26-га снежня «Аб ужыванні спецыяльных захадаў адносна асобных відаў тавараў». Годам харчовага эмбарга будзе ўвесь 2024-ы. Ёсць невялікія змены: дазволяць завозіць варожыя яблыкі, але толькі ў ліпені.

Гэта працяг санкцыйнай вайны, да якой на харчовым фронце Лукашэнка падтрымаў Расею толькі летась.

«Многія супынілі працу з Беларуссю, і зараз РБ можа рабіць такія крокі, як эмбарга на імпарт, каб выглядала добра ў дзяржаўных СМІ: не вы мяне кідаеце, а я вас», – мяркуе дарадца Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (ABBA) Яраслаў Кот.

У выніку краіны Еўразвязу знайшлі сабе іншыя рынкі збыту, а грамадзяне Беларусі заўважылі, што асартымент у крамах скараціўся. Цалкам забяспечыць краіну ежай сённяшняя сістэма аграпрому пакуль не можа, адзначае Яраслаў Кот.

«Беларускія прадукты неканкурэнтаздольныя на беларускім рынку адносна еўрапейскіх. Розніца ў кошце была не такая вялікая. І імпартныя тавары з РФ каштуюць менш, чым беларускія».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Сцяпана Цюшкевіча / 1prof.by

Забаранілі польскія яблыкі-грушы – падаражэлі ўсе іншыя. Узяліся рэгуляваць цэны ўручную – зʼявіўся дэфіцыт, трэба змагацца з ім. Цяпер Савет міністраў увёў адмысловую сістэму ліцэнзіяў на вываз з Беларусі цыбулі і яблыкаў, незалежна ад краіны паходжання і ад краіны, куды іх вязуць. Але ёсць выключэнні: транзітныя перавозкі і гуманітарная дапамога.

«Белсат» і раней распавядаў, як на агульных абмежаваннях зараблялі прыбліжаныя да Лукашэнкі, якія мелі ліцэнзіі і выключэнні. У тым ліку, калі толькі зʼявілася само эмбарга.

«Дазволы будуць атрымліваць кампаніі, набліжаныя да ўладаў, якія займаліся імпартам і раней. Напрыклад, яны ўвозілі тыя ж кветкі, а потым перапрадавалі ў Расею. Або ўвозілі санкцыйныя тавары, і перапрадавалі ў Расею», – такі прагноз на «выключэнні» з эмбарга даваў Аляксандр Ярашэвіч з Беларускага расследавальніцкага цэнтру яшчэ 03.01.2022.

На тое, што контрсанкцыі Лукашэнкі не працуюць цалкам, скардзяцца нават ягоныя гарачыя прыхільнікі. Гэтак, вядомы дзеяч БРСМ, моладзевы чыноўнік Мікіта Рачылоўскі абурыўся, што ў Беларусі прадаецца гарбата ўкраінскай фірмы «Манамах», якая падтрымлівае Збройныя Сілы Украіны. У тым ліку пастаўляе гарбату непасрэдна войскам.

«Хіба адзінае, што замінае прадаваць гарбату кампаніі “Манамах” у беларускіх крамах у такіх пакунках, як на фота (для ЗСУ), гэта надпіс “не для продажу”», – кажа ён.

Яшчэ адна харчовая навіна – Савет Еўразійскай эканамічнай камісіі прадставіў тарыфную ільготу для Беларусі. Асобныя віды кальмараў, васьміногаў, мідыяў і крылю можна будзе ўвозіць без мыты, бо нашая дзяржава не мае выхаду да мора. Як адзначаюць у камісіі ЕАЭС, паслабленні зробленыя, каб змякчыць удар заходніх санкцыяў ды інфляцыі ў Беларусі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»