Уведзены новыя правілы дарожнага руху


Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам «Увага! Пешаходны пераход!» абвешчаны 28-га кастрычніка. А сёння набылі моц змяненні ў Правілах дарожнага руху, якія, на думку эксперта «Белсату», зрабілі «зебру» менш бяспечнаю. Інспектары ДАІ сёння заклікаюць бацькоў і настаўнікаў – навучыць дзяцей правілам, а кіроўцаў – азнаёміцца з папраўкамі ў ПДД. Коратка апісваем змены, якія найлепш ведаць кожнаму.

Максімальная дазволеная хуткасць для электрасамаката, гіраскутара і монакола – 25 км/г. У вечаровы час абавязковыя флікер і запаленая фара. У адрозненне ад пешаходаў, перасоўвацца «сродкам персанальнай мабільнасці» нельга нападпітку. Адметна, што раварыстам можна не спешвацца пры перасячэнні праезнай часткі дарогі, але варта своечасова знізіць хуткасці і пераканацца ў бяспецы».

На нерэгуляваным пераходзе (дзе няма святлафору) – ровар трэба весці побач. Раней правіла было абавязковым для пераходаў усіх тыпаў. Беларус з Варшавы, які вучыць людзей ездзіць згодна з правіламі дарожнага руху, не ў захапленні ад таго, што праз зебру дазволена ехаць.

«Кіроўца заўсёды можа заўважыць пешахода, але раварыст перасоўваецца з большай хуткасцю ў 3-4 разы. Не зможа заўважыць ці едзе нехта, ці не» – каментуе Дзяніс Герасімчык.

У жылой і пешаходнай зонах ровар можа рухацца па праезнай частцы. Пры гэтым люстэрка задняга агляду цяпер неабавязковае. І да ўвагі кіроўцаў: «Асабліва неабходна быць пільнымі, калі вы заўважылі паблізу перахода дзяцей, бо іхнае захаванне часамі непрадказальнае», – кажа інспектарка Вікторыя Супрун.

Дзеці непрадказальныя круглы год. Але ў новых правілах дарожнага руху акцэнт толькі на 10 дзён на пачатку і дзесяць – у канцы навучальнага года. Кіроўцам трэба будзе абавязкова запальваць святло фараў удзень.

Дзяніс Герасімчык – прыхільнік карыстання святлом без выключэнняў:

«Запаленае круглы год святло аўтамабіляў добра б уплывала на бяспеку руху – паказаў досвед іншых краінаў. Не заўсёды можна заўважыць раварыста, бо атмасферныя ўмовы не дазваляюць», – кажа кіраўнік аўташколы «DENIS DRIVE» у Варшаве.

Прыклад – сённяшняя мгла, якая запаволіла ранішні дарожны рух. У еўрапейскіх краінах у такое надвор’е ўключаюць адмысловы рэжым асвятлення. Калі ж паветра празрыстае – пераводзяць на дзённае святло.

Прадугледжаныя ўказам Лукашэнкі змены ў ПДД датычаць таксама танавання. Плёнка, якая прапускае 70 % святла, дапушчальная толькі на бакавым і заднім шкле аўтамабіля.

Затое можна лепш разагнацца. На аўтамагістралях і дарогах для аўтамабіляў легкавік можа развіць хуткасць да 120 км/г. Аўтобус – да 100 км/г. Пытаемся, ці не ўзрасце аварыйнасць, улічваючы «месцамі не ўзорны» стан дарожнага пакрыцця.

Нарэшце легальна можна прымацаваць відэарэгістратар. Дагэтуль ён лічыўся «прадметам на шкле, не прадугледжаным канструкцыяй». Азнаёміцца з усім пералікам зменаў можна на старонцы Дзяржаўтаінспекцыі.

Юлія Цяльпук, «Белсат»