Сацыял-дэмакратычная Нямеччына. Як зменіцца стаўленне Берліна да Менску пасля выбараў у Бундэстаг?


У Нямеччыне праходзяць выбары, у якіх за апошнія гады не прымае ўдзел Ангела Мэркель. Хто ўзначаліць урад, усё яшчэ няясна, але адно можна сказаць дакладна: гэтыя выбары сталі правалам для кіроўнай партыі Нямеччыны.

Паводле папярэдніх звестак, хрысціянскія дэмакраты набралі мінімальную колькасць галасоў за ўсю сваю гісторыю – крыху больш за 24 адсоткі. Перамогу на выбарах у новы склад Бундэстагу атрымалі сацыял-дэмакраты на чале з Оляфам Шольцам. Яны набралі амаль 26 % галасоў.

«Выбарнікі выказаліся гранічна ясна. Яны вызначылі, хто павінен сфармаваць наступны ўрад і ўмацавалі тры партыі: Сацыял-дэмакратычную партыю, партыю «Зялёныя» і Свабодную дэмакратычную партыю. І такім чынам мы атрымалі бачны мандат, які сфармулявалі грамадзяне нашай краіны», – заявіў Оляф Шольц.

Нягледзячы на перамогу СДП, лідар хрысціянскіх дэмакратаў Армін Ляшэт ўсё роўна балатуецца на месца канцлера. Палітолагі лічаць, што шанцаў у яго значна менш, чым у Шольца.

«У нас яшчэ няма канчатковых вынікаў, але мы ўжо дакладна можам сказаць, што не будзем імі задаволеныя», – прызнаўся Армін Ляшэт.

Нягледзячы на тое, што ў партыі «Зялёных» у траўні быў самы высокі рэйтынг у Нямеччыне, 28 %, на выбарах яны набралі крыху менш за 15 %. Але месца ў кіроўнай кааліцыі «зялёным» практычна забяспечанае.

«Гэта свята для нашай дэмакратыі. Нават калі вы паглядзіце на ўвесь свет… Мы можам свабодна пайсці на выбары ў такі цудоўны і сонечны дзень, кожны можа вырашыць для сябе, за каго аддаць свой голас, а затым разам умацаваць нашую дэмакратыю. На гэтых выбарах улічваецца кожны голас», – лічыць Аналена Бэрбак.

Як сыход Ангелы Мэркель і перадзел нямецкага парламенту паўплываюць на далейшую палітыку Нямеччыны?

«І Армін Ляшэт, і Оляф Шольц не маюць замежнапалітычнага вопыту. І што ты будзеш рабіць як новы нямецкі лідар, калі ў цябе няма замежнапалітычнага вопыту? Ты паспрабуеш сфармаваць добрыя адносіны з сусветнымі лідарамі: такімі як Джо Байдэн і Уладзімір Пуцін. Гэта па-першае. І гэта значыць, што ўсё іншае – Украіна, Беларусь і іншыя пытанні – гэта не прыярытэт. Не цяпер» – кажа палітолаг з Нямеччыны Андрэй Гэрталь.

У сваю чаргу нямецкі гісторык Александэр Фрыдман у інтэрв’ю радыё «Свабода» адзначыў, што Нямеччына мае цесныя сувязі і супольныя эканамічныя інтарэсы з Расеяй, дый Ангела Мэркель лічыла Беларусь сфераю ўплыву Расеі. Пры новым жа ўрадзе палітыка Нямеччыны будзе менш прагматычнаю.

Міхаіл Прановіч, «Белсат»