Сітуацыя з мігрантамі на беларуска-польскай мяжы абвастраецца


Аляксандр Лукашэнка нарэшце заўважыў мігрантаў на межах з Еўразвязам. І нават правёў адмысловую нараду, падчас якой абвінаваціў у міграцыйным крызісе краіны, у якія спрабуюць трапіць уцекачы.

«Кіраўніцтва Польшчы. Яны ціснуць на Еўрапейскі звяз заяўляючы пра тое што мы выстройваем нейкую гібрыдную атаку супраць Еўразвязу», – казаў Лукашэнка падчас нарады.

Крызіс на мяжы працягваецца ўжо некалькі месяцаў. Спачатку найбольш цярпела Літва, пазней актывізаваўся польскі кірунак. Толькі польскія памежнікі з пачатку жніўня зафіксавалі 9400 спробаў нелегальнага перасячэння мяжы з боку Беларусі. Пра гэта падчас адмысловай прэс-канферэнцыі сілавых структураў Польшчы паведаміў кіраўнік міністэрства ўнутраных справаў Мар’юш Каміньскі. 1200 чалавек затрымалі, і паводле польскіх службаў, прынамсі кожны дзясяты з іх можа мець дачыненне да тэрарыстычных арганізацыяў.

«Мы ставім бяспеку нашай радзімы вышэй за ўсё. Мы маем гарантаваць бяспеку Польшчы і палякам, таму мы дэманструем гэтыя матэрыялы. Яны паказваюць, што тыя, хто штурмуе польскую мяжу, мелі ці маюць кантакты з тэрарыстычнымі арганізацыямі, што сярод гэтай групы ёсць злачынцы, ёсць людзі, якія ўяўляюць пагрозу для Польшчы, для палякаў і ўяўляюць пагрозу для Еўразвязу», – падкрэсліў падчас прэс-канферэнцыі міністр нацыянальнай абароны Польшчы Марʼюш Блашчак.

Паводле польскіх спецслужбаў, беларускія памежнікі пад выглядам лекаў даюць мігрантам, нават дзецям, наркатычныя сродкі. А на мяжы адбываюцца шматлікія правакацыі з беларускага боку.

«Гэты штурм польскай мяжы – і гэтаму ёсць доказы – адбываецца і арганізаваны рэжымам Лукашэнкі. Польскіх жаўнераў правакуюць – страляюць у паветра, цэляцца ў кірунку польскіх жаўнераў, кідаюць петарды, перазараджаюць зброю так, каб польскія жаўнеры гэта бачылі», – паведаміў Марʼюш Блашчак.

Беларуская ж прапаганда актыўна падае інфармацыю, нібыта ў Беларусь мігрантаў выціскаюць праз мяжу з Еўропы. Дзяржсакратар Рады бяспекі Аляксандр Вальфовіч заявіў на тэлеканале ОНТ, што Беларусь гатовая сесці за стол перамоваў аб праблеме мігрантаў, але, маўляў, гэта Захад арганізаваў праблему, таму менавіта ён і мусіць зрабіць першы крок.

«Уся стратэгія мігранцкага крызісу скіраваная на тое, каб з дапамогай шантажу прымусіць Захад пайсці на перамовы, у выніку чаго прызнаць дзейны беларускі рэжым і, па-другое, адмовіцца ад санкцыяў», – лічыць палітолаг Валер Крабалевіч.

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка, згадаўшы шэраг заяваў беларускіх функцыянераў, адзначае, што на мяжы можа рыхтавацца правакацыя.

«Усё гэта можа сведчыць пра тое, што нелегітымныя ўлады Беларусі рыхтуюць правакацыю на мяжы і ў бліжэйшы час можна чакаць прарыву з тэрыторыі Беларусі тысяч мігрантаў з выкарыстаннем стралковай зброі і правакавання ваеннага канфлікту на лініі мяжы», – падкрэсліў Павел Латушка ў відэазвароце.

Наколькі магчымы такі сцэнар?

«Такая акцыя пагражае ваенным сутыкненнем Беларусі з NATO, а ў гэтым не зацікаўленая нават не столькі Беларусь, колькі Расея, якой не патрэбная напружанасць на заходніх межах», – лічыць доктар палітычных навук Вадзім Валавы.

Усе ж спробы беларускага рэжыму перанесці віну за міграцыйны крызіс на іншыя краіны разбіваюцца аб сведчанні беларусаў – усё часцей у сацыяльных сетках з’яўляюцца фотаздымкі замежнікаў, якія набываюць спальнікі, сродкі ад інсектаў, кусачкі або тэрмаадзенне.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»