Мігранты сыходзяць з Беларусі ў Фінляндыю?


Мігранты рушаць на поўнач. Жыхары краінаў Блізкага Усходу, якія не змаглі трапіць у Еўразвяз з тэрыторыі Беларусі, адпраўляюцца праз Санкт-Пецярбург на мяжу з Фінляндыяй. Замежнікі, якія ўжо папрасілі прытулку ў гэтай еўрапейскай краіне, распавялі падрабязнасці свайго ваяжу мясцоваму выданню «Yle».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Кантрабандыст сказаў нам, што пераезд з Санкт-Пецярбургу да фінскай мяжы арганізаваны расейскімі вайскоўцамі. Нам за сто долараў замовілі два таксі “Яндэкс” і даставілі бліжэй да мяжы. Там былі нейкія расейскія афіцэры і следчыя, яны дапытвалі нас. Нам анулявалі ўсе візы, забралі ўсе пашпарты, тэлефоны і грошы, а затым праз 7-8 гадзінаў стаяння на марозе выдалі ровары для мінання мяжы ды забаранілі вяртацца ў Расею», – распавёў мігрант з Сірыі Муаяд Салямі.

Праз міграцыйны ціск улады Фінляндыі цягам апошніх тыдняў закрылі сем з васьмі пунктаў пропуску на ўсходняй мяжы. Цяпер трапіць у краіну з Расеі можна толькі праз самы паўночны пункт пропуску «Рая-Ёосэпі». Аднак напярэдадні прэм’ер-міністр Фінляндыі Пэтэры Орпа заявіў, што і гэты пункт можа спыніць працу, калі Крэмль працягне выкарыстоўваць мігрантаў як зброю.

«Фінляндыя была абраная ўва многім, мяркую, з-за сваёй мяжы. Гэта самая працяглая мяжа ЕЗ з Расеяй. Прынамсі, да нядаўняга часу, калі былі адкрытыя ўсе пункты пропуску. І таксама сярод магчымых абгрунтаванняў, чаму менавіта Фінляндыя, цалкам верагодна Масква такім чынам намагаецца “насаліць” Хельсінкі за ўступленне ў NATO», – мяркуе малодшы навуковы працаўнік Інстытуту Алексантэры, Універсітэт Хельсінкі Віктар Ламбін.

Аднак некаторыя эксперты называюць яшчэ адну мэту міграцыйнага ціску, якую ставіць Масква ва ўмовах поўнамаштабнай вайны ва Украіне.

«Калі дазволіць гэтаму памежнаму крызісу зацягнуцца і стварыць ціск у Фінляндыі, адцягнуць увагу і рэсурсы, то Расея можа дасягнуць сваёй мэты ў больш працяглы перыяд часу, каб гэтымі дзеяннямі, гібрыдным уздзеяннем абмежаваць, паменшыць дапамогу, якую Захад дае Украіне», – патлумачыла намесніца дырэктара Эстонскага міжнароднага цэнтру абаронных даследаванняў Крысці Райк.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: памежная служба Фінляндыі / Instagram

Сітуацыю на мяжы Фінляндыі ўжо параўноўваюць з крызісам, які рэжым Лукашэнкі пачаў вясною 2021 года. Паводле Памежнай аховы краіны, размова ідзе пра вялікія групы мігрантаў з 20-30 чалавек, добра арганізаваныя і з амуніцыяй. Пры гэтым сітуацыя ў еўрапейскім кірунку з беларускага боку чарговы раз паспакайнела. Зніжэнне міграцыйнага ціску на мінулым тыдні адзначылі памежныя службы Літвы, Латвіі і Польшчы. Але ці варта казаць пра магчымае зацішша?

«Кірунак уздзеяння мігрантамі на краіны Захаду – ён не змяніўся. Проста пашырыўся фронт. То бок усе гэтыя зʼявы не значаць таго, што на Польшчу, Літву, Латвію зменіцца або ўвогуле знікне гэты ціск. Ён можа паменшыцца, але наўрад ці ён знікне», – адзначыў спецыяліст у нацыянальнай бяспецы, палітолаг Аляксандр Казак.

Усю адказнасць за міграцыйны крызіс на мяжы з Беларуссю рэжым Лукашэнкі дагэтуль ускладвае на краіны Еўразвязу. Пры гэтым сам Лукашэнка апошнім часам неаднаразова выказваў спадзеў на аднаўленне стасункаў прынамсі з Польшчай і Літвой. На гэтым фоне размовы аб магчымым спыненні міграцыйнага крызісу паміж рэжымам і Еўразвязам ідуць, упэўнены Аляксандр Казак:

«Пытанне ў іх эфектыўнасці. Пытанне ў іх публічнасці. Гэта не ідуць размовы на ўзроўні Дуда – Лукашэнка. Гэта ідуць размовы на ўзроўні амбасадараў, павераных, аташэ, дасылаючы нейкія сігналы, нейкія кулуарныя размовы».

Раней Лукашэнка казаў пра падобныя размовы праз «закрытыя каналы» адносна імавернага вызвалення палітвязняў. Але запатрабаваў пэўныя ўмовы. Паводле экспертаў, гаворка перадусім ідзе пра скасаванне еўрапейскіх санкцыяў. Тых самых санкцыяў, у адказ на якія рэжым пачаў правакацыю з мігрантамі на мяжы.

Ірына Юр’ева, «Белсат»