Як за год змянілася беларускае заканадаўства?


Генпракуратура заяўляе, што сёлета ў краіне выявілі больш за 5 тысяч злачынстваў так званага экстрэмісцкага кірунку. 76% з іх, маўляў, здзейсненыя ў інтэрнэце і звязаныя з падзеямі 2020 года. Гэтыя ды іншыя рэпрэсіі, колькасць якіх толькі расце, рэжым спрабуе замацаваць на заканадаўчым узроўні.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Толькі сёлета былі ўнесеныя змены ў Канстытуцыю, Выбарчы і Крымінальна-працэсуальны кодэксы, у Закон аб грамадзянстве. На стадыі распрацоўвання цяпер законапраект аб дадатковым рэгуляванні выезду грамадзянаў за мяжу. Паводле экспертаў, усе гэтыя змены яшчэ больш абмяжоўваюць правы беларусаў. Для чаго гэта робіцца? Паводле палітолага Валера Карбалевіча:

«Каб узмацніць жорсткасць палітычнага рэжыму. Стварыць немагчымасць існавання любых, не тое што апазіцыйных, увогуле незалежных ад дзяржавы палітычных інстытутаў і структураў і падвесці заканадаўчую базу пад рэпрэсіўны рэжым».

Праз тры дні пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну ў Беларусі адбыўся так званы рэферэндум у пытанні Канстытуцыі. Асноўны вынік – Беларусь пазбавілася статусу нейтральнай дзяржавы і бяз’ядравага статусу. Інерцыйныя ж змены, кажуць эксперты, звязаныя са зʼяўленнем у Канстытуцыі такога паняцця, як Усебеларускі народны сход, паўнамоцтвы якога ўсё яшчэ нявызначаныя.

«Лукашэнка паабяцаў Пуціну, што зменіць Канстытуцыю і паступова збіраецца сыходзіць. Гэта было два гады таму, за гэты час адбылося шмат падзеяў, і Пуцін ужо зусім не настойвае на тым, каб Лукашэнка сыходзіў», – кажа Валер Карбалевіч.

Падчас згаданага рэферэндуму ўчасткі для галасавання за мяжою не працавалі. Тады рэжым спасылаўся на пандэмію і няўпэўненасць у бяспецы на месцах. Пазней пазбавіць беларусаў замежжа права голасу пастанавілі праз змены ў Выбарчы кодэкс – сёлета 14 снежня гэтак званыя дэпутаты прынялі адпаведны законапраект.

У адзінай краіне Еўропы, дзе існуе смяротнае пакаранне, сёлета знайшлі і дадатковыя прычыны для яго прымянення. Цяпер караць смерцю могуць ужо толькі за замах на здзяйсненне злачынства, звязанага з тэрарыстычнаю дзейнасцю. У групе рызыкі таксама чыноўнікі і вайскоўцы. Юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк каментуе:

«Для таго каб не адбылося грамадзянскага выбуху, нават калі, магчыма, беларусаў прыйдзецца пасылаць ва Украіну, і прымаюцца гэтыя законы, каб народ яшчэ больш запужаць, каб яны не перашкаджалі гэтага рабіць. Усё гэта проста як такі адзіны комплекс захадаў, накіраваны на ўтрыманне ўлады ва ўмовах магчымай гарачай вайны».

Акрамя таго, рэжым цяпер можа завочна судзіць беларусаў, якія застаюцца за мяжою. Першыя выракі ўжо ёсць: спартоўцаў Аляксандру Герасіменю і Аляксандра Апейкіна асудзілі на 12 гадоў калоніі.

Таксама дзяржава цяпер мае права пазбаўляць чалавека беларускага грамадзянства за экстрэмісцкую дзейнасць. Паводле эксперта, гэткія захады сведчаць пра пераход ад аўтарытарнага рэжыму да таталітарнага. Паводле Валера Карбалевіча:

«Тое, што ўводзяцца завочныя суды, што будуць пазбаўляць грамадзянства… Рэжым вызваляецца ад усіх грамадзянаў нелаяльных, застануцца толькі лаяльныя. Я думаю, што працэс таталітарызацыі будзе працягвацца».

Сапраўды, ад некаторых новаўвядзенняў рэжыму паратунак ёсць толькі за мяжой. А як у сітуацыі маштабнага абмежавання сваіх правоў дзеяць беларусам унутры краіны?

«Калі гэта закон, які прадугледжвае пераслед за палітычныя погляды, то ён неправавы. Бо ён супярэчыць міжнароднаму праву, супярэчыць дамовам, якія Беларусь падпісвала. Яго можна не выконваць. Болей за тое, гэта грамадзянскі абавязак – не выконваць такіх неправавых законаў», – распавядае Міхаіл Кірылюк.

Асабліва, калі гэта звязана з магчымым паўнавартасным удзелам Беларусі ў вайне, кажа юрыст. Цяпер рэжым рыхтуе закон, які надасць КДБ паўнамоцтвы абмяжоўваць выезд беларусаў за мяжу, абмяжуе такі выезд для навабранцаў і рэзервістаў у веку да 27 гадоў.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»