Затрыманы кіраўнік аднаго з аддзелаў МТС


 

26 кастрычніка з’явіліся кадры, дзе так званыя сілавыя органы цягнуць пад рукі Аляксея Кузьміна. Ён начальнік аднаго з аддзелаў аператара сотавай сувязі МТС. МУС абвінавачвае мужчыну ў перадачы звестак адміністратарам тэлеграм-каналу «Черная книга Беларуси», дзе яшчэ ў 2020 годзе публікавалі імёны, тэлефоны і месца прапіскі сілавікоў.

Супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення барацьбы з арганізаванаю злачыннасцю і карупцыяй выклалі на сваім канале так званае «пакаяннае» відэа з затрыманым і нібыта ягоную перапіску з адным з прадстаўнікоў «Черной книги». Калі верыць скрыншотам гэтага ліставання, то Аляксей Кузьмін напісаў, што мае доступ да базы абанентаў МТС і можа знайсці чалавека праз нумар, прозвішча і ўдакладніць адрас прапіскі карыстальніка. Паводле ГУБАЗіКу, Аляксей даслаў у «ЧКБ» звесткі больш як 100 супрацоўнікаў сілавых органаў.

«Усе людзі, якія пісалі нешта ў «Черную книгу Беларуси», у небяспецы. Ім трэба як мага хутчэй выязджаць з краіны», – кажа аўтарка відэа-праекту «Дзікае паляванне» Яніна Сазановіч.

У зоне рызыкі могуць быць абсалютна ўсе, хто некалі пісаў у бот «Черной книги». Раней «Белсат» у праекце «Тыдзень» распавядаў пра тое, што ў шэрагі адміністратараў тэлеграм-каналу трапіў і пэўны час узначальваў «ЧКБ» Артур Гайко, які выявіўся супрацоўнікам ГУБАЗіКу.

Паводле інфармацыі, атрыманай нашымі калегамі, адным з тых, хто верыфікаваў і праз каго Гайко трапіў у «ЧКБ», быў Данііл Багдановіч. Аднак малады чалавек з сябе адказнасць за тое, што здарылася, здымае.

«Пачнем з таго, што не я яго прывёў. Ён прыйшоў. І верыфікаваў сябе. Я не буду расказваць працэсы, якія адбываліся. І ў праекта быў галоўны рэдактар, які ў тым ліку прымаў рашэнні. І гэтым галоўным рэдактарам быў не я. Чалавек прыйшоў да нас. У яго былі дадзеныя, якія ён прапаноўваў нам і зліваў у вялікіх колькасцях. Нават некалькі разоў зліваў такія дадзеныя, за якія атрымліваў узнагароду. Напрыклад, спіс супрацоўнікаў усяго ГУБАЗіКа», – кажа медыяменеджар Данііл Багдановіч.

Што можна парэкамендаваць людзям, якія перасылалі інфармацыю ў «Черную книгу Беларуси»? Эксперты ў галіне IT гавораць, што ёсць дзве стратэгіі. Першы варыянт – калі вы мяркуеце, што вы недзе засвяцілі свой тэлеграм, варта яго выдаліць. Не праграму, а менавіта акаўнт. Гэтак ваш унікальны нумар ID перастане існаваць.

«А наступная стратэгія гэта ствараць ID без прывязкі да нумара пашпарта. Патэнцыйна атрымліваецца так: вы ствараеце ў тэлеграме ўліковы запіс на віртуальны нумар, які не належыць краіне. Адпаведна такім чынам вы пазбягаеце патрэбу ў звязку тэлефонны нумар – пашпарт. І нават калісьці выявяць нумар, то там будзе нумар іншай краіны. А там ужо нашмат складаней атрымаць на вас інфармацыю», – распавядае эксперт у галіне лічбавай бяспекі Мікалай Кванталіяні.

Аднак ніводны з вышэйпералічаных спосабаў не гарантуе карыстальнікам поўнай бяспекі. Яшчэ ў ліпені Следчы камітэт Беларусі заяўляў, што ў справе «Черной книги Беларуси» затрыманыя больш за два дзясяткі чалавек, сярод якіх дзяржслужбоўцы і нават сілавікі.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»