Афрыканка пакусала літоўскага паліцыянта


У літоўскім Мядзінінкаі непадалёк ад мяжы з Беларуссю ў Цэнтры рэгістрацыі мігрантаў 5 афрыканак зладзілі беспарадкі. Як паведамляюць літоўскія памежнікі, грамадзянкі розных афрыканскіх краінаў спачатку напалі на мігрантку з Ірану, а потым спрабавалі вырвацца за браму, а адна з іх нават пакусала паліцыянта. Літва, Латвія і Польшча з пачатку лета супрацьстаяць масавай нелегальнай міграцыі, арганізаванай пры ўдзеле беларускіх службовых асобаў.

Усё больш небяспечных здарэнняў, звязаных з нелегальнай міграцыяй праз Беларусь. У польскім мястэчку Грабовец за 35 кіламетраў ад беларускай мяжы, паліцыя спыніла мікрааўтобус, у багажы якога сядзела аж 37 мігрантаў з Іраку. Мігранты пачалі ламаць мікрааўтобус, каб уцячы. Усіх іх затрымалі разам з перавозчыкам, якому пагражае да 11 гадоў турмы.

«Беларускія сілавікі не толькі прыносяць мігрантам сродкі, каб рэзаць агароджу, і драбіны, яны падштурхоўваюць іх да штурму польскай мяжы. Нашае рашэнне мусіць быць хуткім і адэкватным, мы мусім разумець, што за нашай усходняй мяжой – нестабільны дыктатар, за якім стаіць Уладзімір Пуцін», – заклікаў сенатараў Мацей Вонсік, дзяржаўны сакратар МУС Польшчы.

Гэтак спробы штурму польскай мяжы з тэрыторыі Беларусі былі зафіксаваныя ў выходныя. Мігранты кідалі камяні ў польскіх памежнікаў.

Каб узмацніць абарону мяжы ў польскім Сенаце сёння разглядалі законапраект аб тэрміновай пабудове 200-кіламетровай агароджы на мяжы з Беларуссю – вышынёй 5,5 метраў. Апазіцыя крытыкуе гэты праект, але за вялікія выдаткі з бюджэту і сакрэтнасць параметраў сцяны.

«Тое, што мяжу трэба абараняць, для нас абсалютна ясна. Але бяспека ўсходняй мяжы Польшчы будзе гарантаваная, толькі калі Лукашэнка зразумее, што кошт дэстабілізацыі Еўразвязу, межаў з Польшчаю, Літвой і Латвіяй для яго занадта высокі», – заявіў з трыбуны Сенату Марцін Басацкі, прадстаўнік апазіцыі.

Ад пачатку кастрычніка ў Польшчу нелегальна спрабавалі трапіць 14 тысячаў асобаў. Памежнікам дапамагаюць кадравыя вайскоўцы – іх колькасць на беларускай мяжы наросцяць да 10 тысячаў – а таксама войскі тэрытарыяльнай абароны – вайсковыя фармаванні з мясцовых жыхароў. Тэрабаронцы патрулююць Буг на маторных лодках, а па лесе і балотах – на конях.

«Мы гатовыя да розных варыянтаў дзеянняў. Дзейнічаем паводле правіла: лакалізуй, ізалюй, забяспеч, перадай. Нашыя жаўнеры маюць адмысловыя медычныя заплечнікі ды навучаныя першай медычнай дапамозе», – распавёў Дам’ян Стануля, капітан 2-й Люблінскай брыгады Тэрытарыяльнай Абароны.

Першая дапамога трэба – мігранты ідуць праз багну і лес, і нярэдка пераахалоджваюцца.

«Перайсці мяжу – гэта праблема, я перайшоў яе больш за 7 разоў, але мусіў вярнуцца назад на беларускі бок», – кажа самалійскі мігрант Ібрагім.

Затрыманых непадалёк ад мяжы нелегалаў, якія не патрабуюць пільнай медычнай дапамогі, польскія памежнікі вяртаюць на беларускі бок. Крытыку такіх дзеянняў афіцыйная Варшава перанакіроўвае на арганізатара масавай нелегальнай міграцыі – рэжым Лукашэнкі.

«Мы выразна бачым эскалацыю гібрыднай вайны, у якую ўплеценае гуманітарнае пытанне. На мяжу нярэдка прывозяць людзей, ужо замерзлых, галодных. І ў гэтым віна не польскіх службаў, а цынічнага бізнесу беларускага боку», – заявіў Марэк Пэнк, віцэ-старшыня Сенату Польшчы.

Памежная служба Польшчы і так атрымае дадатковае фінансаванне на наступныя 4 гады разам з паліцыяй, ратаўнікамі і іншымі аддзеламі Міністэрства ўнутраных справаў. На мяжы з Беларуссю будзе створаная не толькі памежная агароджа, але і найсучаснейшая сістэма аховы перыметру. На другім этапе такую ж сістэму палякі паставяць на мяжы з Расеяй і Украінай.

«Гэта дэтэктары руху, камеры назірання, тэрмавізійныя камеры, падключаныя непасрэдна да пункту памежнай службы, каб у выпадку нелегальнага пераходу мяжы рэакцыя была імгненнай і эфектыўнай», – патлумачыў Мар’юш Каміньскі, міністр унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы.

А ў Літве побач з Друскінінкаем сёння паставілі першы сегмент сталай агароджы ўзамен за часовы калючы дрот. Агароджа вытворчасці Польшчы і Нідэрландаў мае вышыню ў 4 метры, зверху – таксама калючы дрот. Пабудова мусіць скончыцца да траўня.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».