Страйк прадпрымальнікаў прайшоў у розных беларускіх гарадах


Баранавічы, Віцебск, Гомель, Жабінка, Ліда, Маладзечна, Магілёў, Менск. У гэтых ды іншых гарадах прадпрымальнікі сёння не выйшлі на працу. Гэта сталася наступствам пастановы № 713 Савету Міністраў, у якую зноў унеслі змены.

У Гомлі з іпэшнікамі, якія страйкуюць, сустрэўся мясцовы чыноўнік і пагражаў ім штрафамі, паведамляе тэлеграм-канал «МотолькоПомоги».

«Сказаў, што ўказу аб правяранні яшчэ не было», – зазначае адзін з прадпрымальнікаў. «Хто сёння не працаваў – трапіць пад адміністратыўны штраф. Калі толькі не было ўважлівай прычыны і не апавясцілі за 5 дзён пра тое, што сёння працаваць не будзеце».

Гэтак, між іншага, з-пад дзеяння пастановы выключаныя тавары раскошы і спецыфічныя тавары, якія носяць сезонны характар, камп’ютары, смартфоны, ікра ласасёвых рыбаў, кнігі, шкарпэткі з паўшарсцяной пражы.

Да таго ж дазволілі дадаваць у канечную цану расходы на ўпакоўванне, а цэны на рэшту тавараў цяпер неабходна прыводзіць у адпаведнасць з нормамі пастановы толькі пры паступленні такога ж новага тавару.

Як мяркуе дарадца кіраўніка Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой Яраслаў Кот, цяпер склаліся ўмовы, у якіх прадпрымальнікі проста не маюць сэнсу далей працаваць.

«Страйк, які зараз адбыўся, гэта не проста страйк. Людзі элементарна не могуць працаваць – каб сфармаваць цану неабходна пралічыць пэўныя выдаткі. Калі іх не зменшыць, калі іх не прыбраць, то абсалютна ніяк указам Лукашэнка, як ён гэта любіць, стрымаць кошты. Гэта немагчыма» – упэўнены Яраслаў Кот.

Новая сістэма цэнаўтварэння ў Беларусі запрацавала 20 кастрычніка. Рэтэйлераў і прадпрымальнікаў, згодна з ёй, абавязалі ўзгадняць павышэнне адпускных коштаў з дзяржорганамі, аблвыканкамамі і Менгарвыканкамам. Кантраляваць цэны запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка: «Міністр гандлю, якога я спрэс не бачу. Я табе пры прызначэнні даручыў: рабі любыя меры, калі хтосьці перашкаджае – дакладвай наўпрост».

Цяпер у Беларусі працуе адмысловая гарачая лінія, на якую можна паведаміць аб павышэнні коштаў у крамах, а праз гандлёвыя кропкі розных гарадоў краіны прайшоў шэраг рэйдаў. Вынікам сталіся затрыманні і не менш за 40 крымінальных справаў. Сярод тых, хто трапіў за краты за «неабгрунтаванае павышэнне цэнаў», ёсць буйныя прадпрымальнікі. Напрыклад, Вадзім Аванесаў – адзін з галоўных бенефіцыяраў гандлёвай сеткі «Суседзі».

На думку палітолага Валерыя Карбалевіча, у выпадку змякчэння 713-й пастановы або нават яе скасавання фігурантам гэтых справаў усё адно пагражаюць рэальныя тэрміны зняволення. «Я не думаю, што людзей ужо будуць садзіць на тыя тэрміны, як садзяць палітзняволеных. Будзе больш лёгкае пакаранне. Думаю, што суды адбудуцца і прысуд будзе ў адзін бок – абавязкова пакаральны» – разважае спадар Карбалевіч.

Падчас дзеяння пастановы № 713 некаторыя тавары патаннелі, але агулам іх асартымент зменшыўся. На думку бізнесоўца Аляксандра Кныровіча, пастанова ў сваім першапачатковым выглядзе проста забараняе эканоміцы працаваць. Таму працэс унясення зменаў і паслабленняў працягнецца.

«Я ўпэўнены, што будзе як з дармаедамі», – кажа эксперт. «Першапачаткова вельмі жорсткая пастанова праз 2-3 месяцы за кошт падзаконных актаў будзе зведзеная да нуля. Увогуле будзем працаваць у той жа сітуацыі, у якой працавалі раней і жыць не заўважаючы гэтай жорсткай пастановы. Бо супрацьлеглы выбар – гэта спыніць эканоміку, загнаць яе ў жудасныя ўмовы дэфіцыту і вывесці людзей на вуліцы».

Пакуль жа намеснік міністра гандлю Іван Вежнавец упэўнены, што змены ў пастанову дазволяць забяспечваць рынак спажывецкай прадукцыяй.

Ян Федаровіч, «Белсат»